Прыгоды беларускі ў Расіі: Вяртанне блуднага блогера

  • 04.09.2015
  • Блог
  • Здымак: Уладзіслава Лагун

Ну, пачнем з таго, што фармулёўка пра вяртанне выключна для прыгожага слоўца: вяртацца я пакуль не збіраюся. Хоць перыядычна адольвае разбэшчанасць кшталту “а ТАМ у цябе быў свой пакой і нармалёвая кухня…”, але пінкамі ды жартамі я цярпліва запіхваю яе назад. Бачылі вочкі, што куплялі – ешце, хоць павылазьце, – як кажа бабуля.

Але ўсё па парадку. Пачнем з вялікага і прыгожага – гэта, безумоўна, пра Піцер. Горад на Няве сам па сабе ўражвае маштабамі і прыгажосцю, нейкай застылай імперскасцю, якая ніяк не кантрастуе з сучаснымі тэндэнцыямі і штодзённасцю. Духі Пятра Вялікага і Кацярыны працягваюць свой вальс над прасторамі былой дрыгвы, прытоптваючы на хвалях туману. Імперская вялікасць і магутнасць падвісла ў паветры – забаўляецца з надвор’ем і ганяе пазалачонага анёла на шпілі петрапаўлаўскай крэпасці.

 Фантанка. Зусім недалёка ад вядомага “Чыжыка” @zahorowskaya

Жыццё не стаіць на месцы, масты зводзяць і разводзяць, людзі з’язджаюць і прыязжаюць – і мы сярод апошніх. Паселеных у хостэле для чакання гуртожытку – нас каля сарака чалавек па спісах і крыху менш у рэальнасці, той самай, якая жорстка ўзрывае рамантычна-казачную атмасферу Паўночнай Венецыі. Памятаеце жалобу па лядоўні? Вось тут  – менавіта тут, на самым ганаровым месцы майго наратыву – яна ажывае напоўніцу, бо адэкватнай рэакцыі ў адміністрацыі хостэла мы не знайшлі, а запакаваць 40 камплектаў прадуктаў ў звычайную хатнюю лядоўню – гэта абсурд. Але потым калектыўны шматнацыянальны розум узгадаў прыказку (цікавы лінгвістычны факт, што аналагі пра “вочкі, якія ведалі, што куплялі” існуюць на ўсёй постсавецкай прасторы), смачна і па-руску ўздыхнуў, паслухаў скаргі расіян, якіх засялілі ў месцы нават горшыя за БДУшную 10-ку і прыйшоў да высновы, што ўсё не так і блага.

Шчыра кажучы, зусім не блага, бо кампанія сапраўды інтэрнацыянальная, яршыстая, крыху з уклонам ў бок Малдовы, што робіць сумесныя сняданкі і вячэры палітычна-дыскусійным клубам, кшталту ток-шоу “Выбар” на АНТ. Паступова, канешне, захочацца ад гэтага адысці, але на такі выпадак у мяне ёсць мой пакой, у якім я (пакуль што) адна (мае суседкі з Кіргізіі, Расіі і Італіі згубіліся недзе па дарозе), што пры памерах пакоя мне падаецца ідэальнай лічбай у разліку чалавек/м².

Але на гэтым мае скаргі павінны скончыцца, бо часу на іх катастрафічна не хапае. Пачнем з таго, што, нягледзячы на 5 год калягістарычнай адукацыі, я павінна наведваць курс па ўводзінах у гісторыю  – гэта я не скарджуся, а так, канстатую, бо тэматыка тут іншая, больш тэарытычная, чым факталагічная, а скончым тым, што афіцыйнага пачатку навучання яшчэ не было, а дамашняя літаратура да семінараў ужо прыйшла. І ведаеце што? Вучыцца тут будзе зусім не лёгка, пра гэта кажа хаця б трохсотстаронкавы файл на тыдзень. Магу сказаць, што асабіста я хутчэй у захапленні ад гэтага, але нейкая шальная думка-панікёрка ўсю ноч паказвала мне каляровыя мультфільмы пра Чаўшэску і Ціта. І гэта пры тым, што я не люблю гэты рэгіён!

Во французской имперской стороне,
Hа чужой планете,
Предстоит учиться мне
В университете….

Так, узгадалася…