“Вочы загараліся, калі чула спалучэнне “каледж аб’яднанага свету”


Даша Давідоўская, якая вучыцца ў каледжы UWC у Маастрыхце (Нідэрланды), дзеліцца сваімі першымі яскравымі ўражаннямі.

– З дзяцінства я была вельмі актыўнай у сацыяльным плане. Шмат у чым гэта заслуга мамы. Раней яна часта працавала псіхолагам у аздараўленчых лагерах. Я таксама ездзіла з ёй, гадоў з сямі, пэўна. Казалі, што я была досыць паспяховым капітанам атрадаў, але ўзгадаць гэтага не магу. Адным з самых важных этапаў ў маім жыцці я лічу навучанне ў гімназіі 19 у Мінску. Думаю, там з мяне і “зляпілі” Дашу Давідоўскую. Гімназія незвычайная – экалагічная. Там я была ўцягнутая ў разнастайныя праекты, акцыі, ініцыятывы. Многія з якіх перарасталі ў міжнародныя праграмы, семінары і канферэнцыі. Напрыклад, Дзіцячая міжнародная экалагічная канферэнцыя па кіраванні адходамі ў Баку.

Можна сказаць, што ўжо ў школе я вучылася не толькі ў акадэмічных межах. Дарэчы, ніколі не была выдатніцай, але трымалася ў залатой сярэдзіне. Калі вы папросіце назваць буйныя праграмы, якія паўплывалі на светапогляд, змянілі мяне, то гэта Ewoca 3. Валанцёрскі летнік, у якім заўсёды бяруць удзел дзеці з трох краін, кожнае лета сустракаюцца ў пэўнай краіне. Рэалізоўваючы маленькі праект, яны паказваюць, што можна спачатку змяніць сябе, а потым ужо можна брацца за свет. Таксама ўдзельнічала ў YLP. Гэта праграма моладзёвага лідарства для беларускіх старшакласнікаў. Таксама была сувядучай шоў “Дзецям пра дарослых” на радыёканале “Культура”, з’яўлялася актыўным сябрам Грамадскага аб’яднання ўстойлівага развіцця “Наш след”.

Даша, якую спецыяльнасць ты атрымліваеш у каледжы?

У мяне няма канкрэтнай спецыяльнасці. Я вывучаю абраныя прадметы з прадстаўленых секцый (першая мова, другая мова, навукі, матэматыка, мастацтва і гуманітарныя прадметы). Выхадцам з нашай сістэмы адукацыі складана зразумець такі падыход. Але, як правіла, ва ўстановах адукацыі ў Еўропе ты вучышся не на канкрэтнай спецыяльнасці (слесара, педагога або лекара), а вывучаеш кірунак ці выбраныя табой дысцыпліны.

Як ты рыхтавалася да паступлення? Шмат часу надавала ангельскай мове?

Узровень ангельскай мовы, па сутнасці, не важны. У каледж могуць прыехаць студэнты з даволі слабым узроўнем мовы, але яны з часам падцягваюцца. Бо і асяроддзе, і акадэмічная праграма ангельскамоўныя. Я, як і многія беларускія школьнікі, вывучала ангельскую мову з першага класа. Ці рыхтавалася я да паступлення? Хутчэй марыла пра тое, як я буду вучыцца ў адным з UWC каледжаў. Перагледзела ўсе відэаролікі пра гэты адукацыйны рух, чытала вельмі шмат матэрыялаў аб праграме i камунікавала са многімі студэнтамі. Вось, у цэлым, уся падрыхтоўка.

Як ты лічыш, што дапамагло табе, што абралі менавіта цябе? Лідарскія якасці? Добрая паспяховасць?

Паспяховасць? Вось ужо не! Не ўпэўнена, ці зможа вам хоць адзін UWC-студэнт адказаць на гэтае пытанне. Магу толькі пералічыць, на што я пры адборы рабіла стаўку. У мяне быў досыць багаты досвед у мультыкультурным асяроддзі дзякуючы шматлікім праграмам міжнароднага абмену. Гэта значыць, камісія магла быць упэўненая, што я не ўцяку праз месяц жыцця ў інтэрнацыянальным атачэнні. У мяне вочы гарэлі, калі я чула спалучэнне “каледж аб’яднанага свету”. Магчыма, конкурсную камісію падкупіў мой запал. Ды я і не выключаю чалавечы фактар.

Якая там сістэма ацэньвання?

Максімальная адзнака – 7 балаў. Існуюць досыць строгія IB крытэрыі, па якіх цябе ацэньвае выкладчык. У выніку адзнака сумуецца па выніках шматлікіх прац. Напрыклад, экзамен, навуковая работа, тэсты, праца на занятках, вусныя практыкі і г.д. Тата нядаўна пытаўся ў мяне, ці мае выкладчык магчымасць дапамагчы на экзамене, калі я яму спадабаюся. Не! Усе напісаныя экзамены адпраўляюць у цэнтр IB і там жа ацэньваюць.

Ці ёсць нейкія дадатковыя заняткі для тых, хто адстае?

У нас ёсць падтрымліваючыя заняткі для ўсіх ахвотных. Іх праводзяць самі студэнты, якія ўпэўнена адчуваюць сябе па дадзеным прадмеце. Напрыклад, хлопцы з Усходняй Еўропы часта дапамагаюць ўсяму каледжу разбірацца з матэматыкай. Ці студэнты з ЗША і Вялікабрытаніі не супраць праверыць твае працы на наяўнасць якіх-небудзь памылак.

Не было страшна? Не было праблем ў зносінах? Цяжкасцей з мовай?

Перамены заўсёды палохаюць, ці не так? Але ж трэба кідаць сабе выклік, як кажуць у нас у UWC. Не думаю, што ў мяне былі праблемы ў зносінах, паколькі і я адкрытая, і UWC – таварыства, якое прымае і не асуджае індывідуальнасць. Не знайсці сяброў магчымасці няма. Вядома, першы час былі цяжкасці з мовай. Было складана вучыцца па кнігах, прыходзілася шмат часу перакладаць асобныя старонкі і заданні. Улоўліваць розныя акцэнты і асаблівасці вымаўлення – таксама задача не з лёгкіх. Але я ўжо адчуваю прыкметныя паляпшэнні ў ангельскай.

Якія эмоцыі адчувала, калі даведалася, што паступіла?

Паніка. Я даведалася пра тое, што мне прапануюць месца ў Маастрыхце ў канцы чэрвеня. Да таго моманту я ўжо здала ўсе ЦТ і спакойна падавала дакументы ў Інстытут журналістыкі БДУ.

Якія планы пасля таго, як скончыш? Можа ёсць на прыкмеце ВНУ, у якой пасля хацелася б вучыцца?        

Калі казаць толькі пра перспектывы ў плане адукацыі, то UWC – гэта стартавая пляцоўка. Калі яе паспяхова скончыць, можна прэтэндаваць на месцы ў топавых ВНУ ўсяго свету. Існуюць таксама асобныя фонды, якія спансуюць далейшае атрыманне вышэйшай адукацыі выпускніка UWC.

Ці плануеш ты вяртацца ў Беларусь?

Так! Я хачу і планую. Лічу, што можна і трэба вяртацца з канкрэтным досведам. Каб не толькі самастойна расці, але і дапамагаць развівацца краіне, дзяліцца сваім вопытам.