Як аб’яднаць беларусаў за мяжой: чэскі досвед
- Час чытання: 5 хвілін
Алена Крушальніцкая, актыўная беларуска ў Чэхіі, дзеліцца сваім досведам аб’яднання беларускай дыяспары за мяжой.
Як ты патрапіла ў Чэхію і чым там займаешся зараз?
У 2006 годзе я ўдзельнічала ў праграме чэскай арганізацыі Člověk v tísni (Чалавек у бядзе). Былі стыпендыі для беларусаў, і я вырашыла паспрабаваць. Сябры адгаворвалі, казалі, што ніхто і ніколі па такіх праграмах не праходзіць, што завялікі конкурс на стыпендыю. Але ў мяне атрымалася і мяне прынялі ў Чэскі ўніверсітэт у горадзе Hradec Králové. Зараз я жыву ў Празе і працую ў міжнароднай кампаніі, дзе займаюся маркетынгам, а таксама з’яўляюся адной з адміністратарак фэйсбук-суполкі, якая была створана для аб’яднання беларусаў у Чэхіі.
Што з сябе ўяўляе ваша ФБ-суполка?
У Празе зарэгістравана каля 20 беларускіх арганізацый (не буду хлусіць, дзейнічаюць з іх далёка не ўсе). Нам жа з сяброўкамі хацелася стварыць нейкую нейтральную пляцоўку хутчэй для камунікацыі беларускай дыяспары Чэхіі. І каб гэтая пляцоўка была “жывая”. У выніку атрымалася так, што наша ФБ-суполка паспрыяла дыялогу паміж чэшскімі беларусамі і, як вынік, нефармальнаму гуртаванню ўсёй беларускай дыяспары Чэхіі. Варта дадаць, што FB-суполка Беларусы Чэхii адкрытая і ў ёй няма прэмадэрацыі пастоў. Далучацца могуць таксама і беларусы, якія жывуць на радзіме альбо ў іншых краінах, але цікавяцца чэшскім жыццём.
Чаму пад такую платформу вы абралі менавіта фэйсбук?
Я, як чалавек, які звязаны з працай у інтэрнэце, глыбока пераканая, што ў сучасным свеце найлепшы інструмент для аб’яднання людзей, асабліва за мяжой, — гэта сацыяльныя сеткі. Тут можна знаёміцца, камунікаваць, дыскутаваць, атрымліваць і змяшчаць інфармацыю і г. д. У Чэхіі самай папулярнай сеткай для камунікацыі ўжо шмат гадоў лічыцца фэйсбук. Таму мы спыніліся на ім. Тым больш гэта трэнд: існуюць фб-суполкі беларусаў ЗША, Аўстраліі, Англіі, Швейцарыі, Італіі, Польшчы, Карэі і гэтак далей. Але ў той жа час нам хацелася і неяк вылучыцца, таму мы паралельна завялі інстаграм, куды выкладваем цікавыя фотаздымкі і відэа з жыцця дыяспары. Неўзабаве пасля нас тое самае зрабілі і беларусы Італіі.
Колькі ўдзельнікаў на сёння ў вашай ФБ-суполцы?
Больш за 1000 чалавек, калі быць дакладнай 1150. З улікам таго, што ў Чэхіі пражывае ўсяго толькі каля 4 тысячаў чалавек з белaрускімі пашпартамі, я лічу нашыя паказнікі добрымі. Дарэчы, дзень, калі ў нашу ФБ-суполку дадаўся тысячны ўдзельнік, мы адзначалі пад лозунгам #шылаўмяшкуняўтоіш 🙂
А ў вас ёсць нейкія пастаянныя хаштэгі, па якіх вас можна знайсці?
Так. У першую чаргу, гэта #беларусыЧэхіі, #беларусыўЧэхіі і #вядомыябеларусы. Для беларусаў замежжа, якія шукаюць дапамогі ці парады, мы прыдумалі некалькі спецыяльных хаштэгаў — #беларусбеларусу і #добраясправа. Апошнімі пачалі карыстацца і беларусы з іншых ФБ-суполак. Таксама ўвосень з’явіўся новы хаштэг #BLRČR. Ён звязаны з нашай “беларускай” дзейнасцю ў рэальным жыцці, пра якую можна пачытаць на аднайменнай FB-старонцы.
Гэта значыць, што вы актыўныя не толькі ў віртуальным свеце?
Каб і ў паўсядзённым жыцці белaрусы стараліся звяртацца ў першую чаргу да сваіх, ме перыядычна робім пасты-агляды, дзе пералічваем, напрыклад, беларускіх цырульнікаў ці лекараў, якія працуюць у Чэхіі. Без знаёмства ў афлайне сапраўднае аб’яднанне ніколі не адбудзецца. Таму рэгулярна ладзім для ўдзельнікаў нашай fb-суполкі нефармальныя сустрэчы ў розных фарматах: ад “Беларускага піва”, “Беларускага бранча” да мерапрыемстваў з удзелам цікавых гасцей з Беларусі, сумеснага святкавання традыцыйных беларускіх святаў (Купалле, Гуканне вясны, Каляды) і інш. І робім гэта ўжо ў межах нашага праекту BLRČR.
Ці проста адміністраваць ФБ-суполку беларусаў за мяжой?
Ці здараюцца спрэчкі і канфліктныя сітуацыі? Так, як і ў любым кам’юніці. Таму вялікую ролю граюць загадзя прапісаныя правілы карыстання ФБ-суполкай. Мы іх некалькі разоў рэдагавалі, пакуль не атрымалі задавальняючы і нас, і ўдзельнікаў варыянт. Сярод беларусаў Чэхіі ёсць самыя розныя па поглядах і перакананнях людзі, але і ў разнастайнасці можа быць адзінства. І я неверагодна цешуся, што наша fb-суполка стала яркім сведчаннем гэтага.