Як атрымаць адукацыю ў ЗША: пяць важных крокаў


Вышэйшая адукацыя ў ЗША застаецца адным з самых папулярных накірункаў акадэмічнай мабільнасці. Студэнтаў вабяць і дыпломы міжнароднага ўзору, якія высока цэняцца працадаўцамі, і, канешне, асабістае знаёмства з Амерыкай. Таму навучанне ў Штатах – справа хоць і складаная, але цікавая. Нават трохі авантурная, а галоўнае – рэальная. Трэба толькі паставіць мэту і зрабіць ўсё для яе дасягнення. А каб было прасцей, вось 5 асноўных крокаў да атрымання вышэйшай адукацыі ў ЗША для замежнікаў:

 

  • Даследаванне магчымых варыянтаў і пошук праграмы.
  • Пошук фінансавання.
  • Падача заяўкі.
  • Атрыманне візы.
  • Ад’езд.

Звычайна ў любой справе самае складанае – пачаць. Так і тут: найбольш складанымі крокамі з’яўляюцца першыя два. Таму да пошуку праграмы з магчымасцю максімальнага фінансавання трэба падыходзіць вельмі сур’ёзна і грунтоўна. І зараз самы лепшы час, каб даведацца, як гэта лепш зрабіць.

Пошук праграмы

Галоўнае, што трэба разумець, – вы абіраеце менавіта праграму навучання, а не ўніверсітэт. Асноўная памылка большасці людзей, якія рыхтуюцца да паступлення ў ЗША, заключаецца ў тым, што яны пачынаюць шукаць прэстыжны універсітэт кшталту Гарварда, Йеля ці Прынстана замест таго, каб звярнуць увагу на патрэбную адукацыйную праграму, якой, дарэчы, у гэтых ВНУ можа і не знайсціся. Ці яна будзе не такой моцнай, як у іншых.

Якім павінен быць алгарытм пошуку праграмы?

  1. Спачатку трэба зрабіць невялікую самаправерку (self-examination): вы павінны дакладна ведаць адказы на пытанні “Чаму я хачу навучацца ў ЗША?”, “Якія дысцыпліны я хачу вывучаць і чаму менавіта іх?”, “Што мяне больш цікавіць: практыка ці даследаванні?”, “Якую кар’еру я планую зрабіць у будучыні?” і г.д.
  2. Затым трэба знайсці правільную і поўную назву патрэбнай спецыяльнасці (Major): чым больш вузкую і дакладную назву вы знойдзеце, тым лягчэй будзе адшукаць патрэбны ўніверсітэт.
  3. Потым ідзе пошук праграмы. Асноўныя рэкамендацыі:
  • выбраць некалькі праграм (ведаць пра іх літаральна ўсё);
  • параўнаць іх (ведаць плюсы і мінусы кожнай);
  • зразумець розніцу.

У гэтым вам могуць дапамагчы спецыяльныя інтэрнэт-рэсурсы. Найбольш грунтоўныя з іх:

На што варта звярнуць увагу пры выбары ўніверсітэта:

  • акрэдытацыя. Гэта адзін з важнейшых фактараў, бо калі ваш каледж ці ўніверсітэт не акрэдытаваны, то вы не зможаце перавесці вашы крэдыты (адзнакі) ў іншых акрэдытаваных навучальных установах, а працадаўцы ў вашай краіне могуць не прызнаць атрыманай вамі ступені – працу знайсці будзе вельмі складана. Альбо вам могуць проста не даць візу. Праверыць акрэдытацыю можна на сайце www.chea.org.
  • універсітэт прыватны ці дзяржаўны? (Большы шанец атрымаць фінансаванне – у дзяржаўных ВНУ).
  • памер каледжа ці ўніверсітэта (насельніцтва, рэсурсы).
  • лакацыя. Таксама вельмі важны фактар, таму што пражыванне ў Штатах нятаннае, і трэба добра паразважаць перад тым, якую ВНУ абіраць, напрыклад, на Гаваях ці ў Каліфорніі.
  • колькасць студэнтаў-замежнікаў (не кожны ўніверсітэт іх прымае).
  • цэны на навучанне і пражыванне.
  • магчымасці фінансавання (ці ёсць стыпендыі).

Трэба зразумець сваю канфігурацыю – тое, які вы студэнт і што вы самі можаце прапанаваць універсітэту. Гэта дапаможа адэкватна ацаніць свае магчымасці і далейшыя перспектывы.

Асноўныя крытэрыі адбору студэнтаў у амерыканскія ВНУ:

  • вынікі тэстаў. Можна, канешне, паступіць і з вынікамі трохі ніжэйшымі за ўсталяваны парог (напрыклад, вы можаце проста спадабацца кіраўніку сваёй праграмы), але гэта рэдкасць.
  • валоданне мовай.
  • сярэдні бал.
  • частата прыёму, ці acceptance rate (напрыклад, калі яна роўная 3, значыць, што са 100 чалавек паступаюць толькі 3. Норма – каля 40).
  • наяўнасць фінансавання для замежных студэнтаў.

Наступны крок – сартаванне. Параўнаць і абраць патэнцыйныя праграмы і ВНУ лягчэй за ўсё з дапамогай табліцы, якую можна змяняць і дапаўняць, як зручна.

Тут таксама дапамогуць і сацыяльныя сеткі. Знайдзіце студэнтаў (пажадана замежнікаў), якія ўжо навучаюцца па патрэбнай вам праграме, і пагутарыце з імі, яны раскажуць пра ўсе перавагі і магчымыя падводныя камяні.

І – нарэшце – кантакт з амерыканскім універсітэтам. Звязвацца з прадстаўнікамі ВНУ трэба толькі ў выпадку, калі вам патрэбна інфармацыя, якую нельга знайсці сваімі сіламі (звычайна ўсё ёсць на сайце), не трэба надакучваць. Будзьце гатовыя, што на званок ці паведамленне вам наўрад ці адкажа рэальны чалавек, хутчэй за ўсё гэта будзе бот. Таму, калі вам трэба звязацца з кімсьці наўпрост, лепш выкарыстоўваць skype.

Будзьце гатовыя: на пошук патрэбнай праграмы сыходзіць найбольшая колькасць часу і сіл, але вынік апраўдвае чаканні.

Пошук фінансавання

Пры пошуку фінансавання трэба разумець, што ўніверсітэты грошы проста так не даюць. Гэта бізнэс. І калі вы паступаеце ў ВНУ, вы прэтэндуеце на тое, каб трапіць у гэты бізнэс-праект з вельмі моцнай канкурэнцыяй і вялікімі патрабаваннямі.

Асноўныя стэрэатыпы, з якімі можна сутыкнуцца:

  • “Яны аплоцяць усё!” – Не. Шанец атрымаць поўнае фінансаванне вельмі невялікі, таму рыхтуйцеся, што 4000-5000$ хутчэй за ўсё прыйдзецца даплаціць.
  • “Я з Беларусі, таму яны заплацяць”. – Гэта таксама не так. У большасці сваёй амерыканцы не ведаюць, што такое Беларусь.
  • “Занадта многа стыпендый, і мне хопіць!” – Насамрэч стыпендый не так многа, і існуе верагоднасць, што не знойдзецца той, якая падыходзіць вам.

Атрыманне стыпендый залежыць ад галіны ведаў, якую вы жадаеце вывучаць. Напрыклад, лепш за ўсё фінансуюць дакладныя навукі (hard sciences), горш – гуманітарныя навукі (humanities), а бізнэс-адміністраванне (MBA), юрыспрудэнцыя (law) і медыцына амаль зусім не фінансуюцца.

Акадэмічная ступень таксама адыгрывае ролю, таму што ўніверсітэт разглядае студэнта як аб’ект інвестыцый і будучую рэкламу якасці іх адукацыі. З-за чаго ў бакалаўра шанец атрымаць стыпендыю на 10% ніжэй, чым у доктара, і на 5% ніжэй, чым у магістра.

Можна знайсці і альтэрнатыўныя крыніцы фінансавання, як крэдыты, займы і фонды.

Як ўсё ж такі атрымаць фінансаванне?

  1. Сумяшчайце розныя крыніцы (напрыклад, стыпендыя+падпрацоўка).
  2. Плаціце сваёй асабай як валютай. Прадэманструйце ўсе свае дасягненні і патэнцыял, пакажыце, што вы зможаце быць карысным для ВНУ. Стыпендыі даюць тым, хто па меркаванні ўніверсітэта гэтага варты. Таму трэба сабраць усю інфармацыю пра сябе, прыгожа яе падаць (у амерыканскіх ВНУ надаюць вялікае значэнне афармленню дакументаў) і “абмяняць” гэта ўсё на фінансаванне.
  3. Знайдзіце і вывучыце як мага больш інфармацыі пра ўсё, что датычыцца вашага паступлення і проста дайце ўніверсітэту тое, што яму патрэбна.
  4. Не забывайте пра сацыяльную актыўнасць: спорт, мастацтва, валанцёрства – ніколі не будзе лішнім.

***

Тэкст напісаны па матывах мерапрыемства арганізацыі American Councils for International Education “Учёба в США: стратегия поиска программ и финансирования”.