Вучым мову самастойна. Частка 2: Маўленне
- 08.10.2015
У першай частцы мы разгледзелі, як можна палепшыць разуменне на слых. Гэта быў, вядома, таксама крок наперад і да зусім іншага аспекту – маўлення. Бо што нам дае разуменне, калі мы будзем толькі слухаць і сціпла мычаць у адказ? Таму зараз і пачнем пакрыху размаўляць!
Невялічкая заўвага тэхнічнага характару: запісвайце сябе падчас практыкаванняў! Нават калі з вушэй амаль паліецца кроў ад пачутага, не здавайцеся! Бо толькі так вы зможаце зразумець, над чым яшчэ трэба працаваць. Ці даслаць запіс носьбіту мовы або настаўніку, каб яны выказалі сваё меркаванне і зрабілі неабходныя заўвагі. Ці паслухаць сябе праз некалькі месяцаў і ўзрадавацца свайму прагрэсу. Я раю праграму Audacity, бо яна вельмі простая і бясплатная, а больш, здаецца, нічога і не трэба.
Усё пачынаецца з размінкі. Памятаеце, як вы апошняга разу выпісвалі пачутыя незнаёмыя словы і выразы? Калі вы ўжо ведаеце іх значэнне, прыдумайце некалькі сказаў з імі і голасна прачытайце іх. Сэнс не прынцыповы, нават лепш прыдумаць нешта псіхадэлічнае, каб стоадсоткава запомніць словы, бо мы ўявім сабе сітуацыю, а гэта наш мозг захоўвае вельмі добра. Галоўнае, каб сказы былі пабудаваныя як мага больш правільна, бо перавучвацца пасля дакладна больш цяжка, чым вывучыць менш, але слушна. Можна нават прыдумаць нейкую невялічкую гісторыю, каб выкарыстаць як мага больш слоў. А потым прачытаць яе ўслых пад запіс.
Увага: вельмі часта пачаткоўцы і нават больш прасунутыя навучэнцы чытаюць услых і гавораць занадта хутка, каб стварыць ілюзію вольнага валодання мовай.
У рэшце рэшт атрымліваецца невядома што, бо ні яны не могуць выказаць тое, что хочуць і як хочуць (не кажучы ўжо пра памылкі, бо думка не паспявае за мовай), ні суразмоўца ці слухач не зразумеюць амаль нічога, акрамя хуткай плыні гукаў. Я зразумела гэтую простую рэч дастаткова позна, сапсаваўшы сабе так не адзін рэферат і не адную важную размову, таму спадзяюся, што вы не паўторыце гэтую памылку. Выснова: Цішэй едзеш, далей будзеш! Паскорыцца паспееце заўсёды.
Добра, размяліся, цяпер пачынаецца сапраўдная забава. Гэтае практыкаванне дапамагло мне пазбавіцца няўпэўненасці ў сваіх камунікатыўных мажлівасцях на французскай мове. Вуаля: Вольнае маўленне на любую тэму цягам 1 хвіліны.
Так, сапраўды на любую. Глабальнае пацяпленне, нясмачны бяляш у сталоўцы ці планы на вечар. Але без перапынкаў казаць штосьці ў мікрафон. Не хапае словаў – прыдумвайце выйсце, сфармулюйце думку па-іншаму, бо ў сапраўднай размове вы ж не будзеце капацца ў слоўніку, бо нават самы цярплівы суразмоўца не вытрымае вельмі доўга. Ці можна размаўляць больш за хвіліну? Калі ёсць час і натхненне, то колькі заўгодна. Але пачынаць лепей сапраўды з невялікіх крокаў. Ды і аналізаваць памылкі лягчэй і хутчэй, чым калі зрабіць гадзінны запіс, праслухванне якога зойме яшчэ больш часу.
Увага: праз некалькі сказаў можа настаць момант, калі ў галаву не прыходзіць нічога, акрамя глыбокага філасофскага “э-э-э”. Мяняйце тэму, распавядайце любую бязглуздзіцу, але толькі запоўніце гэтую хвіліну ад пачатку і да канца. Бо практыкаванне вучыць аўтаматычнаму маўленню, гэта шкілет, на які пазней можна нарасціць мяса ведаў. Калі вы ведаеце ЯК, праблема ШТО калі і паўстане, то вырашыцца вельмі хутка. На роднай мове мы ж таксама не размаўлялі ў тры гады так, як Пушкін у 33. І “я хачу вось тую цацку” было не горш за “як жа ж мне хочацца атрымаць тую цудоўную ляльку з суседняй паліцы!”, бо камунікатыўная мэта была дасягнута нават такімі сродкамі (ці не дасягнута, ў залежнасці ад настрою бацькоў, але нас зразумелі). Тое самае датычыцца і замежнай мовы. Адну хвіліну штодня знойдзе кожны, а эфект ад яе будзе куды большы, чым ад няўпэўненага манатоннага паўтарэння і вывучэння асобных выразаў, якія ніяк не складваюцца ў сказы.
Гэта было толькі адно практыкаванне. Астатнія, як мне падаецца, вы ведаеце вельмі добра і самі. Анлайн-размовы з замежнікамі, наведванне цікавых інтэрнацыянальных сустрэч і гэтак далей. Усё гэта не залежыць ад узроўню валодання мовай, таму не чакайце нейкага міфічнага ўзроўня валодання мовай, да дасягнення якога нават і рот раскрываць не варта. Вядома, наведваць сімпозіум па ядэрнай фізіцы з узроўнем мовы А2, можа, і не вельмі прадуктыўна, але і саромецца памылак не трэба. Бо маўленне – гэта натуральны працэс, і галоўнае, каб ён увогуле адбываўся, а палепшыць яго можна заўсёды.
Акцэнт, інтанацыя, вымаўленне – гэта ўсё дэталі, якія, безумоўна, важныя, але не настолькі, каб маўчаць і чакаць, калі ж усё раптам атрымаецца ідэальна. Спачатку было слова, а ўжо потым усё астатняе!
Можа ўзнікнуць пытанне, чаму я абмінула такую вядомую рэч, як вывучэнне напамяць. Сапраўды, на пачатковым этапе гэта вельмі карысна, асабліва калі вывучаць вельмі якасныя тэксты. Але трэба таксама вельмі добра разумець “склад” вывучаемага, каб не атрымалася тыповая сітуацыя ў стылі “красавица Икуку”, то бок вывучыць невядома што і не разумець, што гэты набор слоў і гукаў увогуле значыць. Гэта ўжо тэма для наступнага артыкулу пра эффектыўнае чытанне. Пакуль жа поспехаў у вывучэнні моў і да сустрэч!
Марыя Кірава
Фота: Howard Lake, Flickr.com