Вітанкі з Салерна: універсітэт, у якім хочацца жыць
- 03.12.2015
- Блог
Усім прывіт!
Ужо трэці месяц я знаходжуся на ўзбярэжжы мора, у цудоўным горадзе Салерна (Італія). Трапіла туды па праграме Erasmus Mundus Hermes. Здаецца, час распавесці, як можа быць крута, калі не баяцца дзейнічаць і шукаць.
Падаючыся на гадавую праграму абмену ад БДУ па спецыяльнасці “Сусветная эканоміка”, я і не меркавала, што атрымаецца выйграць ажно два гранты. Паўстаў выбар паміж гарадамі Віцерба (100 км ад Рыма) і Салерна. Спакусіўшыся на мора і яго хвалюючую прыгажосць, наўгад паехала ў Салерна. І ніводнага разу не пашкадавала пра свой выбар!
Некамерцыйная арганізацыя пры ўніверсітэце дапамагла мне знайсці кватэру, у якой я жыву з дружалюбнымі гішпанкамі. Склад студэнтаў вельмі шматнацыянальны, хаця сёлета пераважаюць гішпанцы. З краін-суседак да поўдню Італіі даехалі толькі адна ўкраінка і латышка.
Наконт заняткаў
Прыехала ва ўніверсітэт і нечакана зразумела, што магу выбіраць абсалютна любы прадмет на любым факультэце ўніверсітэта. Гэта не магло не цешыць, бо было з чаго выбіраць. У першым семестры я спынілася на італьянскай і французскай мовах, міжнародным праве і маркетынгу рознічнага гандлю. Вельмі імпануе, што студэнт можа сам выбіраць прадметы для вывучэння, хаця, безумоўна, ёсць і абавязковыя дысцыпліны. Чаму ў Беларусі такога не бывае?..
Заняткі доўжацца амаль дзве гадзіны. Спачатку здзівілася, што так мала студэнтаў ходзіць на лекцыі. Пасля мне распавялі, што наведванне лекцый для бакалаўраў неабавязковае, а семінараў у іх няма, таму італьянцы аддаюць перавагу сняданку на сонечнай паляне, а не пары па міжнародным праве а восьмай раніцы.
Навучанне праходзіць на дзвюх мовах, ангельскай і італьянскай.
Хацелася б адзначыць узровень таго, як італьянцы валодаюць замежнымі мовамі. Вельмі няшмат студэнтаў могуць выказаць свае думкі па-ангельску, яшчэ менш па-французску ці нямецку. Калі я ехала ў Італію, рукі натуральна дрыжалі, калі думала пра тэст на веданне мовы, які мяне чакаў у гэтай сонечнай краіне. Але апынулася, што 80 адсоткаў Erasmus-студэнтаў не ведаюць ні слова на італьянскай.
Жыццё ў Салерна
Ва ўніверсітэце працуюць валанцёры двух некамерцыйных арганізацый, якія рыхтуюць розныя імпрэзы практычна кожны дзень. Дзякуй, што стыпендыя дазваляе хадзіць у тэатры, галерэі і наведваць майстар-класы.
Наконт цяжкасцей, з якімі сутыкнулася. Найперш гэта транспарт. Некалькі гадоў таму абанкроцілася аўтобусная кампанія, таму аўтобуса можна чакаць гадзіну-паўтары. Мой кампус знаходзіцца за 7 кіламетраў ад Салерна, у гарах. Фішано (галоўны копус універа) месціцца ў жывапіснай даліне Імо, мае цудоўную інфраструктуру. Бібліятэкі, моўны цэнтр, музей, лабараторыі, рэстарацыі, кавярні, спартыўныя комплексы, дасягальныя для студэнтаў і выкладчыкаў, робяць яго яшчэ больш прывабным. Здаецца, тут бы і жыў, не вяртаючыся ў горад.
Італьянцы
Захапляюся тым, як шчыра італьянцы любяць і шануюць сваю гісторыю і культуру.
Вядома, нельга забываць пра каласальную розніцу поўначы і поўдню Італіі. Гістарычна склалася так, што адзін народ думае і жыве па-рознаму. Ураджэнец Поўдня лічыць сябе італьянцам у большай ступені. Пра іх ходзяць розныя стэрэатрыпныя меркаванні, кшталту “няпаспешлівы, лянотны, праставаты, размаўляе гучна”. “Паўночнік”, наадварот, пад уплывам суседзей больш стрыманы, арыстакратычны, звыклы да правілаў. Лічыцца, што ён корміць паўднёвых суайчыннікаў. І, вядома, практычна кожны паўднёвік недалюблівае паўночніка, і наадварот.
Аднак беларускаму студэнту ніякія цяжкасці і міжусобіцы не страшныя, таму я ўсім-усім раіла б паехаць у казачны горад Салерна і пражыць адзін з лепшых гадоў у вашым жыцці.