Вывучэнне мовы як perpetuum mobile


Ідэя напісаць гэты артыкул з’явілася ўжо даўно. Канчатковая матывацыя прыйшла толькі пасля канферэнцыі Nooj’2015 (дарэчы, дзякуй арганізатарам за цікавы досвед, вы супер!).

background-20736_1280

Яшчэ падчас майстар-класу я раптоўна апынулася ў сітуацыі, калі вакол гучалі беларуская, англійская, французская, руская мовы, што я нават не ведала, на якую з моў пераключыцца.

Падчас перапынку мы размаўлялі за кубачкам кавы з удзельнікамі. І зноў калейдаскоп моў, але ў асноўным французская і англійская. З імі я працую, але ўсё ж з большага пасіўна (толькі пісьмовыя тэксты). Я разумела ўсё, што мне казалі, але сама нечакана марудна знаходзіла некаторыя патрэбныя словы. У галаве прабегла нядобрая думка. Ці няўжо я за столько гадоў так і не вывучыла гэтыя мовы? Чаму я ўсё разумею, але не магу гэтаксама лёгка перавесці пасіўныя веды ў актыўныя?

Раптам высветлілася, што адна ўдзельніца вельмі добра размаўляе на нямецкай. Мы ўсе адразу таксама перайшлі на нямецкую, і тут, як кажуць, панеслася. Я нават не чакала ад сябе, што магу весці гаворку літаральна на аўтапілоце, быццам гэта мая родная мова. Куды зніклі стрэс і напружанне? І чаму мне не патрэбна кантраляваць моўны працэс увогуле?

Праз некалькі дзён “ажылі” і французская з англійскай. Я не рабіла для гэтага нічога асаблівага, толькі спрабавала ўсё ж знайсці ў галаве патрэбныя веды і адразу выкарыстоўваць іх. Усё ж лепей, чым нічога. І менавіта падчас гэтых спроб я зразумела, над чым трэба будзе яшчэ папрацаваць і якіх ведаў мне не хапае.

Мова – гэта як мышца. Яна ў тым ці іншым стане застанецца з намі назаўсёды – нават калі мы ведаем толькі некалькі сказаў. І вось трэба хутка прабегчы спрынт ці нават марафон. Як вы думаеце, хто вытрымае лепш – той, хто няхай патроху, але трэніруецца, ці канапавы спартовец? Так і з мовай. Мая нямецкая нагадвае бодыбілдэра, англійская і французская – ленаватых сяброў з добрымі фізічнымі дадзенымі, якія, аднак, нячаста завітваюць на трэніроўку.

Ці трэба зараз закапвацца ў падручнікі і тэрмінова ратаваць свае моўныя веды? Залежыць ад сітуацыі, але ў большасці выпадкаў не. Можа не хапіць ні сіл, ні матывацыі. А вось пакрыху кожны дзень – 15, 10, ды нават 5 хвілін – будзе якраз. І надакучыць не паспее, і будзе добрым чаргаваннем відаў дзейнасці. Ды і веды будуць заўсёды нагатове. Прачытаць старонку, зрабіць 1-2 практыкавання, паслухаць іншамоўную песню, зрабіць сабе камплімент на замежнай мове, гледзячы ў люстэрка, – ну сапраўды ж нескладана.

Нельга вывучыць мову “раз і назаўсёды”, як і нельга натрэніравацца адзін раз на ўсё жыццё. Але моўная памяць, як і мышачная, дапамагаюць нам захоўваць напрацаваныя навыкі і паляпшаць іх. Усё, што ад нас патрабуецца, – гэта толькі крыху штодзённых высілкаў на іх падтрыманне.