Ведамі трэба дзяліцца

  • 05.12.2014

Што рабіць тым, хто прапусціў апошнія дэдлайны на адукацыі і не патрапіў на вучобу ў жаданы ўнівер? Парадамі дзеліцца выкладчыца ангельскай і беларускай мовы па адукацыі, апантаная адукатарка, навучэнка і валантэрка па жыцці Ганка Барадзіна.

Самаадукоўвацца! Дарэчы, тыя, хто не спаў у шапку і атрымаў-такі грант і вучыцца дзе-небудзь за кардонам, могуць таксама далучацца. Веды лішнімі ніколі не бываюць. Тым болей, што адукацыя на працягу жыцця стала апошнім трэндам, і цяпер замест таго, каб, апусціўшы вочы, называць сябе адвечным студэнтам, можна з гонарам заявіць: “Я – пажыццёвы навучэнец!”.

Вядома, вучыцца самому нялёгка: патрэбныя добрая матывацыя, сіла волі, арганізаванасць, час, натхненне і падтрымка. Але калі ўсяго вышэй пералічанага стане дастатковым, каб перамагчы звычайную ляноту, перад вамі раскрыецца неагорны свет ведаў.

З таго часу, як я стала цікавіцца мажлівасцямі бескаштоўнай анлайнавай самаадукацыі (гады 4 таму), мне давялося паспрабаваць дзясяткі розных інструментаў. Нейкія спадабаліся, нейкія – не вельмі. Новыя сайты і праграмы растуць, што грыбы, і я імкнуся ўсё пратэсціць і сістэматызаваць. Вядома ж, здабытыя веды і цікавосткі не даюць мне спакойна жыць, і я проста не магу вам не распавесці.

Першае, чым з вамі хочацца падзяліцца, – цікавы роздум сэра Кена Робінсана наконт школьнай адукацыі, чалавечага прызначэння і крэатыўнасці з сайта TED, які я пераклала на беларускую мову.

TED talks – ідэі, вартыя распаўсюду. Зайшоўшы на сайт, можна праглядзець адукацыйнае відэа на амаль любую цікавую вам тэму і далучыцца да іх абмеркавання. Добраахвотнікі з усяго свету дбаюць аб распаўсюдзе самых прагрэсіўных ідэяў на сваёй радзіме і перакладаюць відэа на родныя мовы. У 2013 годзе з’явіліся субтытры і на нашай мове (пакуль усяго: 13 відэа). Далучыцца да перакладу можна тут.

Кен Робінсан разважае пра тое, як школы прыгнятаюць творчасць – цікавае натхняльнае відэа ад эсперта ў галіне адукацыі.

Cэр Кен Робінсан, міжнародны дарадца па пытаннях развіцця творчага мыслення, сістэм адукацыі і інавацыі ў дзяржаўных і грамадскіх арганізацыях, аўтар кніжак і прамоваў, у 2003 годзе быў прысвечаны ў рыцары за заслугі ў адукацыі.

Задумайцеся над сучаснай сістэмай адукацыі, над сваім прызначэннем у жыцці і над тым, чаму вам трэба навучыцца, каб быць шчаслівымі.

Цытаты

Шасцігадовая дзяўчынка сядзела за апошняй партай на ўроку малявання і нешта крэмзала. Увогуле, дзяўчынка звычайна не звяртала ўвагі на ўроках, але тут яна працавала з вялікім захапленнем. Настаўніцы гэта спадабалася, яна падышла да дзяўчынкі і спытала: “Што ты малюеш?” Дзяўчынка адказала: “Я малюю Бога”. Настаўніца сказала: “Ніхто не ведае, як выглядае Бог.” Дзяўчынка адказала: “Зараз даведаюцца.”

Калі зірнуць на нашу адукацыю з пункту гледжання іншапланецяніна і запытацца ў саміх сябе, навошта яна існуе, то, зірнуўшы на вынікі, можна сказаць: для тых, хто мае поспех; для выдатнікаў; для дзяцей, якія выконваюць усё, што ім скажуць. Як іншапланецянін, вы прыйшлі б да высновы, што мэтай дзяржаўных сістэм адукацыі па ўсім свеце з’яўляецца вытворчасць універсітэцкіх прафесараў.

 

Калі вам спадабалася, глядзіце яшчэ прамовы Кена Робінсана: пра адукацыйную рэвалюцыю – Bring on the learning revolution!, змяненне парадыгмаў адукацыі – Changing education paradigms і самая новая – “Як пераадолець заняпад у адукацыі” – How to escape education’s death valley. Таксама можаце пачытаць ягоную кніжку “Элемент” – пра тое, як зразумець сваё пакліканне, для чаго вы створаныя і жыць у сваёй стыхіі.