Вучыцца ў рытме вальса


Калі вы любіце падарожнічаць, знаёміцца з людзьмі з іншых краінаў, вучыцца ў тэмпе вальса, то гэтая магістэрская праграма створаная для вас!

У межах Праграмы можна выбраць дзве розныя сцежкі навучання: англамоўную і трохмоўную (ангельскую, французскую і нямецкую). Я падала дакументы на першую, таму што не валодала французскай мовай. Як пазней даведалася — англамоўныя праграма заўсёды значна лепшая, чым трохмоўныя. Можа таму, што першы трыместр англамоўнай групы адбываецца ў Стамбуле — горадзе з неверагоднай культурнай спадчынай!.

Трошкі гісторыі

Еўрапейскі Інстытут быў заснаваны Еўрапейская Супольнасцю ў 1954 годзе. На сённяшні дзень, Дырэктарам праграмы з’яўляецца Жан-Поль Юнкер, прэм’ер-міністр Люксембурга. З-за яго высокай пасады ён не займаецца бягучымі справамі Інстытута, а толькі рэпрэзентуе праграму на вышэйшых галінах.

Калі я прачытала абвестку пра набор на праграму, яна падалася мне нерэальнай: навучанне падчас падарожжа па найлепшых месцах Еўропы і цэлы шэраг сустрэч з людзьмі, якія займаюць вельмі важныя пасады – суддзямі Еўрапейскага Суду па Правах Чалавека, Суду Справядлівасці, паслоў у Чылі, Босніі і іншых краінах. Я падала заяўку на праграму і зусім пра яе забылася. У жніўні да мяне прыйшоў ліст з прапановай, ад якой я не змагла адмовіцца. Мяне прынялі! Я сабрала неабходныя дакументы, зрабіла візы і паехала…

Усё пачынаецца ў другой палове кастрычніка. За свае грошы ляціш у Стамбул і здымаеш жытло, якое трэба знайсці самому, але Інстытут заўжды нешта параіць. Я жыла ў вельмі прывабным раёне – Cihangir – недалёка Galata Tower, плошчы Таксім і вуліцы Істыкляль, дзе ў дзень праходзіць каля мільёна людзей (гэта ж Стамбул!). Плаціла 250 эўра ў месяц, гэта хіба была самая танная да якасці прапанова, якую можна знайсці.

6

Стамбул

У Стамбуле навучаешся ў адным з найлепшых і, хіба, найбольш пафасных універсітэтаў Турцыі — Istanbul Bilgi University. Мясцовыя студэнты плацяць па 10 тысяч еўра за год навучання. Акрамя асноўных настаўнікаў з Інстытуту, да нас прыходзілі і гасцявыя прафесары, а таксама выкладчыкі з Bilgi. Мне вельмі там спадабалася. Гэта такі цудоўны досвед паглядзець на ўсходні свет вачыма еўрапейкі.

Я закахалася ў Стамбул і нават вывучыла штосьці з турэцкай мовы. Усё ў гэтым горадзе заслугоўвае найлепшай адзнакі – ежа, музеі, базары, цэрквы і мячэты. Кожны атрымлівае турэцкі студэнцкі білет, таму, напрыклад, музейная карта для візітаў у Айя Сафія, царкву Хора, архіялагічны музей, музей мазаікі і палац Тапкапы (плаціць за гарэм асобна) каштуе каля 7 эўра (такі ж самы білет для турыста каштуе каля 35 эўра). Стамбул неверагодна зручны ў плане ежы: варта харчавацца ў кавярнях з самаабслугай, тыпу балканская кухні. У меню ёсць розныя варыянты прыгатаванай гародніны, супоў-пюрэ, кюфтэ, куранят-грыль, фаршырованых перцаў-баклажанаў, і, вядома, гырасу, айран (такі салёны кефір), салодкае. Таксама трэбы карыстаць з часу ў Турцыі і піць-піць-піць свежавыцісканые сокі на вуліцы! Выціскаюць адразу на вашых вачах. Танна, а для здароў’я як добра! Для гурманаў міжземнаморскіх страваў Стамбул бузде мейсцам, дзе трэба быць!

Мульці-кульці

Ах, зусім забыла распавесці пра маю групу! За паўгады 30 чалавек з розных краінаў сталі маёй сям’ёй. Сям’ёй з усімі яе турботамі, сваркамі і цудоўнымі момантамі. Людзі з дваццаці розных культураў увайшлі ў маё асяроддзе: немцы, французы, іспанцы, партугальцы, туркі, інданезійцы, сербы, баснійцы, македонцы, кіпрыёты, італьянцы, палякі, бангладэшцы, тунісцы, галандцы, румыны, азербайджанцы, армяне, узбекі, філіпінцы. Культурная і моўная палітра настолькі разнастайная, што гэта дае магчымасць значна пашырыць мой далягляд! Маю на ўвазе таксама і вывучэнне моў. Напрыклад, я паляпшаю сваю грэцкую мову, размаўляючы з дзяўчынай з Кіпра. Таксама, можна даведацца з першых рук пра тое, што мяне заўсёды цікавіла, напрыклад, пра краіны Магрыбу ці вайну ў Босніі.

5

Французскі водар Правансу

У студзені нашая праграма перамяшчаецца ў Ніццу. Білеты аплачваюць арганізатары, а таксама яны ж прадастаўляюць бясплатнае жытло. Жытло – нармальны французскі інтэрнат каля мора. Сустракаемся з трохмоўнай групай (яны першы трыместр вучацца ў Ніццы, дзе знаходзіцца “база” інстытута) і ўдзельнічаем у сымулятыўнай гульні – саміце Рады Еўропы. Пасля тая група ляцяць у Берлін, а мы застаемся і наведваем Лазурны Бераг. Прырода тут – дух захоплівае! Усе маленькія і больш вялікія мястэчкі маюць у сабе прыгожы французскі водар. А мора… Гэта зусім іншая гісторыя, і мне спатрэбіцца хіба тры дадатковых аркушы каб усё апісаць.

Берлін, Берлін, мы едзем у Берлін!..

Трэцяя частка праграмы адбываецца ў Берліне. Яшчэ раз падкрэслю, што ў Ніццы і Берліне ўсе жывуць і вучацца разам. Гэта трохі цяжка з псіхалагічнага пункту гледжання (столькі часу праводзіць са сваёй групай), але добрая з таго боку, што ты ўвесь час вучышся жыць з людзьмі, якія так розняцца сваёй культурай і традыцыямі. І гэта, хіба, самыя важныя заняткі ў нашым жыцці.

Адукацыя – плюсы і мінусы

Асноўныя прадметы (модулі) – гэта міжнародныя адносіны, федэралізм і кіраванне, эканоміка і глабалізацыя, а таксама – еўрапейская інтэграцыя. Сярод выкладчыкаў, ёсць асноўныя і гасцявыя выкладчыкі. Прафесары-госці бываюць файныя і ня вельмі, але часам праязджаюць насамрэч важныя людзі. Што праграма вам дасць у плане вучобы? Багата чаго. Нават той факт, што я ўжо атрымала магістэрскі дыплом у галіне міжнародных адносінаў не пазбавіў мяне прыемнасці даведацца аб чымсьці новым у гэтым абшары. Неверагодны настаўнік Тобіас Бутаў з’яўляецца вельмі дасведчаным чалавекам і аддае 150% яго ведаў падчас заняткаў. Усе тэмы жывыя і цікавыя – напрыклад, міжнародныя канфлікты, якія захапляюць і паглынаюць, і ня пакідаюць вас абыякавымі. Дырэктар англамоўнай групы, Матыяс Вехцер, увогуле, рэдкая асоба – вельмі лаяльны і адкрыты на кожную прапанову. Атмасфера інстытуту вельмі прыемная, сяброўская. Да настаўніках звяртаешся на «ты». Усе паважаюць твой пункт гледжання, усміхаюцца і вырашаюць праблемы (калі такія з’явіліся) на тваю карысць.

Для мяне мінусам з’яўляецца трохі слабы ўзровень эканомікі. Праблема гэтага прадмета ў тым, что настаўнік не мае дастатковай снароўкі перадавання сваёй веды вучням. Заняткі па эканоміцы – самыя нудныя з-за іх манатоннасці. Але нават у такой сітуацыі, маё разуменне макраэканомікі значна вырасла, асабліва дзякуючы тэкстам Кругмана.

Каб атрымаць дыплом, трэба напісаць магістэрскую дысертацыю. Тэму выбіраеш сам, а табе прапануюць адпаведнага настаўніка, спецыяліста ў дадзенай галіне. Дыплом акрэдытаваны французкім міністэрствам адукацыі. Каб было яшчэ цікавей, дыплом надае табе акрамя магістэрскага тытула, тытул працаўніка структураў ЕС сёмага ўзроўня. А гэта ў пэўных колах вельмі крута:).

Стыпендыя

Увесь кошт праграмы – 8 тысяч еўра, але ёсць магчымасць атрымаць стыпендыю. Для гэтага трэба сабраць патрэбныя дакументы пра фінансаваную сітуацыю сям’і. Я павінна была заплаціць 3 тысячы еўра з 8 тысячаў. Плюс да гэтага мне далі 200 еўра стыпендыі ў месяц (плоцяць 9 месяцаў). Ёсць мажлівасць аплочваць кошт праграмы ў частках і з атрыманнай стыпендыі. Стыпендыя выдаёцца ў троў вырлатах: у кастрычніку, студзені і красавіку. Максімальнае зніжэнне коштаў праграмы – да 2 500 эўра. Максімальная стыпендыя 300 эўра (так было ў нас).

Гэтыя 8 тысяч еўра гэта толькі 10% усяго кошту праграмы. 90% пакрывае Еўрапейскі Саюз. Праграма пакрывае жытло ў Ніццы і Берліне, пералёты са Стамбула ў Ніццу і Берлін, матэрыялы – тэксты да чытання, сканаванне і друк, гарадскі праезд у Ніццы і Берліне, бібліятэкі (у Берліне гэта бібліятэка Гумбальта, Нацыянальная бібліятэка).

Па Еўропе ў рытме вальса

Каб вандроўкі ў межах праграмы былі яшчэ больш інтэнсіўнымі, у сярэдзіне красавіка адбываецца навучальны візіт у штаб-кватэры розных еўрапейскіх інстытуцыяў. Першае месца – Брусэль, сталіца і галоўны бюракратычны цэнтр Еўрапейскага Саюза. Другое – Страсбург, сядзіба інстытутаў па абароне правоў чалавека. Трэцяе – Жэнева, вельмі прыгожы горад, дзе знаходзяцца шматлікія сядзібы міжнародных арганізацыяў. Падчас гэтага выезду, будзе шмат сустрэч і навучання. Дарэчы трохмоўная група, падчас іх навучальнага візіту ў Брусэль два тыдні таму, выпадкова сустрэла на вуліцы старшыню ЕС – Хермана ван Рампёя, і зрабіла з ім групавое фота. Карацей, шэсць дзён галопам па Еўропе.

Увогуле, падыход да студэнтаў у Еўрапейскім Інстытуце зусім іншы, чым у звычайным універсітэце, бо колькасць студэнтаў вельмі малая. Заўсёды можна звярнуцца да кіраўнікоў праграмы на нейкую праблему і яны паспрабуюць вырашыць і ўсё наладзіць.

Вам абавязкова спадабаецца гэтая цудоўная праграма!!!