Wie sprechen Sie so gut Deutsch, альбо Навошта вывучаць нямецкую мову?
- 20.07.2015
Калi хто-небудзь раней бываў у краiнах Заходняй Еўропы, не мог не заўважыць таго ўзроўню ветлiвасцi людзей, якi папросту ахiнае цябе паўсюль. Не тое, каб я б не заўважаў таго самага на Радзiме цi, наадварот, не бачыў i хамства, i бескультур’я «там», але…
Так, гэта добрая тэма для наступнага артыкула цi размовы за кубкам гарбаты. Не ведаю дакладна, цi то «правiнцыйнасць» майго любiмага Цюбiнгена, у якi я закаханы з часоў GFPS-семестру, цi нейкi пэўны швабскi (або агульнаеўрапейскi?) генетычны код ветлiвасцi, цi мо яшчэ што iншае спрыялi таму, што амаль кожны чалавек, з якiм я размаўляў, не мiнаў запытацца: «Wie sprechen Sie so gut Deutsch?» Гэта таго кшталту пытанне, на якое нядрэнна было б мець падрыхтаваны адказ.
Першы раз я сустрэўся з нямецкай мовай у чацвертай класе сваёй вясковай базавай школы. I смешна, i сумна ўзгадваць, што вычыць мяне мове пачынаў настаӯнiк, якi ўмеў толькi крыху чытаць па-нямецку. Дый увогуле мае адносiны з нямецкай мовай, нягледзячы на змену i школы, i настаўнiкаў, складвалiся такiм чынам, што пасля 9-ай класы я наўрад цi мог без памылак сказаць больш-менш трапны сказ.
Можа ўсё так i засталося б на ўзроўнi «Iх хайссе Iгар», калi б не пераход у Вiцебскi абласны лiцэй № 1 i не рашэнне здаваць ЦТ па нямецкай мове, на падрыхтоўку да якога заставалася не больш i не менш як … крыху болей за паўгады.
Цi то выпадкoва, цi зоркам так было патрэбна, але знаёмства з Алай Пятроўнай Данiленка, настаўнiцай нямецкай мовы ў лiцэi, усё змянiла: мяне, «маю» нямецкую мову, мой светапогляд, мае звычкi, iнтарэсы…
Рэакцыя на тое, што я свабодна размаўляю на нямецкай мове сёння розная: нехта пытаецца, чаму менавiта нямецкая, нехта абавязкова просiць сказаць «што-небудзь», а нехта адразу ж прымаецца ўзгадваць словы i выразы з ваенных фiльмаў.
Менавiта апошняе, як пэўнае вызначэнне гiстарычнай памяцi, выхавала i, на шчасце ў меньшай ступенi, выхоўвае не зусiм адэкватныя аднoсiны да мовы, зрабiла гэтую мову непапулярнай, нецiкавай.
«На гэтай мове можна толькi лаяцца», «Самая грубая мова» – лэйблы, якiя я заӯсёды стараюся цi то ўвогуле зняць, цi хаця б крыху выправiць. «А хiба не спяваюць мацi калыханкi сваiм немаўляці?», «Цi не гавораць маладыя людзi пра каханне, а дзецi аб сваiм, дзiцячым?» – пытаннi, якiя стаўлю я следам. «Цi, вы думаеце, яны робяць гэта на французскай мове, альбо на кiтайскай?».
У такiх выпадках я заўсёды абараняю свой пункт гледжання, што няма моў прыгожых цi непрыгожых, годных цi негодных. Кожная мова – найпершы i найлепшы культурны здабытак пэўнага народа, пэўнай нацыi. I нямецкая – не выключэнне.
Icнуе меркаванне, што нiбыта ў адрозненне ад ангельскай мовы, граматыка нямецкай «лёгкая», а лексiка – «складаная». У пэўнай частцы я магу з гэтым пагадзiцца. Так, сiстэма часу не такая галiнастая, як у ангельскай, парадак слоў i, увогуле, парадак будавання сказа больш зразумелы i лагiчны. У той жа час, як вы паставiцеся да сiстэмы роду назоўнiкаў? Да скланення усiх скланяемых граматычных катэгорый? Да розных спосабаў утварэння множнага лiку?
Што тычыцца лексiкi, то тут адразу заўважаюць больш длiнныя словы, нетыповы для беларускай мовы збег зычных (цш, пф ды інш.), напiсанне ў адно слова слоў тыпу «служба забеспячэння бяспекi дэпартаменту аховы здароўя» цi штосьцi падобнага кшталту.
Але гэта сапраўды дробязi, якiя не вызначаюць адносiн да мовы цi таго, наколькi iнтэнсіўна вы будзеце займацца вывучэннем. Асабiста мяне штурхала i працягвае матываваць у вывучэннi вялiкая зацiкаўленасць нямецкiм стылем жыцця, мыслення, стаўлення да разнастайных праблем, той узровень аб’яднанасцi немцаў вакол сваёй нацыi, вакол каштоўнасцяў гуманiзму, салiдарнасцi i талерантнасцi. Мне гэта вельмi цiкава. I неяк блiзка.
Гэта значыць, што каб падпарадкаваць сабе i «лёгкiя», i «складаныя» часткi мовы, трэба перш за ўсё мець дакладнае ўяўленне, дзе атрыманыя веды могуць знайсцi выкарыстанне, мець дакладную матывацыю.
Больш за полову iнфармацыi аб тым, што адбываецца ў свеце, я атрымоўваю сёння з нямецкамоўных крынiц, ход падзей у профiльнай навуковай галiне (геаэкалогiя, устойлiвае развiццё) – пераважна з нямецкамоўнага асяроддзя, правесцi вакацыi – у сяброў у Нямеччыне, паглядзець цiкавую перадачу, дык толькi нямецкую. Пазней я хачу атрымаць вышэйшую адукацыю ў Нямеччыне.
Для тых людзей, якiя жадаюць пачаць вывучэнне пакуль новай для сябе, яшчэ досыць таямнiчай нямецкай мовы, сёння iснуе шмат магчымасцяў. Я не хацеў бы весцi гутарку пра пэўныя моўныя курсы, цi раiць пэўных настаўнiкаў. Я хацеў бы звярнуць увагу на крыху менш вядомыя опцыi.
Першае. Для студэнтаӯ БДУ рэкамендавана звярнуць увагу на Iнстытут нямецкiх даследванняў. Маладая каманда апантаных прафесiяналаў на працягу вучэбнага года ладзiць як дабрачынныя мерапрыемствы (кiнапрагляды, Калядныя святы ды iнш.), так i шэраг праектаў, скiраваных на паглыбленае вывучэнне мовы (у тым лiку курс падрыхтоўкi да экзамену DaF), міжнародную камунiкацыю, пышырэнне iнфармацыi аб вучобе за мяжой i г.д. Пры гэтым выкарыстаць гэтыя мажлiвасцi могуць, як правiла, не толькi студэнты БДУ.
Другое. У БНТУ увесь час працуе офiс Нямецкай службы акадэмiчных абменаў, цi DAAD. Там можна даведацца аб парадку i ўмовах выдачы стыпендый DAAD. Канешне, гэты рэсурс накiраваны на больш падрыхтаваных (моўна) людзей. Але ж хто сказаў, што вы рана цi позна не дасягнеце i гэтай вяршынi?!
Асобна ў шэрагу магчымасцей дапамагчы сабе ў вывучэннi нямецкай мовы ставяць Goethe Institut. Гэтая сусветна вядомая культурна-асветнiцкая ўстанова прапаноўвае бясконцы выбар моўных курсаў, творчых сустрэч з нямецкiмi пiсьменнiкамi, мастакамi, акцёрамi; а таксама недарагi абанемент у шыкоўную бiблiятэку, дзе можна знайсцi кнiгi, часопiсы, газеты на самы любы густ, паглядзець нямецкае тэлебачанне, знайсцi ў сецiве i раздрукаваць неабходную iнфармацыю. Як кажуць, «займайся – не хачу»!
Валоданне замежнымi мовамi – неабходная ўмова сучаснага паспяховага маладога чалавека. Веданне моў адкрывае новыя далягляды i далячынi. Я шчыра жадаю ўсiм, хто толькi пачынае цi працягвае вывучэнне нямецкай мовы, поспехаў, трывання i высокай унутранай матывацыi.
Калi ў вас, паважаныя чытачы, засталiся пытаннi, нявыказаныя меркаваннi, прапановы цi заўвагi, вы можаце напiсаць мне на электронную скрыню geo.buyko@mail.ru. Такiм чынам мы зможам працягнуць канструктыўную размову.
З найлепшымі пажаданнямі,
Ігар Буйко