Віншуем, Вы атрымалі стыпендыю. Выпуск трэці
- 11.12.2015
- Блог
- Здымкі аўтаркі
“Нічога сабе які будынак! Што гэта? О, амаль бясконцая вуліца крамаў, трэба не забыць! Вухты-нухты якія краявіды! А як да ўнівера дабрацца?”
Нарэшце неабходны прыпынак, і вы разам са сваімі новымі сябрамі (і з ужо звыклымі і крыху ненавіснымі валізамі) выкатваеце з трамвая ці аўтобуса. Пункт прызначэння – інтэрнат!
Хто ў церамку жыве?
Калі вам пашчасціць, то блізка ад інтэрната будзе знаходзіцца не менш значны будынак – універсітэт. Мне дык і зусім пашанцавала: побач зазываў да сябе не толькі ўнівер, але яшчэ і бібліятэка – месца спатканняў і рамантычных вечароў з Ніцшэ, Хабермасам, Эйнштэйнам… Кавалераў і дам тут на любы густ!
Але пакінем рамантыку і вернемся да будняў. З інтэрнатам за мяжой вам амаль што не патрэбна аніякіх спецыяльных ведаў. Зразумела, давядзецца вельмі часта сутыкацца з суседзямі. Навучанне за мяжой, можа, і ператвараецца калі-некалі ў пачвару, але асобныя палацы з гаворачым посудам вам за кветку не атрымаць. Таму вельмі важна добра скамунікавацца з іншымі жыхарамі гэткага “казачнага” будынку: побач з імі вы будзеце знаходзіцца яшчэ доўгі час.
Студэнты, якія збіраюцца ў Нямеччыну. Дадайце да свайго вакабуляра новае слова – WG. Здзіўлены? Нейкая акцыянерная кампанія? Магічнае спалучэнне літар? Арфаграфічная памылка ў месцы разважанняў? Адказ і некалькі добрых парад вы знойдзеце тут . А што такое WG–Party, вы ўжо і без дапаможнікаў хутка даведаецеся! І што такое Putzplan таксама.
Яшчэ адна парада: амаль заўсёды вам будзе патрэбны кабель для інтэрнэту. Вы можаце набыць яго яшчэ дома ці ўжо на месцы, у любой электратэхнічнай краме. Хутчэй гэта зробіце – хутчэй зможаце з бацькамі “я-добра-даехаў-вось-мой-пакой” гаворку правесці і даведацца пра новыя магчымасці ад Адукацыі!
!!! ВАЖНАЕ ПАВЕДАМЛЕННЕ !!!
Загадзя даведайцеся, што можна, а чаго нельга рабіць у інтэрнэце!! Напрыклад, у Нямеччыне за карыстанне торэнтам можна заплаціць штраф амаль у 2.000 еўра! Тут наогул нічога спампаваць нельга, нават малюнкі і фотаздымкі! І нават не ўзгадвайце пра бескаштоўнае чытанне кніг у глабальнай сетцы. Самы час зноў пачаць наведваць кнігарні.
Адныя паліцэйскія прапагандуюць мір на сценах Эрфурта…
… а іншыя сочаць за тым, як беларускія студэнты пампуюць з торэнтаў!
!!! КАНЕЦ ВАЖНАГА ПАВЕДАМЛЕННЯ !!!
Першы бой – ён… бюракратычны самы!
Першы тыдзень запомніцца вам не толькі здзіўленнем новаму асяроддзю і пераблытваннем транспарту, але і бясконцым зборам нейкіх дакументаў. Якія толькі ўстановы не пажадаюць асабіста павітаць вас у краіне і атрымаць ваш аўтограф на сваіх паперах! Ну хоць хтосьці дае шанец адчуць сябе зоркай. Але стан вашага далейшага знаходжання на небасхіле цалкам залежыць ад паспяховай прабежцы па гэтых установах. Вось менавіта тыя, да якіх неабходна будзе завітаць:
- Таварыства па падтрымцы студэнтаў (Studentenwerk). Пераклад гучыць нешта занадта філамацка-філарэцкім, але гэта ўсяго толькі ўстанова, якая займаецца размеркаваннем месцаў у інтэрнаце. Аддзел гэтай установы вы знойдзеце ва ўніверсітэце. Там вы павінны будзеце развітацца са сваімі грошыкамі і заключыць дамову.
- Цэнтр працы з насельніцтвам (Bürgeramt). Тут вас зарэгіструюць як жыхара краіны знаходжання. Прыходзьце разам з дамовай на інтэрнат!
Недзе праз тыдзень вы атрымаеце па пошце ліст, які радасна паведаміць, што вы зараз з’яўляецеся шчаслівым уладальнікам падатковага нумару. Не хвалюйцеся, грошы застануцца з вамі! Проста ігнаруйце гэтае пісьмо… і шмат іншых, якія будуць “прасіць” вас заплаціць падаткі за неіснуючае ў інтэрнаце радыё і гэтак далей. Так робяць усе студэнты. І не толькі замежнікі.
- Разам са сваёй рэгістрацыяй накіроўвайцеся ў банк. Там вы зможаце адкрыць рахунак, які вам спатрэбіцца для пералічэння грошай за інтэрнат, страхоўку, атрымання стыпендыі і гэтак далей. Захапіце з сабой пасведчанне аб залічэнні ва ўніверсітэт, з ім вы зможаце паўдзельнічаць ў розных добрых акцыях.
- Страхоўка. Калі вы збіраецеся вучыцца ў краіне Еўрапейскага Звязу, вам спатрэбіцца страхоўка ад AOK. Беларускія не падыходзяць.
- Ведамства па міжнародных справах (Ausländerbehördeamt). Тут вам трэба будзе падоўжыць тэрмін візы. Зрабіце гэта ЗАГАДЗЯ, бо працэс зойме прыблізна 1 месяц.
Вух, здаецца горад бюракратычны скончыўся! Наперадзе – горад гістарычны, захапляльны і… смачны!
А я тым часам не буду адставаць ад амерыканскіх серыялаў і цукерачных фабрык. Наступны выпуск – special Christmas edition! Нельга ж пакінуць без увагі нямецкія калядныя кірмашы!
Да наступнай пятніцы на эрфуртскім Weihnachtsmarkt!
Ваша маленькая падарожная Наста