“Вучыцеся захапляцца дзецьмі”. Што расказваў на мінскім семінары класік сусветнай педагогікі

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

У другой палове верасня Мінск наведаў знакаміты педагог Шалва Аманашвілі. Спадар Аманашвілі – асоба настолькі выразная і вядомая, што нават у свае 88 год ён пастаянна прымае ў роднай Грузіі прыхільнікаў з розных краін. З мінчукамі грузінскі дзеяч пагутарыў пра фірмовы падыход да выхавання – так званую гуманную педагогіку.

Дзякуючы валанцёркам Adukacyja.info Надзеі Філіпчык і Таццяне Кавалёнак прапануем вам некалькі ідэй з семінара Шалвы Аманашвілі.

Калі мы з маёй жонкай у 1963 годзе пачалі ствараць сям´ю, мы яшчэ нічога не ведалі пра гуманную педагогіку.

Мы проста былі добрымі людзьмі з добрым выхаваннем і адукацыяй, але тады яшчэ не ведалі, як выхоўваць нашага першынца. Выхоўвалі яго па-добраму, а потым, калі нарадзілася дачка, пачалі і яе гэтак выхоўваць. Прайшло шмат год, з´явіліся ўнукі, а цяпер і праўнукі, і ў нас сабраўся велізарны вопыт. Пры гэтым мы ж вучоныя – я псіхолаг, а мая жонка, яе зараз няма ў жывых, была прафесарам. Так мы атрымалі вопыт, які назвалі гуманным падыходам у выхоўванні дзяцей.

Я вырашыў тлумачыць гуманную педагогіку праз паняцці. Калі я вас усіх спытаю, ці гуманныя вы людзі, што б вы мне адказалі? Так! А што значыць гуманнасць? Напэўна, шмат хто сказаў бы – гэта дабрыня, любоў да чалавека, чалавечыя адносіны, павага паміж людзьмі. Трэба любіць чалавека, ў гэтым гуманнасць. Канешне, гэта добрае тлумачэнне.
Калі чалавек не можа зразумець існасць гуманная педагогікі, няхай мае хоць гэта.

Але існасць гэтага слова больш вялікая. Каб яе зразумець, прыміце мае дапушчэнні як свае. Я дапускаю, што Бог сапраўды існуе, і што мая душа вечная. І цяпер пытанне – чаму мне дадзены гэты адрэзак жыцця? Толькі для таго, каб удасканальваць свой дух. Канешне, пры гэтым я буду выхоўваць дзяцей, працаваць, ствараць сям´ю, атрымоўваць адукацыю. Але не ў гэтым мая існасць. Памятайце добра адну мудрасць Льва Талстога: “Дух чалавека – нібыта алмаз. Але толькі ад чалавека залежыць, стане гэты алмаз брыльянтам ці не”.

Значыць, мой дух і ваш дух – гэта алмаз. Але хто зробіць з гэтага алмаза брыльянт? Няма іншага ювеліра, я сам ювелір свайго алмаза. А што зробіць мой алмаз брыльянтам? Чыстая свядомасць, добрыя і ўзвышаныя думкі, безумоўная любоў. А дабрыня, чуллівасць, павага, спачуванне?

А цяпер запішыце ці запомніце іншую думку, што падмацоўвае думку Льва Талстога. Гэта ўжо ідэя кітайскага філосафа часоў Канфуцыя: “Калі я пішу іерогліфы прыгожа, гэта не таму, што яны павінны стаць прыгожымі, а таму што мая душа павінна стаць прыгожай”. А цяпер перакіньце гэта на выхоўванне дзяцей. Калі я выхоўваю дзіця лепшай істотай для нашай планеты, гэта не для таго ці не толькі для таго, каб ён стаў добры, а таму што мая душа стала добрай. Яна навучылася ахвяраваць, радавацца, разумець. Калі ў мяне не будзе гэтых якасцей, які сэнс у выхаванні дзяцей? Калі выхоўваем дзіця, выхоўваемся самі, таму не думайце, што вы ўжо выхаваныя. Няма канца выхаванню: чагосьці дасягаеш, а там бездань, шмат чаго яшчэ трэба дасягнуць. Цяжка выхоўваць дзяцей менавіта тым бацькам, якія лічаць сябе выхаванымі.

Справа ў тым, што дзеці новыя, яны іншыя. А тая педагогіка, па якой мы іх выхоўваем у сям´і ды школе, старая.

Калі я праводзіў семінары гадоў 10 таму, бацькі рэдка на іх прыходзілі. Але прайшоў час, і бацькі пачалі часцей звяртацца да мяне і іншых людзей, што могуць несці нейкія веды пра выхаванне дзяцей. Я задумаўся – чаму так адбываецца? І ці прыйшлі б вы на гэты семінар, калі б ён адбываўся не зараз, у 2019 годзе, а ў 2009? Калі шчыра, не прыйшлі б. Тады маладыя мамы яшчэ не сутыкнуліся з той праблемай, якая ўзнікае пры выхоўванні дзяцей. Справа ў тым, што дзеці новыя, яны іншыя. А тая педагогіка, па якой мы іх выхоўваем у сям´і ды школе, старая. Яна больш не прыдатная для гэтых дзяцей. Ім патрэбная іншая педагогіка, а мы ўжо маем таталітарную, традыцыйную педагогіку, калі не трэба шмат думаць, як выхоўваць дзяцей.

Такая педагогіка не спрацоўвае з дзецьмі, якія нарадзіліся пачынаючы з другой паловы 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Як іх толькі не называюць – індыга, крысталічныя дзеці. Я жадаю, каб вашы дзеці пераўзышлі вашы чаканні, але спосабы, як гэта зрабіць, занадта старыя. Трэба шукаць новыя.

Дайце знайсці свой шлях

Каго я выхоўваю? Маленькага чалавечка, у якім ужо зараз ёсць новае быццё. Дзе яно? Пабачыш, калі ён пасталее. Вы шчаслівыя людзі, бо дакранаецеся да 22 стагоддзя. У вашых дзецях ёсць усё. Толькі дайце выхаванне, культуру, культуру маўлення, і гэтае быццё ў іх спраўдзіцца. Дайце знайсці свой шлях.

Хто адкрые той добры вобраз, што ёсць унутры мяне? Канешне, мама, тата, дзядуля, цудоўная настаўніца ў школе. Вось тыя, хто могуць адкрыць у дзіцяці ісціну. А калі мы ўсе згаварыліся і вырашылі, што нам не патрэбна гэтая ісціна, нам патрэбнае правапісанне, матэматыка, фізіка, хімія, атэстат сталасці выдаваць… І тое, што дзіця атрымала, называецца сярэдняй адукацыяй.

Няўжо дыпломы нешта кажуць пра вашу адукаванасць?

А вашы дыпломы кажуць пра вашу вышэйшую адукацыю, хоць гэтай вышэйшай адукацыі ў нас, можа, і няма. Вышэйшая адукацыя – гэта адкрыццё ў мяне духоўных талентаў, і чым больш яны раскроюцца, тым больш я адукаваны чалавек. Няўжо дыпломы нешта кажуць пра вашу адукаванасць? Яны кажуць: вы спецыяліст у гэтай вузкай справе. Ёсць дыплом – будзеце дапушчаныя да гэтай працы. Чым забяспечваецца духоўны стрыжань дзіцяці? Вобразамі. Таму няхай бацькі даюць як мага больш вобразаў – любові, павагі, спачування… Усе лепшыя якасці, тое, чым можна ганарыцца. Чалавек – гэта гучыць ганарліва, але ў чым тут гонар? У выхаванасці, у тым, што я ўвабраў у сябе ўсе лепшыя вобразы – ад мамы, таты, дзядулі, настаўнікаў і іншых людзей. Свет чакае вашых шэдэўраў, не выхоўвайце дзіця для сябе. Трэба выхоўваць дзіця для света, і вы атрымаеце ад яго столькі, колькі вам патрэбна.

Цяпер наконт гуманнасці. У аснове гэтага слова санскрыцкае слова, якое азначае – смяротны чалавек, што шукае ў сябе сваю несмяротнасць. Ці інакш – шукае сувязь з Богам. Таксама гэта смяротны чалавек, які бясконца пазнае сябе. Гэта сапраўдная аснова гуманнай педагогікі. Не тое, што трэба выхоўваць дабрыню ці любоў да людзей. Няхай дзіця зверне свой позірк на свой жа ўнутраны свет. І там яно пабачыць, хто яно, адкуль яно прыйшло, куды яно ідзе і чаму яно тут знаходзіцца. Калі мы паступова дапаможам дзіцяці задумацца над гэтымі пытаннямі, яно зверне ўвагу на свой унутраны свет. Трэба спазнаць самога сябе, але праз людзей, тых, хто навокал цябе.

Дамалюйце вашых дзяцей.

Зараз я вам прэзентую адзін метад. Я ў шостым класе, вучуся дрэнна. Бацька загінуў, мама не можа мне дапамагчы. Часта прапускаю заняткі, бо не жадаю атрымоўваць двойкі, лепей катацца на трамваі па Тбілісі. Прыйшла настаўніца, якая потым стане маёй асабістай выхавацелькай. Яна аднойчы кліча мяне да сябе і кажа – хлопчык, дай мне зазірнуць да цябе ў вочы. Яна доўга глядзіць мне ў вочы, потым кажа – хлопчык, ты пішаш вершы? Адказаў, што не пішу. “У цябе такі паэтычны позірк”, – сказала яна. Забрала свае сшыткі і сышла з класа. Мне ніхто нічога падобнага не казаў, ні аднаго добрага слова. Калі такі позірк, значыцца, ёсць талент паэта, трэба паспрабаваць пісаць вершы. На наступны дзень прыношу паперку з вершам, яна пытаецца: “Ты што, пачаў пісаць вершы? Пакажы”. Аддаю ёй паперку, так сорамна. А яна кажа – якая рыфма, якая музыка! Значыцца, сапраўды нешта ў мяне ёсць.

Гэты метад называецца “дамалёўванне”. Ваша дзіця дрэнна сябе паводзіць, шкадуе чагосьці для іншых і гэтак далей? Накладвайце фарбы наадварот. Кажыце – які ты ў мяне добры, прабач, што я такая злая. Дамалюйце вашых дзяцей. Не трэба лаяцца, называць нейкія адхіленні, адказваць грубасцю на хамства. Канешне, дзеці будуць такія. Яны заўсёды няправыя перад намі, але і заўсёды правыя. Мы заўсёды патрабуем ад іх прабачэння, але ці просім прабачэння перад імі? Ці атрымоўваецца гэта шчыра? У дзяцей будзе шмат дрэнных якасцей, але ці мала іх у вас? Але вам ніхто ўжо не асмеліцца пра іх казаць. Мы патрабуем ад дзіцяці таго, што не шукаем у сябе.

Вучыцеся захапляцца дзецьмі, шчыра захапляцца. Тады дзіця пачне практыкавацца з тымі фарбамі, якімі вы яго дамалёўваеце, а потым з іншымі і іншымі. І атрымоўваецца, што падчас нашых дамалёўванняў і добрых адносін дзіця робіцца больш сталым і разумным. Таксама ён робіцца больш гуманным. Мой падыход дакладна гуманны, я не лаюся на дзіця, а ўзвышаю яго. І дамалёўваць трэба не толькі дзяцей.

Без інтуіцыі навука заглохне. Як казаў Вярнадскі, лепшыя адкрыцці здараліся дзякуючы інтуіцыі – калі няма логікі, але ёсць адкрыццё. Шмат вучоных, напрыклад, Мендзялееў, рабілі цікавыя адкрыцці падчас сну. Не было глыбокіх ведаў, але была здагадка. І гэта можна развіваць – у дзецях, дарослых, у сябе. Гэта называецца “веды сэрца” ці “пачуццё
ведаў”. Чым больш мы будзем давяраць самі сабе, тым больш інтуіцыя, ці пачуццё ведаў, будзе раскрывацца. І гэта падмурак усіх лепшых рашэнняў у нашым жыцці.