Воля Бурак: “Праз UGRAD знайшла сваю прафесію”

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

Воля Бурак пасля чацвертага курса БДЭУ паехала вучыцца па праграме студэнцкага абмену UGRAD. Вывучала ў Луізіане American Studies (амерыканістыку). Скончыла БДЭУ па спецыяльнасці “Знешнеэканамічная дзейнасць,” працуе ў IT.

“На чацвертым курсе мяне адолеў сумнёў: ці хачу я займацца знешнеэканамічнай дзейнасцю? Стала нецікава, таму вырашыла падаць заяўку на нешта зусім адрознае ад таго, што вы вучала раней, – амерыканістыку.”

Як праходзіць адбор?

Усё пачынаецца яшчэ ўвосень. Спачатку падаеш заяўку з матывацыяй і рэкамендацыямі ад дзвюх асоб, у наступным туры (узімку, калі пройдзеш) здавалі TOEFL і праходзілі сумоўе.

Увогуле, у Амерыку я збіралася не ўпершыню. Да гэтага часу два разы была там па праграме Work and Travel (першы раз гандлявала гароднінай на вуліцы ў латку ў прыгарадзе Балтымора, а другі раз мне пашчасціла пабыць у Ocean City – мары ўсіх студэнтаў на Атлантчыным акіяне). Таму ў матывацыі я напісала пра тое, як была ўражаная, толькі два дні пабыўшы ў Нью-Ёрку, пабачыць прадстаўнікоў столькіх шматлікіх нацыянальнасцяў і культур. І што ў нас з гэтым складаней. Відаць, я іх запэўніла, таму мяне і ўзялі 🙂

Рэкамендацыю мне напісаў вельмі прагрэсіўны выкладчык з БДЭУ Віктар Самойлавіч, які заўжды падтрымліваў і заахвочваў нас да розных ініцыятыў, міжнародных абменаў і праектаў.

TOEFL насамрэч не адыгрывае галоўную ролю, самая важная частка – гэта сумоўе. Размаўляць з вамі будуць сапраўдныя прафесіяналы, якія маюць досвед працы са студэнтамі і да таго ж – выдатныя псіхолагі. Так што асноўная парада – будзьце ўпэўненымі ў сабе, нічога не бойцеся і нават не думайце нешта прыдумляць ці завучваць адказы на памяць.

Як адпусцілі з універа?

З універам было цяжка. Мне не давалі акадэмічны адпачынак, таму давялося адлічыцца і па вяртанні залічыцца на пяты курс платнага, пасля якога адпрацаваць за папярэднія чатыры гады бюджэту. Некаторыя падумалі, што я гэта раблю, каб адкасіць ад размеркавання. Праз гэта было цяжка і бацькам. Расповеды пра тое, што “гэта для мяне карысна, досвед міжнародных камунікацыі і развіццё” іх не запэўнілі. Тады ў ход пайшлі тлумачэнні пра тое, што няшмат беларускіх бацькоў могуць дазволіць свайму дзіцяці год жыцця і навучання ў ЗША, з усімі бонусамі ўніверсітэту і магчымасцямі падарожжаў (узімку ў нас былі вялікія канікулы амаль на два месяцы). Урэшце, і бацькі пераканаліся, што такую магчымасць нельга прапускаць і вельмі мяне падтрымлівалі на працягу ўсяго тэрміну праграмы, а таксама ганарыліся усімі маімі поспехамі за акіянам.

Чым адрозніваецца студэнцтва?

У Луізіяне (ULM – University of Louisiana at Monroe) не было спецыяльнасці “Амерыканістыка”, але мяне залічылі на “Палітычныя навукі” і параілі выбраць прадметы, якія тычыліся амерыканістыкі: гісторыю, культуралогію, стыль менеджменту. Дадаткова можна было кожны семестр выбіраць любы іншы прадмет. Я, да прыкладу, выбрала звязаныя з маёй беларускай адукацыяй эканамічныя прадметы, каб не забыцца і паглядзець, як выкладаюць эканоміку там. І не прагадала, бо вельмі ўпадабала іх манеру навучання: інтэрактыўна, цікава, практычна і выкладачыкі заўжды гатовыя да дыялогу на любую тэму.

Таксама ў амерыканскім універы адчуваецца ўсеагульная культура прадпрыймальніцтва. Выкладчыкі заахвочваюць студэнтаў прыдумляць пра свае ідэі, ствараць бізнэс-планы і спрабаць зрабіць нешта самім, не абмяжоўваючы сябе ні ў чым. Я, напрыклад, атрымала 100 балаў за свой бізнэс-план, у якім збіралася адчыніць арганіка-вегетарыянскае кафэ ў Беларусі, са сваім дызайнам і арт-праграмай. І хаця пакуль што гэты план дарагаваты, я не перастаю думаць пра гэтую ідэю, і напрыклад, планую стварыць цікавае прыкладанне для Андроід, звязанае з ёю.

Яшчэ я абрала харавыя заняткі, што таксама мажліва і вельмі незвычайна. Да таго ж у амерыканскіх універах у першым семестры студэнт павінен адпрацаваць па 40 валантэрскіх гадзін. Мы, да прыкладу, ездзілі чысціць ад смецця мясцовую багну, адважна ігнаруючы алігатараў і іншых рэптылій, якімі нас пужалі мясцовыя.

На другім семестры трэба знайсці практыку. Я, напрыклад, праходзіла практыку у студэнцкай газеце ULM Hawkeye, займалася рэкламай.

Яшчэ мне здаецца, што кампусная сістэма – найлепшая для студэнтаў. Вельмі зручна, калі інтэрнаты, карпусы, басейн і нават медабслугоўванне знаходзяцца разам. Да таго ж гэта экалагічна, бо студэнты могуць перасоўвацца па тэрыторыі кампусу на ровары.

Як мясцовыя?

Па ідэі, ты павінна жыць з амерыканцамі, каб хутчэй адаптавацца. Я паўгады жыла адна, а з новай суседкай не вельмі зышлася. Але гэта нармальна, я сябравала з рознымі людзьмі, і з мясцовымі, і з іншымі замежнікамі.

У паўдневых штатах, дзе жыла я, людзі мелі акцэнт і ўвогуле марудней казалі. Яшчэ здзіўляла іх неймаверная дабразычлівасць і ветлівасць. Часам казалася, што гэта перабор. Ніколі не ведаеш, ці праўда гэта. Як толькі прыязджаеш у горад, усе цябе аўтаматычна любяць. Але за год і я прызвычаілася да ветлівасці і шчыра ўсміхалася амаль незнаёмым людзям.

Ці магла б і ці хацела б застацца ў ЗША?

Жыць там змагла б дакладна: калі вучылася, даведалася пра дэталі легалізацыі ў офісе для міжнародных студэнтаў. Але, калі шчыра, не цягне туды. Аднак час ад часу сумую па людзях, якія там засталіся, па іх пазітыўных ставінах да мяне і да жыцця.

Што пасля?

Па вяртанні я вельмі хутка знайшла працу ў Менску і без праблем скончыла 5 курс БДЭУ, бо мы звычайна вучымся апошні год толькі адзін семестр, у другім пішам дыпломную, ды й заняткі праходзяць у трэцюю змену, зручна для тых, хто працуе. Цяпер мая праца часткова звязаная з тым, што вывучала ў ЗША. Я працую ў IT, пастаянна размаўляю з амерыканскімі кліентамі, быццам і не з’язджала. Сама мая адукацыйная вандроўка, відаць, паўплывала на мой выбар, мне стала цікава сфера IT. У ёй свая атмасфера і культура працы, якая нагадвае мне дзіцячы садок: што яшчэ зрабіць, каб ты ў нас сядзеў, не сумаваў па маме і працаваў? 🙂 Да таго ж прыклад найвялікшых амерыканскіх IT праектаў кшталту Facebook i Google, якія нарадзіліся ў галаве іх стваральнікаў яшчэ ў іх студэнцкія гады, мяне вельмі натхняў у Луізіане.

Каму параіш?

Усім, хто адкрыты для новых ведаў і поглядаў на жыццё. Тым, хто любіць творчы нефармальны хаос на занятках і хоча пастаянна развівацца