Як атрымаць настрыфікацыю ў Чэхіі? Парады ад Мікіты


Бадай што з настрыфікацыі любы абітурыент чэшскай ВНУ пачне збіраць інфармацыю пра паступленне. Пакрокавая інструкцыя гэтай працэдуры ёсць на ўсіх сайтах, якія прапануюць сваю дапамогу будучым студэнтам. На мінулым тыдні я атрымаў пасведчанне аб настрыфікацыі, таму, як мне падаецца, маю поўнае права падзяліцца з вамі сваім досведам, заснаваным ні на чым іншым, апроч праўды.

1-14

Настрыфікацыя – гэта працэс прызнання папярэдняй адукацыі, атрыманай па-за межамі, як у маім выпадку, Чэхіі. Яе павінны мець усе абітурыенты-замежнікі (акрамя славакаў). Тэрмін атрымання сярэдняй адукацыі ў Чэхіі – 13 гадоў. Таму беларускім абітурыентам давядзецца даказаць, што іх дыплом адпавядае чэшскім патрабаванням.

Разгледзім два варыянты.

Варыянт першы – выпускнікам тэхнікумаў і каледжаў дастаткова зрабіць завераны пераклад дыплома аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі і аплаціць унёсак. Праз некалькі тыдняў пасля падачы дакументаў настрыфікацыя будзе гатова і ніякіх іспытаў здаваць не трэба.

Варыянт другі – выпускнікам гімназій і сярэдніх школ, абітурыентам з няскончанай вышэйшай адукацыяй трэба аплаціць унёсак і здаць іспыты па прадметах з найменшай колькасцю гадзін у школьнай праграме. Як паказвае практыка, такіх прадметаў звычайна 3, адзін з іх – ангельская мова. Астатнія два залежаць ад колькасці пройдзеных гадзін і спецыяльнасці, на якую збіраецца паступаць абітурыент.

На якім этапе абітурыент павінен мець настрыфікацыю?

Гэта залежыць выключна ад установы. Некаторыя ВНУ патрабуюць настрыфікацыю на момант запісу на іспыты, некаторыя – пры ўнутраных іспытах, ёсць установы, дзе настрыфікацыю можна прыкласці ў самы апошні тэрмін перад пачаткам вучобы.

rok 2014

Што датычыцца маёй сітуацыі. Пасведчанне аб настрыфікацыі я атрымаў толькі праз два месяцы пасля пачатку семестра. Дзякуючы праграме Interstud Заходнечэшскага ўніверсітэта ўсе вучні летніх моўных курсаў маюць права абараніць сваю сярэднюю адукацыю падчас семестра.

Рыхтавацца да гэтай працэдуры я пачаў у Мінску. Перад ад’ездам у Чэхію зрабіў у сваёй школе выпіску з адзнакамі і колькасцю пройдзеных гадзін за апошнія 4 гады. Па прыездзе ў Чэхію звярнуўся ў магістрат горада, падаў дакументы і аплаціў унёсак. Маю заяву разглядалі некалькі тыдняў. Пасля прызначылі іспыты па ангельскай мове, грамадазнаўству і геаграфіі ў адной з гімназій горада. На падрыхтоўку ў мяне было два месяцы, спіс білетаў па кожным прадмеце і рэкамендавая літаратура.

Азнаёміўшыся з досведам шматлікіх студэнтаў, магу сказаць, што на іспытах камісія не звяртае ўвагу на ўзровень валодання чэшскай. І нават прадугледжвае магчымасць здаць іспыты з перакладчыкам. Натуральна, для камісіі больш важна ступень падрыхтоўкі студэнта непасрэдна да іспыту(-аў). Што датычыцца лаяльнасці камісіі: тут усё залежыць ад вучэбнай установы, дзе вам давядзецца здаваць іспыт(ы).

2-5

Напрыканцы хачу падзяліцца некалькімі парадамі, якія я паспеў усвядоміць на уласным прыкладзе:

  1. Пасведчанне аб настрыфікацыі купіць нельга. У сацыяльных сетках шмат людзей прапануюць сваю дапамогу. Але варта адрозніваць дапамогу ў падачы дакументаў на настрыфікацыю ад прапановы атрымаць настрыфікацыю без іспытаў.
  2. Калі ёсць магчымасць здаць настрыфікацыю не ў Празе, абавязкова скарыстайцеся ёй! Тут справа не толькі ў прынцыповасці камісіі. Не здаўшы адзін з трох іспытаў у Празе, прыйдзецца пераздаваць адразу тры.
  3. Удзельнікі камісіі абавязкова ацэняць намаганні студэнта, які паспрабуе здаць іспыты без дапамогі перакладчыка. Існуюць выпадкі, калі чальцы камісій ідуць насустрач студэнту і падчас іспытаў пераходзяць на ангельскую, а часам нават і на рускую.
  4. Апошняя парада, магчыма, прагучыць банальна. Але не бойцеся рабіць граматычныя памылкі ці памылкі ў вымаўленні. Размаўляйце, не спыняючыся, увесь адзведзены вам час. Гэта дапаможа запэўніць камісію ў якасці вашай падрыхтоўкі.