Вучыць іншых = дэградаваць самому?
- 19.03.2016
- Блог
Сённяшняя раніца пачалася з мудрасці, якую хочацца аспрэчыць: “Калі чалавек пачынае вучыць іншых, ён дэградуе”. Адразу прымерыла яе да сябе і зразумела: мабыць, праўда. Але на шчасце, ёсць класная ўмова “але”.
Вы можаце ўспомніць, кім працавалі вашы выкладчыкі? “Дурное пытанне, яны ж выкладаюць ва ўніверы!” – слушна было б пачуць у адказ. Аднак ці можа дацэнт альбо прафесар хавацца толькі за сценамі ўніверсітэта і дзяліцца ведамі, якія сам засвоіў шмат гадоў таму? Існаваць па-за межамі рэальнага працоўнага жыцця і трансляваць свае ўяўленні пра тое, што зараз патрэбна працадаўцам? Не буду абагульваць: на хімічным альбо механіка-матэматычным факультэце рашэнне ўраўненняў, пэўна, застанецца такім самым, як і 30 гадоў таму. Але што рабіць, да прыкладу, адукацыі ў галіне журналістыкі, дзе веда абнаўляецца хутчэй, чым паспявае надрукавацца кніга пра яе?
Распавяду пра свой досвед. Большасць выкладчыкаў майго факультэта – гэта людзі, якія маюць ускосныя адносіны да журналістыкі. Сярод іх ёсць прафесіяналы, якія валодаюць сваёй “дзялянкай” у абсалютнай ступені дасканала. На іх пары можна хадзіць бясконца. Ёсць выкладчыкі, пад якіх, здаецца, адмыслова прыдумалі дысцыпліну, абы яны не засталіся без заслужаных гадзін. І меншасць – людзі, што маюць дачыненні з практычнай журналістыкай (гучыць як масла маслянае). Аднак гэта не рэдактары ці журналісты вядомых-паспяховых СМІ Беларусі, а людзі, якія вырашылі падсілкаваць свой бюджэт.
Дарэчы, пра бюджэты. Праца маладога выкладчыка на чвэрць стаўкі каштуе 596 тысяч рублёў. Навошта я ўжо другі семестр працую за гэтыя грошы? Пэўна, таму, каб пачаць перамены з сябе. За гады сваіх адукацыйных спроб-вучоб у мяне сфармаваліся ўяўленні пра выкладчыка, якога я змагла б назваць Настаўнікам і Прафесіяналам. Такім ідэалам-прывідам я станавіцца не збіраюся, канешне. Проста хацелася пакаштаваць на смак адно са сваіх уяўленняў, у якім выкладчык мае шчыльныя сувязі з рэальнай прафесіяй і можа падзяліцца рэальнымі ведамі. Каб пасля ты не прыходзіў у рэдакцыю і не лунаў у фальшывым свеце навязаных аксіём, што са мной і здарылася на другім курсе, калі я пачала працаваць са “Звяздой”. Хаця гэта была вельмі лайтовая версія. Вось калі стала пісаць для Onliner.by, там рассмакавала горыч журфакаўскай адукацыі напоўніцу. (Хаця не прыпыню паўтараць: людзі на журфаку – самае каштоўнае і невымерна класнае!)
Я праўда не разумею, навошта студэнтам журфака дысцыпліна “Тэорыя журналістыкі”, дзе прымушаюць рыхтаваць рэфераты і чытаць пасівелыя кнігі а-ля Карканосенка-1970? Каб пасля цытаваць яскравыя выслоўі Леніна? Аж самой млосна ад таго, што пішу. Затое студэнты трэцяга курсу не ведаюць такіх элементарных рэчаў, што калі просішся на практыку ў рэдакцыю, то электронныя адрасы трэба як мінімум ставіць у прыхаваную копію. Асабліва калі сярод іх ёсць канкурэнты. Сорам. Трэці курс! Прапаную ўвесці адмысловы спецкурс для такіх фішак. Бо яны праўда істотныя.
Дык прычым тут ранішняя мудрасць? У мяне ёсць 4-гадовы досвед, які я збірала падчас вучобы і працягваю збіраць у штодзённай журналісцкай працы. Таму вельмі хочацца ім падзяліцца, каб мае студэнты прыходзілі на сваё першае інтэрв’ю і не задавалі тупых пытанняў. Каб яны ведалі, дзе шукаць інфармацыю, як сябе паводзіць, як і што дакладна не варта пісаць і г.д.
Апытанка студэнтаў, якую я зладзіла напрыканцы нашых заняткаў, паказала, што ўсё было не дарма. Гэта, здаецца, і ёсць шчасце – рабіць сваю працу, калі ведаеш, што яна патрэбна.
З любоўю і лёгкім сумам,
Любоў