Я еду ў Магілёў, я еду на TEDx! – што такое TED-talks і як іх ладзяць у Беларусі
- Час чытання: 4 хвілін
- 09.08.2017
- Блог
- Здымкі: каманда TEDxMahilow, Nokton
Ужо не раз мы ў сваіх артыкулах дзяліліся з вамі спасылкамі на тыя ці іншыя прамовы TED – міжнародную ініцыятыву, якая выступае за распаўсюд ідэяў, ведаў і свабодны доступ да іх. Мы пісалі, але самі не былі, і вось нарэшце давялося – ў чэрвені адбылася чарговая канферэндыя #TEDxMahilow, на якую мы былі шчаслівыя адправіцца камандай.
Трошку падрабязней пра TED і як так атрымалася, што ён праходзіць у Магілеве. Упершыню TED быў арганізаваны медыя-прадпрымальнікам Крысам Андэрсэнам, і прайшоў ён аж у 1984 годзе ў фармаце камерцыйнай тэхналагічна-дызайнерска-забаўляльнай канферэнцыі, але з цягам часу расла папулярнасць гэтага мерапрыемства, яно выйшла за межы Каліфорніі, і ў 2006 годзе першыя TED-talks з’явіліся анлайн. Больш падрабязна пра гісторыю ўсёй ініцыятывы можна пачытаць тут.
Зараз TED – гэта некамерцыйная фундацыя, якая бачыць сваёй асноўнай мэтай распаўсюд ідэяў у форме кароткіх натхняючых прамоваў. Тэмы прамоваў могуць розніцца ад навуковых да бізнэсовых і сусветна-значных і быць прадстаўлены на розных узроўнях: ад сустветнага (TED-talks) да самастойна арганізаваных у мясцовым фармаце (TEDx) ці моладзевымі (TEDxYouth) і навучальнымі ініцыятывамі (TED-Ed). У Беларусі зараз існуе дзве TEDx-канферэнцыі – TEDxNiamiha і TEDxMahilow, a таксама моладзевая канферэнцыя ў Гародні TEDxYouth@Hrodna.
TEDxMahilow у другі раз прайшла ў чэрвені гэтага года, і стала сапраўды мерапрыемствам месца для каманды Адукацыі.Інфо. “Чаму?” – запытаецеся вы, а я вось вам скажу, што я і мае каляжанкі ўявіць не маглі, што па-першае, у Беларусі існуюць у такой колькасці такія розныя ініцыятывы, такія таленавітыя людзі, а па-другое, што ў нас так добра атрымоўваецца арганізоўваць мерапрыемстваы сустветнага маштабу.
Вядома, ўсё хаваецца ў дробязях, але ж калі на ўваходзе цябе ветліва сустракаюць, потым вельмі клапоцяцца аб тым, каб кожнаму гледачу і глядачцы было зручна на сваім месцы і добра відаць прамоўцаў, то неяк сама сабой больш утульна ўладжваешся ў крэсле Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра і робіш глыбокі ўдых. Гасне святло… і пачынаецца цуд чалавечага мыслення!
Не буду падрабязна распавядаць пра кожны выступ, бо, падаецца, можа не хапіць даўжыні старонкі, вы лепш паглядзіце самі, хутка з’явяцца відэа з падзеі. Прывяду хіба для вас спіс прамоваў з тэмамі, каб вы разумелі ўсю шырыню магчымасцяў беларусаў:
- Седа Каспарава “Як гаворыць ваш голас”
- Яраслаў Ліхачэўскі “Штучны інтэлект – новая электрычнасць”
- Маша Лук’янава “Пра што маўчыць твая бабуля”
- Антон Балашоў “Адчуй свет другой рукой”
- Наталля Драгальчук “Эгаістычнае валанцёрства”
- Тамара Казыра “Сужэнцы ≠ бацькі”
- Анатоль Гоманаў “Любіць значыць жаніцца”
- Андрэй Яфімчык “Чаму вам не патрэбна дрэль”
І самае класнае, што за ўсімі гэтымі прамовамі стаялі не проста ідэі, а гадзіны падрыхтоўкі, сапраўдны выхад па-за зону камфорта, рост над сабой і спазнанне новых сфераў для саміх прамоўцаў, то бок атрымоўваецца, што TED – гэта не толькі пра тое, каб распавесці годную ідэю шырокай аудыторыі, але і шмат у чым пра асобу чалавека, пра самаўдасканаленне. Такі падыход мне ну вельмі імпануе!
І на закусачку 🙂 Каб было разумела: сама прамова доўжыцца прыкладна 10 хвілін, і, падаецца, што, калі такіх прамоваў 8 за мерапрыемства, то сумарна гэта займае каля паўтары гадзіны. Ды ўсё зусім не так! Магілёў радаваў нас аж 4! Таму што акрамя саміх прамоваў пасля кожнай ёсць блок з пытаннямі, вядучыя размаўляюць з аудыторыяй, а ў перапынку адбываецца сапраўдная феерыя – на колькіх пляцоўках можна працягнуць размовы са спікерамі, паўдзельнічаць у сборы подпісаў за сацыяльна важныя справы, памаляваць і пазнаёміцца з новымі людзьмі. Вось дзе сапраўдны нэтворкінг!
Падсумоўваючы, ці пайду я яшчэ на TEDх? Безумоўна, пры першай жа магчымасці! Гэта месца, дзе можна так нахнціцца сваімі землякамі і ўвогуле новымі ідэямі, што потым яшчэ як мінімум месяц можна выязджаць на гэтым інтузіязме. Пакуль чарговыя мерапрыемствы рыхтуюцца, глядзіце вось тут прамовы з усяго света, далучайцеся да перакладчыцкай суполкі TED у Беларусі і рабіце свае крутыя справы!