Як атрымаць стыпендыю Вышаградскай фундацыі?

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

Прывітанне з Катавіц, што ў Польшчы, нам дасылае Света Рогач. Зараз яна вучыцца на магістарскай праграме па стыпендыі Вышаградскага фонду і распавядзе, як туды можаш трапіць і ты.

6 год таму я скончыла БДУ і стала дыпламаваным польскім філолагам. Па размеркаванні трапіла на курсы, дзе выкладала польскую мову. Там і засталася. І хоць кожны дзень я працавала з польскай мовай, якую вельмі люблю, аднак часта адчувала, што мне не хапае кантактаў з Польшчай, хацелася штосьці памяняць у жыцці.

Але ж ты шмат займалася перакладамі. Гэта прыносіць разнастайнасць у жыццё, ці не так?

Падчас вучобы ва ўніверы я пайшла яшчэ на чэшскую мову. Наш выкладчык – Сяргей Сматрычэнка – стварыў супольнасць зацікаўленых мовай і літаратурнымі перакладамі людзей. Там я пачала перакладаць. Спачатку гэта былі невялічкія тэксты. А ўжо летась я атрымала прэмію “Дэбют” за пераклад кнігі “Жыткаўскія багіні” Катаржыны Тучкавай. За два апошнія гады пераклала 2 кнігі з чэшскай на беларускую мову. Перакладала яшчэ і з польскай і славацкай моваў. Гэта былі апавяданні, фрагмент рамана. Друкавалася ў АРХЭ, Макулатуры.

Дык чаму такое паспяховае жыццё ты вырашыла змяніць на студэнцтва? Чаму вырашыла вучыцца далей?

Мне хацелася змяніць працу. Перакладамі на жыццё не заробіш, на жаль. Тым больш, мне не прыйшлося кідаць гэта – я працягваю перакладаць, але гэта хобі, а не праца.

Я добра валодаю польскай мовай, шмат разоў была ў Польшчы, таму выбрала гэтую краіну ў якасці месца навучання. Падумала, што там мне будзе найбольш камфортна. Акрамя таго, я ўжо ведала пра існаванне Вышаградскага фонду. Гэта фундацыя заснавала стыпендыяльную праграмму, якая дазваляе вучыцца і атрымаць ступень магістра альбо доктара ў краінах вышаградскай группы (Польшча, Чэхія, Вугоршчына, Славаччына). І тут усё склалася.

Пасля таго, як ты вызначалася з краінай, як ты выбірала ўніверсітэт?

Яшчэ падчас свайго навучання ў БДУ я брала ўдзел у летняй школе Сілезскага ўніверсітэта ў Катавіцах. Так я даведалася пра гэты ўніверсітэт, пра ўзровень адукацыі там. Таксама падпісалася на іх старонку ў Фэйсбуку і ўбачыла аб’яву пра праграму Międzynarodowe Studia Polskie. Зноў жа, усё складвалася вельмі добра. Я ведала некаторых выкладчыкаў універсітэта яшчэ з летняй школы, таму зноў спрацаваў фактар камфорту. Свой пошук я спыніла на Катавіцах.

Цікава… Значыць, паездкі на летнія школы могуць мець вялікі плён! А як выглядала паступленне ва ўніверсітэт? Ці трэба было  туды ездзіць на нейкія іспыты?

Увесь працэс паступлення электронны. Трэба было загадзя спісацца з універам і растлумачыць пра свае намеры падацца на стыпендыю. Мы дамовіліся, што калі я атрымаю стыпендыю, то мяне возьмуць ва ўніверсітэт. Некаторыя ўніверсітэты патрабуюць яшчэ дадатковыя іспыты – усё залежыць ад канктрэтнай ВНУ. Трэба даведвацца ў кожнай сітуацыі ўсе дэталі.

Значыць, перш чым паступіць ва ўніверсітэт, трэба атрымаць стыпендыю? Што для гэтага трэба рабіць?

Ну, не зусім так – я ўсё ж спачатку спісвалася з універсітэтам і атрымоўвала ад іх згоду на паступленне, калі стану стыпендыяткай. Вышаградскі фонд плаціць нейкую суму ўніверсітэту за свайго стыпендыята, таму ўніверсітэт зацікаўлены ў нас, яму гэта выгадна.

Потым я ўжо збірала дакументы для стыпендыі. Як і паўсюль, спатрэбіліся дыплом з выпіскай (+ пераклады на ангельскую). Неабходна было запоўніць вялікую і не вельмі простую online-форму на старонцы стыпендыі. У форму ўваходзяць CV і матывацыйны ліст, таксама трэба запампаваць акадэмічныя дакументы і прыкладны план працы на перыяд навучання (для дактарантаў гэта апісанне даследчага праекта). Добра напісаная матывацыя – вялікі шанец на атрыманне стыпендыі для патэнцыйных магістрантаў. Дактаранты больш увагі надаюць напісанню даследчага плану, таму што для іх гэта вельмі важна, каб атрымаць дактаранцкую стыпендыю. Усё гэта адбываецца задоўга да паступлення: дэдлайн для стыпендыі – 31 студзеня.

Заяўкі разглядаюць доўга. Пра рашэнне аплікант даведваецца напрыканцы траўня, і калі яно пазітыўнае, то можна пераходзіць да працэсу паступлення (як я ўжо казала, ён можа быць розным у залежнасці ад універсітэта). Спіс стыпендыятаў публікуюць у інтэрнэце па кожнай краіне, таму можна знайсці сяброў загадзя.

Калі ты атрымала стыпендыю і паступіла на праграму, што чакала далей?

Фонд дапамагае зрабіць нацыянальныя візы стыпендыятам – дасылае запрашэнні. Таму наступныя дзеянні – гэта атрыманне дакументаў для жыхарства ў краіне. Потым шукаеш кватэру, квіткі – усе трывіяльна.

А калі пачынаецца вучоба? Ці былі нейкія актыўнасці для новых замежных студэнтаў?

У Польшчы заняткі пачынаюцца 1-га кастрычніка. Для новых студэнтаў арганізоўваецца тыдзень адаптацыі, дзе расказваюць пра розныя адміністрацыйныя штукі, рэгістрацыю на заняткі і г.д. Важна як мага хутчэй атрымаць ад універсітэта даведку, што ты прыехаў і прыступіў да заняткаў. Толькі пасля гэтага ты маеш права на пералічэнне стыпендыі на твой рахунак.

Якія адрозненні ў сістэмах адукацыі ты заўважыла?

Мне вельмі лёгка вучыцца: заняткаў менш, вольнага часу больш. Я вучуся толькі тры дні на тыдзень, дый тыя не вельмі загружаныя. Таму я ўзяла дадатковую спецыяльнасць.

Няма тут дзіўных і непатрэбных прадметаў, што забіваюць час і забіраюць сілы.

Спартыўныя актыўнасці можна выбіраць – я спынілася на басейне. Гэта абсалютна бясплатна, цябе яшчэ і плаваць вучаць. Студэнты самі абіраюць даты для іспытаў – дамаўляюцца з выкладчыкамі на зручны час і дзень. Менавіта таму, пры жаданні, сесію можна здаць за тыдзень. Увогуле вольных дзён і канікул нашмат больш. Нават цяжка спачатку было, бо я прызвычаілася да больш інтэнсіўнага рэжыму працы. Узровень выкладання даволі высокі. Па мовазнаўстве я не вельмі шмат новага даведалася – гэта ўсё ж такі мая галоўная спецыяльнасць. А вось па іншых прадметах веды атрымала. Напрыклад, на новым прадмеце “Культурная журналістыка” – пра журналістыку ў сферы культуры. Гэта вельмі цікава.

З іншага боку, у пэўных выпадках польскія выкладчыкі занадта мяккія і добрыя, ставяць залікі і экзамены “за старанне”. То бок некаторыя хібы прысутнічаюць.

Але па вялікім рахунку сістэмы падобныя.

Што б ты перанесла адтуль у беларускія ўніверсітэты?

Перш за ўсё – змяншэнне колькасці непатрэбных прадметаў! Не магу сказаць, што чагосьці вельмі не хапае. Наадварот, шмат чаго бывае зашмат. Мне падабаецца, бо шмат увагі тут надаецца культуры – кіно, журналістыцы, літаратуры. Гэта дазваляе атрымаць больш шырокае разуменне філалогіі.

Наколькі актыўнае студэнцкае жыццё ў тваім універы?

Розныя мерапрыемствы адбываюцца ўвесь час. Гэта і тэматычныя вечарыны, паездкі, канцэрты. У Катавіцах, як і ў іншых польскіх студэнцкіх гарадах, штогод адбываецца студэнцкае свята Ювеналіі, калі ўсе адпачываюць і гуляюць, для студэнтаў арганізуюцца розныя канцэрты. Весела тут у гэты час. Таксама бываюць цікавыя навучальныя візіты. Мы ездзілі, напрыклад, у Бельска-Бялу ў студыю мультыплікацыі, дзе малявалі Болека і Лёлека. Таксама была паездка ў кітайскую амбасаду ў Варшаве. Што тычыцца навуковага жыцця, то вельмі шмат розных канферэнцый, у тым ліку і міжнародных.

А якія ў цябе інтарэсы? Чым займаешся ў вольны час?

Я ўжо казала, што пераклады – гэта маё хобі. Таму у вольны час вельмі шмат увагі аддаю гэтаму. Вось цяпер вучуся перакладаць на польскую мову. Гэтую праблему я планую і вывучаць у якасці навуковага пытання.  Атрымоўваецца, што вучоба і вольны час  у мяне пераплеценыя.

Што б ты хацела рассказаць яшчэ пра сваю стыпендыю беларускім студэнтам?

Гэта стыпендыя большая за іншыя, даступныя ў Польшчы для магістрантаў і дактарантаў. Таму на фінансавы конт не трэба турбавацца. Я, напрыклад, даволі шмат падарожнічаю. Рабіць гэта на нашую беларускую стыпендыю было немагчама, на жаль.

Не трэба баяцца быць актыўным! Нашыя студэнты, на жаль, мала актыўныя ў міжнародных праграмах, баяцца вялікай колькасці дакументаў, цяжкасці напісання матывацыі, думаюць, што гэта ўсё не для іх. А насамрэч верагоднасць атрымаць стыпендыю даволі вялікая. Трэба спрабаваць, працягваць вучыцца, бачыць і адкрываць новае.

Што польскае ты дадала б у беларускую рэчаіснасць?

Галоўнае –  гэта ветлівасць! Тое, што ўсе з усімі вітаюцца, ветліва звяртаюцца адно да аднаго, падымае настрой і стварае ўтульныя ўмовы для жыцця. Думаю, нам варта гэта пераняць.