Вучым мову самастойна. Частка 3: Чытанне

  • 769

261020131843

Святы скончыліся, сесія, спадзяюся, таксама, таму калі вы чакаеце нейкага міфічнага знаку з нябёс, каб нарэшце сабрацца з духам і зноў пачаць працаваць над мовай – гэта менавіта ён 🙂 Да гэтага мы разгледзелі розныя метады, як палепшыць успрыманне на слых і маўленне. Зараз жа прапаную папрацаваць над чытаннем.

Усе мы калісьці вучыліся ў школе і збольшага ўяўляем сабе, як і што трэба рабіць, каб літары на паперы пачалі складвацца ў словы. Нажаль, вельмі часта мы не выкарыстоўваем вопыт чытання на роднай мове ў вывучэнні замежнай. Некаторыя з асноўных прынцыпаў мы далей разгледзім. Спачатку трэба знайсці матэрыял, які будзе найбольш аптымальным.

І вось вы стаіцё перад паліцай бібліятэкі ці адкрываеце інтэрнэт-старонку за старонкай, каб знайсці пасуючы тэкст. Што ж абраць? Тут дзейнічае вельмі просты прынцып: выбіраем матэрыял для свайго ўзроўню ці крыху вышэй. Ніжэй не мае ніякага сэнсу, калі вы ўпэўненыя ў сваіх ведах, занадта вышэй – запатрабуе зашмат часу і можа нават дэматываваць, калі нічога не будзе атрымлівацца (а яно і не атрымаецца, калі ўзяць Сартра ў арыгінале і, ледзьве валодаючы мовай, спрабаваць нешта зразумець, акрамя прыназоўнікаў і злучнікаў. І такое калісьці было 🙂

З узроўнем вызначыліся. А вось які аб’ём? Кніжкі кшталту «Вайны і міру» лепш не браць, калі веды ніжэй за В2. Але і занадта кароткія тэксты – нават складаныя – не будуць вельмі карыснымі. Таму вызначым мінімумам 1-2 старонкі для пачаткоўцаў і 3-4 для больш прасунутых. Чаму трэба пачынаць з такіх невялікіх тэкстаў, а не ўзяць кнігу старонак так на 300, няхай і для свайго ўзроўню? Узгадаем чытанне на роднай мове, гаворка пра якое вялася напачатку, бо сітуацыя з замежнай мовай амаль што аналагічная. Трэба асвоіцца спачатку ў невялікім асяроддзі, прызвычаіцца да яго, і толькі пасля пачаць паступова выходзіць за межы знаёмай тэрыторыі.

Гучыць не вельмі пераканаўча, асабліва калі матывацыі, здаецца, хопіць, каб адным штуршком зверзці горы (ці праглынуць таўсценны падручнік за тры дні)? Згаджуся, матывацыя сапраўды можа стварыць цуд… пакуль яна ёсць. Нагадвае паўпусты бак машыны, якая едзе з вялізнай хуткасцю з Вільнюса ў Прагу. Добра едзе, бездакорна. Але калі не спыніцца і не папоўніць бак, то раптам, калі паліва скончыцца невядома дзе пасярод дарогі, падарожжа скончыцца разам з ім. Колькі разоў мы так кідалі вывучэнне моў, трэніроўкі, ды шмат чаго іншага? А ўсё таму, што хацелі адразу дасягнуць вышынь, але не былі падрыхтаваныя. Для падобнага марафону ніякіх першасных матывацыі і волі не хопіць. Яны ў гэтым нічым не адрозніваюцца ад паліва, бо іх таксама трэба папаўняць (кажы: падтрымліваць поспехамі, няхай і маленькімі). Гэта вельмі важна ўсведаміць, каб не было расчараванняў, бо пісьмовая мова (як чытанне, так і стварэнне тэкстаў) патрабуе больш высілкаў.

І вось тэкст ляжыць на стале перад вачыма. Пачынаем чытаць і раптам разумеем, што ўжо ў першым сказе не менш за 4 незнаёмыя ці забытыя словы. Большасць рэфлекторна пацягнецца за слоўнікам, але трэба пераадолець сябе і працягнуць чытанне, нават калі штосьці незразумела. Зноў узгадваем вывучэнне роднай мовы. Бо праз некалькі сказаў можа высветліцца, што ж гэтыя незнаёмыя словы азначаюць. Калі імбрык вельмі голасна нешта робіць, а праз некаторы час нехта прыйшоў на кухню і заварыў сабе кубачак кавы, то нескладана здагадацца, пра што вялася гаворка ў папярэднім сказе. І таксама менавіта таму, дарэчы, я і раю пачынаць с кароткіх тэкстаў: на разуменне агульнага кантэксту спатрэбіцца менш часу, а эфектыўнасць будзе куды больш высокай, таму что будзе менш незнаёмых слоў і больш магчымасцяў высветліць іх значэнне. Слоўнікам трэба карыстацца толькі тады, калі ніяк не атрымалася зразумець значэнне слова самастойна. Нават на пачаткоўным узроўні. Бо мова – гэта не спіс слоў, якія трэба вывучыць, каб імі размаўляць. Мы размаўляем, пішам, чытаем сэнсамі. І чуем мы таксама сэнсы (не ўспрымаць жа паведамленне ”it’s raining cats and dogs today!” як асобны прыклад біякатастрофы новага стагоддзя? 🙂

Прачыталі, зразумелі. А што рабіць з новымі словамі, каб не толькі не забыцца на іх, але і пачаць актыўная выкарыстоўваць? Наш мозг лепш запамінае тое, што паступае праз розныя каналы ўспрымання. Таму падкрэслім ці выпішам гэтыя словы (а лепш і тое, і другое), – прычым падкрэслім ці выпішам разам з прыкладам выкарыстання, можна нават рознымі колерамі (і напісалі, і пабачылі, і стварылі асацыяцыю з колерам) – прачытаем услых (і пачулі, і вымавілі), прыдумаем новы сказ (выкарысталі ў новым кантэксце). Калі не ведаем вымаўленне, то шукаем у электронным слоўніку, праслухоўваем і паўтараем. Вывучэнню слоў і памяці ўвогуле будзе прысвечаны асобны артыкул.

Словы – гэта ўсё добра. А што рабіць з сэнсамі? Як іх (з)разумець? Напачатку можна абысціся простымі пытаннямі (нешта падобнае, дарэчы, робяць і журналісты, калі пішуць свае матэрыялы): Хто? Што? Дзе? Калі? Як? Навошта? Калі вы прачыталі тэкст і можаце ўпэўненна адказаць на ўсе гэтыя пытанні, то асноўную думку вы зразумелі. Вядома, усё залежыць ад тыпу тэкстаў, жанраў, але аснова амаль усяго – інфармацыя-адказ на гэтыя пытанні. Усё астатняе – дадатковая інфармацыя. Яна таксама вельмі важная, але без асноўнай яна толькі збівае з панталыку, бо агульны сэнс паведамлення застаецца незразумелым. Таму не чапляйцеся адразу за дэталі. Навучыцеся спачатку бачыць агульную карціну, бо калі ёсць гэты навык, усё астатняе будзе давацца значна прасцей.

Таму прыступім! Цікавага і прадуктыўнага вам чытання! А ў наступны раз зоймемся стварэннем пісьмовых тэкстаў на замежнай мове – загадзя магу сказаць, што не такі гэта люты звер, якім яго малюць!

Марыя Кірава