Як атрымаць дыплом магістра і незабыўны культурны досвед у ЗША


Чыкага знаходзіцца на беразе возера Мічыган – аднаго з вялікіх (ва ўсіх сэнсах) азёр

Амаль кожны студэнт беларускага ўніверсітэта не адмовіўся б атрымаць досвед акадэмічнага абмену дзе-небудзь па-за мяжой нашай цудоўнай краіны – больш за ўсё мы глядзім у бок Заходняй Еўропы ці ЗША. Лічыцца, што там і траўка зелянейшая, і птушкі прыгажэй спяваюць, і, зразумела, адукацыя на лепшым узроўні. Заходняя Еўропа і нашыя геаграфічныя суседзі апошнім часам перасталі быць чымсьці далёкім і недасягальным: тут ёсць і наш вільнюскі ЕГУ, розныя стыпендыяльныя праграмы кшталту ESSYB і Visby, а таксама вялікая колькасць лакальных стыпендый ды грантаў. ЗША ў гэтых адносінах стаяць неяк наводдаль, у большай ступені прыцягваючы нас сваімі культурнымі аспектамі (Амерыка, ваў!) і колькасцю ўніверсітэтаў сапраўды высокага ўзроўню (Гарвад, Ель ці іншыя). Трапіць у такі ўніверсітэт складана: па-першае, кошт адукацыі насамрэч не вельмі адэкватны, па-другое, нават калі атрымаеш добры грант, ён пакрые выдаткі максімум на навучанне.

Fulbright Graduate Student Program (Праграма Фулбрайта) – гэта праграма, фінансаванне якой ажыццяўляецца Дзяржаўным дэпартаментам ЗША. Мэта яе – даць магчымасць моладзі з усяго свету бясплатна атрымать адукацыю на магістарскім узроўні ва ўніверсітэтах краіны. Прычым не толькі пакрываецца кошт навучання, але і даецца добрая стыпендыя на пражыванне, памер якой залежыць ад месца знаходжання ўніверсітэта і пражытачнага мінімуму кожнага штата (напрыклад, у Нью-Йорку студэнт будзе атрымліваць каля 2000 долараў, у той час як у Паўночнай Дакоце, дзе больш мядзведзяў, чым людзей, сума будзе ў два разы ніжэй).

Fulbright

Гучыць добра, так? Галоўная праблема – вытрымаць конкурс і стаць удзельнікам праграмы, якая пасля непрацяглай паўзы зноў адкрылася з 2013 г. У бюракратычна-працэдурныя моманты паглыбляцца няма неабходнасці (усё досыць стандартна – дыпломы, CV, матывацыйны ліст і г.д.), але трэба падкрэсліць, што конкурс немаленькі і месцаў няшмат. Калі вам пашанцавала (прайшлі мінскі этап адбору і вас абралі ў якасці стыпендыята), вы трапляеце ў клапатлівыя рукі IIE (Instutute of international education) – арганізацыі, якая займаецца вашым уладкаваннем з улікам вашых пажаданняў і моцы CV. Фарміруецца спіс універсітэтаў, у якія IIE падае заяўкі ад вашага імя. Ніякіх асаблівых патрабаванняў няма: трэба проста чакаць адказу ад універсітэтаў (у спісе іх павінна быць чатыры) і пры неабходнасці праходзіць сумоўі па скайпе.

У спіс маіх універсітэтаў увайшлі California Hastings School of Law (Сан-Францыска), George Washington University (Вашынгтон), Fordham University (Нью-Йорк) і John Marshall Law School (Чыкага). Усе прыслалі станоўчы адказ, але апошні з гэтага спісу згадзіўся даць яшчэ і частковую стыпендыю. IIE звярнуўся да мяне з прапановай: “Цімафей, мы можам зэканоміць і даць грошай каму-небудзь яшчэ, таму давай-ка ты ў Чыкага”. Чыкага дык Чыкага.

Чыкага – гэта трэці па велічыні і другі па эканамічным узроўні горад у ЗША. Тут ёсць людзі рознага кшталту, але большасць складаюць афраамерыканцы: іх у адноснай колькасці каля 50 адсоткаў. Сканцэнтраваны яны пераважна ў паўднёвых раёнах, якія, дарэчы, лічацца дастаткова небяспечнымі. Калі гэтага не ведаць, можна трапіць у сітуацыю, якая да болю нагадвае Беларусь канца 1990-х: добрыя хлапцы “ветліва” запытаюцца, з якога вы раёну, і паспрабуюць зрабіць апгрэйд свайго старога тэлефона за ваш кошт. Але ўсё ж такі Чыкага – гэта сталіца джаза, добрай італьянскай кухні (тут шматлікая італьянская дыяспара), манументальнай, хоць і шэрай, архітэктуры, шумных клубаў, бясконцых спартыўных падзей. Тут заўсёды ёсць чым заняцца, а часу сумаваць зусім няма.

Pulitzer Pavilion. Месца сумеснага прагляду кіно (з бутэлькай добрага віна) і бясплатных канцэртаў (не Сашы Нэма на дзень горада)

Pulitzer Pavilion. Месца сумеснага прагляду кіно (з бутэлькай добрага віна) і бясплатных канцэртаў

Green Mill – месца, дзе ў гангстэрскім Чыкага збіраліся члены банды Аль Капоне. Зараз проста добры джаз-клуб

Green Mill – месца, дзе ў гангстэрскім Чыкага збіраліся члены банды Аль Капоне. Зараз проста добры джаз-клуб

У адносінах да вучобы Амерыка здаецца нейкай зусім ужо райскай краінай. Па-першае, у маёй юрыдычнай школе дазвалялася браць амаль любы курс з умовай, што ты выконваеш план па абавязковых прадметах, а іх толькі 2–3 на год. Па-другое, ніякіх ранніх заняткаў – 7 гадзін, кава, прыступ дэпрэсіі, зноў кава, ужо лепш, і далей па спісе тыповай ранішняй адаптацыі да вучэбнага жыцця. Усе разумеюць, што на магістарскім узроўні людзі могут працаваць ці праходзіць стажыроўкі, таму заняткі праходзяць увечары ці наогул на выходных. Вучыцца, калі гэта не Гарвард, тут не вельмі складана: узровень досыць высокі, але, калі прыкладаць намаганні, можна быць на адным узроўні з амерыканцамі, і нават лепш за іх. Усё залежыць ад персанальнай матывацыі ды, мабыць, ад прадмета выкладання. Напрыклад, у мяне былі пэўныя праблемы з разуменнем некаторых рэчаў у амерыканскім праве, якіх няма ні ў нас, ні ў Еўропе.

Гэта наконт таго, што “яны там у сваіх Амерыках зімы сапраўднай не бачылі”

Гэта наконт таго, што “яны там у сваіх Амерыках зімы сапраўднай не бачылі”

Акрамя таго, навучанне ў амерыканскім універсітэце – гэта акадэмічныя і прафесіянальныя сувязі, культурны досвед, найлепшая практыка англійскай мовы (як толькі вы пачынаеце разумець акцэнт афраамерыканцаў, ведайце – ваша мова вельмі і вельмі блізкая да ідэальнай), магчымасць адкрыць новыя месцы і пабачыць тое, з чым асацыюецца Амерыка – ад Каліфорніі да Нью-Йорка і ад Вялікіх Азёр да Флорыды. Чым я, напрыклад, і займаўся ў студзёную чыкагскую зіму.

Лос-Анджэлес

Лос-Анджэлес

Праграма Фулбрайта – гэта ўнікальная магчымасць набыць добрую адукацыю і персанальны досвед, які ўсяк не будзе лішнім, а можа і наогул змяніць светапогляд. У апошні час стала модным крытыкаваць Захад і заходні лад жыцця, таму пабачыць усё сваімі бачыма будзе, як кажуць амерыканцы, eye-opening experience.

Фульбрайт вачыма ўдзельнікаў

Мой досвед – гэта мой досвед, таму, каб лепей зразумець, што такое гэтая праграма, яе плюсы (і мінусы), вось вам меркаванні іншых студэнтаў з постсавецкай прасторы.

Unknown-2

Людміла Дзядзюшкіна, Расійская Федэрацыя, Master of Public Administration, Northern Illinois University: “Фулбрайт дае шмат магчымасцей у плане атрымання новых кантактаў, сяброў, знаёмстваў. Я ўжо даўно страціла лік колькасці людзей, з якімі я пазнаёмілася за перыяд майго навучання ў ЗША. Я не сказала б, што мне вучоба даецца лёгка: заданні дастаткова цяжкія, чытаць трэба вельмі шмат, таксама як і пісаць. Тым не менш, прафесары заўсёды рады дапамагчы, падказаць, што часам палягчае выкананне заданняў. Я ўдзячная сваім выкладчыкам за каштоўныя парады і новыя веды”.

 

Unknown-3

Фірдаўз Наврузаў, Узбекістан Teaching English as a Second Language (TESL), Minnesota State University: “Мой досвед як студэнта па праграме Фулбрайта я разглядаю як самы карысны ў жыцці. Ён адчыніў мне шмат новых магчымасцей і дазволіў пазнаёміцца з вялікай колькасцю прафесіяналаў з маёй сферы. Вядома, як і ўсё ў нашым жыцці, праграма Фулбрайта мае свае плюсы і мінусы. Я лічу, што плюсаў тут значна больш: акрамя першакласнай адукацыі, Фулбрайт дазваляе выявіць уласны патэнцыял і знайсці шлях у жыцці. Адзіны мінус, які я магу вызначыць, – гэта культурная адаптацыя да ЗША, якая, мабыць, досыць складаная для тых, хто ніколі не быў у гэтай краіне”.

 

Unknown-4

Ульяна Завадская, Беларусь, Master of Marketing Research, The University of Texas at Arlington:

“Праграма Фулбрайта дала мне шанец ажыццявіць сваю мару і атрымаць ступень магістра на радзіме маркетынгу, у ЗША. Дзякуючы стыпендыі я змагла дэталёва вывучыць мноства пытанняў, якія цікавілі мяне яшчэ з часоў навучання ў БДЭУ. У дадатак да акадэмічнага досведу ў мяне таксама атрымалася набыць практычныя веды і папрацаваць над уласным праектам падчас летняй стажыроўкі ў кампаніі Walmart. Неацэнным таксама можна лічыць досвед зносін у інтэрнацыянальным асяроддзі, развіццё шырокай сеткі прафесійных кантактаў, а таксама магчымасць падарожнічаць. Безумоўным плюсам атрымання адукацыі ў ЗША з’яўляецца яе прэстыжнасць і практычная арыентаванасць”.

Ці варта змяняць звыклы стыль жыцця і ісці да новых выпрабаванняў – гэта справа кожнага. Але я б параіў адказаць «так» і рухацца насустрач ім упэўненымі крокамі.