Вывучайма польскую ў Беларусі
- 25.07.2015
Цяжка супярэчыць таму, што навучанне замежных моваў – карыснае. Таму, што варта ведаць мову суседзяў – тым больш. Асабліва, калі лічыць, што Польшча з’яўляецца асноўным замежным накірункам, у якім едуць беларусы – на вучобу, пакупкі ці ў вандроўкі.
І хаця амаль усе беларусы ведаюць фразу “W Szczebrzeszynie chrząszcz brzmi w trzcinie” (“В Шчэбжэшыне хшоншч бжмі в тжціне”) і адсюль бярэцца іх успрыманне польскай мовы як мовы “пшэкаў” – гэта не так! Гэта толькі маленькі фрагмент верша Яна Бжэхвы. І паверце – у польскай мове ўсё астатняе нашмат прасцейшае. Асабліва – калі вы ведаеце беларускую, якая да польскай яшчэ больш падобная за рускую.
Дзе ў Беларусі вывучыць польскую мову?
Існуе некалькі цікавых прапаноў – як для пачаткоўцаў, так і для прасунутых.
Асноўным месцам, у якім можна вывучыць польскую мову ў Беларусі, з’яўляецца асветніцкая арганізацыя Польская Мацеж школьная. Апрача рэгулярнага навучання, у Мацежы праводзяцца курсы – гадовыя, паўгадовыя (курсы пачынаюцца ў верасні і канчаюцца адпаведна – напрыканцы школьнага або каляндарнага году) і кароткія інтэнсівы – па жаданні ахвотных. Аддзяленні Мацежы можна знайцсі ў Гародні, Берасці, Мінску, Пінску, Слоніме, Вілейцы, Валожыне і Браславе.
Бясплатныя двухгадовыя курсы польскай мовы з нуля на конкурснай аснове арганізоўвае таксама Польскі Інстытут у Мінску, які пашырае адукацыйную дзейнасць на Магілёў, Віцебск і Маладзечна.
У Мінску можна адшукаць цікавыя прапановы бясплатных курсаў, якія праводзяцца валанцёрамі з Польшчы: гэта курсы ад Фіяльты і Офіса прасоўвання ініцыятыў. Ёсць групы для пачаткоўцаў і прасунутых.
Для тых, хто хоча камунікаваць на польскай (і не толькі) мове, адкрылася цікавая ідэя ў Гародні – Tandem Evenings in Hrodna. Сустрэчы дазваляюць перамагчы моўны бар’ер, з’яўляюцца не толькі моўным, але і культурніцкім абменам і прызначаныя для ахвотных з любой ступеняю ведання мовы.
Для ахвотных вучыцца на польскай мове ў Беларусі існуюць школы і класы з польскай мовай навучання ці школы з дадатковай праграмай навучання на польскай мове (Гародня, Ваўкавыск, Мінск, Берасце).
Некаторыя ўніверсітэты ў сваёй праграме прапануюць навучанне на аддзяленні польскай філалогіі. На польскую філалогію ці навучанне з дадатковай польскай мовай можна паступаць у Гародні, Мінску, Берасці, Віцебску.
Анлайн
Апошнім часам актуальная стала тэма e-learning’у. У Сеціве можна адшукаць шмат курсаў польскай мовы – мы выбралі цікавейшыя і бясплатныя.
Хіба найбольш папулярнай платформай для вывучэння моваў, дзе можна знайсці і польскую, з’яўляецца busuu.com.
Курсы прапануе таксама польскі партал porteuropa.eu.
Адмыслова для дзетак, якія жывуць па-за межамі Польшчы, прызначаныя курсы ад www.libratus.edu.pl.
Вывучай на месцы
Вядома, вывучаць мову на курсах – гэта адно. Зусім іншае – паехаць у Польшчу і проста пачаць камунікаваць. Для тых, хто хоча вывучыць не толькі мову, але перадусім апынуцца ў польскай культуры, асяроддзі, даведацца пра краіну суседзяў больш – прапануем Study Visits to Gdynia ці Study Tours to Poland.
Тэсты і сертыфікаты
Каб афіцыйна пацвердзіць валоданне польскай мовай, праводзяцца сертыфікацыйныя экзамены па трох узроўнях: B1 – пачатковым, B2 – сярэднім, C2 – прасунутым. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце польскай амбасады.
У Гародні ўсе, у каго не запытаюся, кажуць, што польскую мову памятаюць яшчэ з дзяцінства, вывучалі яе па польскіх мульціках. І сапраўды – гэта працуе! Пастаянная сувязь з мовай, нават калі яе мала разумеем, развівае нашыя моўныя здольнасці. Нашыя мовы настолькі падобныя, што само ўспрыманне мовы на слых будзе дапамагаць вывучыць яе, і пасля нейкага часу ў галаве аднекуль усплывуць словы ды сказы. Таму – глядзіце кіно, слухайце музыку. Важна, каб вывучэнне мовы было для вас прыемнасцю!
Вольга Галецка,
польская ЕВС-валантэрка з Гародні