Як падрыхтавацца да сумоўя?


Што азначае сумоўе? Быць запрошаным на яго ўжо азначае, што Вы добра выглядаеце “на паперы”, што Вашая аплікацыя зацікавіла камісію па адборы. Інтэрв’ю можна назваць сітуацыяй “зараз альбо ніколі”: калі Вы дрэнна праявіце сябе на сумоўі, то Вас не ўратуе нават найлепшая аплікацыя. Менавіта таму да яго неабходна падрыхтавацца загадзя.

Перад сумоўем:

Па-першае, прачытайце як мага больш пра кампанію/стыпендыю. Калі гэта фірма, то даведайцеся, чым дакладна яна займаецца, наколькі яна паспяховая, якую пазіцыю займае на рынку, якая ў ёй пануе карпаратыўная культура, якія абавязкі выконвае ў ёй працоўнік Вашага ўзроўню, як выглядае звыклы працоўны дзень. Калі гэта стыпендыя, то паглядзіце, якія прадметы і ў якой колькасці Вы будзеце вывучаць, наколькі свабодна можна выбіраць сабе прадметы, як будзе ацэньвацца Ваша праца, хто будзе выкладаць, якія ўмовы пражывання і культурная праграма прапанаваны. Калі падсумаваць вышэй названае, паспрабуйце як мага больш дэтальна ўявіць сабе, чым Вы будзеце займацца, калі атрымаеце стыпендыю/працоўнае месца. Запішыце таксама тое, што цікавіць Вас, што не зразумела, пра што Вы хацелі б даведацца больш. Падчас сумоўя амаль заўсёды адводзіцца час, каб адказаць і на Вашыя пытанні.

Па-другое, прачытайце яшчэ раз умовы конкурсу і патрабаванні. Паразважайце над аргументамі і прыкладамі, якія могуць яскрава пацвердзіць Вашую адпаведнасць пастаўленым умовам. Але не перабольшвайце, каб не зрабіць уражанне занадта кваліфікаванага, і не кажыце маны, бо інфармацыю можна праверыць. Распаўсюджанае пытанне на сумоўі: “Чаму Вы з’яўляецеся найлепшым кандыдатам на гэтае месца?” Вы павінны самі быць упэўненыя, што так і ёсць: гэта праявіцца падчас інтэрв’ю і павялічыць вашыя шансы на поспех. Але будзьце асцярожныя, мяжа паміж самаўпэўненасцю і фанабэрыяй дастакова празрыстая.

Па-трэцяе, пастарайцеся даведацца, як доўга будзе працягвацца сумоўе, хто яго будзе праводзіць, і якія тэмы найбольш цікавяць гэтую асобу.

Па-чацвёртае, майце на ўвазе, што пэўны шэраг пытанняў паўтараюцца на кожным сумоўі. Падрыхтуйце прыкладныя адказы на іх і папрасіце сябра, каб ён правёў з Вамі пробнае інтэрв’ю. Некаторыя з гэтых пытанняў трапяцца Вам абавязкова:

Чаму Вы з’яўляецеся найлепшым кандыдатам на гэтае месца…?

Назавіце 1-3 Вашыя асабістыя якасці.

Чаму Вы выбралі менавіта гэта месца працы/праграму?

Якім чынам Вы падыходзіце да патрабаванняў…?

Як Вы бачыце сябе праз 5 гадоў/якія ў вас планы наконт кар’еры?

Раскажыце нам пра сітуацыю, у якой Вы змаглі праявіць ініцыятыву, якасці лідэра.

Ці не лічыце Вы, што Вы занадта стары/малады для…?

Якім чынам вашая папярэдняя адукацыя/вопыт дапасоўваюцца да…?

Для сумоўя на стыпендыю: Як Вы зможаце выкарыстаць тое, што Вы вывучыце?

Як гэтая стыпендыя/праца суадносіцца з Вашымі планамі на будучыню?

 

Агульныя парады да адказаў на пытанні:

Аргументуйце карысць, якую Вы зможаце прынесці арганізацыі. Дадайце новую інфармацыю пра сябе, якой не было ў аплікацыі. Альбо прэзентуйце яе з іншага боку, каб зацікавіць суразмоўцу. Прывядзіце прыклады, калі апісвайце асабістыя якасці.

Дадайце цікавую інфармацыю пра сябе, якая не звязана з працай. Сцісла апішыце, чым Вы займаецеся пасля працы.

Адказвайце энергічна і з энтузіязмам. Такім чынам Вы зможаце пераканаць мэнеджера, што сапраўды зацікаўленыя. А Вашыя адказы не будуць выглядаць, як механічныя.

Папрактыкуйцеся ў аказах. Адзін адказ не павінен доўжыцца больш за мінуту. Выкажыце сваю думку і няхай сумоўе працягваецца далей. Лепш патрэніравацца перад люстэркам уголас альбо ў прысутнасці іншай асобы.

 

Падчас сумоўя:

Вечарам напярэдадні сумоўя з’ездзіце туды, дзе яно будзе адбывацца, асабліва калі Вы дрэнна ведаеце дарогу, бо, пэўна, найгоршае – гэта спазніцца. У дзень інтэрв’ю вазьміце на ўсялікі выпадак з сабой копіі дакументаў з аплікацыі (безумоўна, акрамя рэкамендацыі).

Звярніце ўвагу, на стыль адзення. Ён павінен быць дзелавым. Асоба, якая праводзіць сумоўе можа выглядаць менш фармальна, бо менавіта Вы павінны стварыць добрае ўражанне, а не ён/яна.

Усміхайцеся, калі заходзіце ў пакой і вітаецеся. Сумоўе звычайна пачынаецца з лёгкай размовы, каб атмасфера стала менш напружанай. Сур’ёзныя пытанні ідуць пасля. Бліжэй да канца інтэрв’ю Вам прапанаюць задаць свае пытанні. На заканчэнне можаце спытацца пра ўражанне ад сумоўя, не толькі таму, што гэта добра выглядае, але і таму, што Вы хочаце ведаць, што было добра, а што можна было б зрабіць лепш у наступны раз. Але не чакайце адразу рашэння на Ваш конт. Негледзячы на тое, які Вы маеце настрой пасля сумоўя, трымайцеся ветліва і ўпэўнена.

 

Мэнеджер па кадрах чакае ад Вас наступнага:

Вы маеце добрыя навыкі камунікацыі, асабліва добра ўмееце слухаць.

Вы аптыміст і верыце ў тое, што можаце нешта змяніць.

Вы дэмантструеце шчырасць і адкрытасць.

Вы – інтэлігентны і разважлівы чалавек.

Вы можаце ўзяць на сябе абавязкі і адказнасць.

Вы прывабна і здарова выглядаеце, з густам апрануты.

Вы не эгацэнтрычны, можаце суперажываць іншым.

Вы цікавая і энергічная асоба, з якой іншыя людзі хочуць кантактаваць.

 

Увага! Што трэба і чаго нельга рабіць падчас інтэрв’ю:

Старайцеся не казаць зашмат ці занадта гучна, каб не дамінаваць у размове. Дазвольце таму, хто праводзіць сумоўе ўзяць ініцыятыву ў свае рукі, але разам з тым адказвайце ясна і дастаткова разгорнута на пытанні. Таксама звярніце ўвагу, на жэсты і міміку.

Не крытыкуйце калег, сяброў, канкурэнтаў, якія займаюць тую самую пазіцыю альбо вучыліся разам з Вамі. Вы павінны прэзентаваць сябе як сапраўды вартага кандыдата, а не добрага на фоне горшых.

Не закранайце першым фінансавыя аспекты, нават калі Вас падштурхоўваюць да гэтай тэмы. Пастарайцеся далікатна яе пазбегнуць і паслухаць спачатку, што прапануюць Вам.

Не закранайце сваё прыватнае жыцце, асабістыя цяжкасці. На сумоўі ад Вас хочуць пачуць пра тое, што Вы умееце і можаце рабіць.

 

Пасля сумоўя

Калі ў Вас ёсць э-майл таго, хто праводзіў сумоўе, напішыце ліст з падзякай. Гэта добрая нагода, каб:

падзякаваць за добра праведзены час і цікавую дыскусію;

пакінуць пасля сябе больш яркае ўражанне, чым іншыя 20 асоб;

не пішыце ў лісце новых аргументаў на сваю карысць, бо гэта можна зразумець як недабрасумленнасць;

нагадайце найбольш важныя пункты з Вашай аплікацыі.

Е-майл трэба напісаць у той самы дзень, калі праходзіла сумоўе. Ён павінен быць не даўжэй за 3-4 абзацы.

 

Падставы, на якіх Вы можаце атрымаць адмову (праанлізуйце загадзя, каб пазбегнуць памылак):

Вы не дэманструеце, як Вашая адукацыя, асабістыя якасці стасуюцца з патрэбамі кампаніі. На сумоўі хочуць даведацца, ці зможаце Вы адпавядаць іх генеральнай лініі. Найлепшы спосаб паказаць такую адпаведнасць, гэта расказаць пра выпадкі, у якіх Вы дасягнулі поспеху, атрымалі добрыя вынікі. Да гэтага аповеду вы павінны падрыхтавацца загадзя.

Вы не дэманструеце аніякіх ведаў пра кампанію. Многія кандыдаты не шукаюць загадзя інфармацыю пра фірму/універсітэт. Калі Вы падрыхтаваныя да сумоўя, то можаце задаць пытанні, якія паказваюць Ваш энтузіязм да працы. Вы пакінеце пасля сябе добрае ўражанне, калі выканаеце “хатнюю працу”.

Тое, што Вы кажаце на сумоўі, не звязана з Вашым рэзюмэ. Дрэнным знакам для мэнеджэра зя’ўляецца тое, што кандыдат не можа адказаць адэкватна на пытанні па рэзюмэ. Вы павінны ведаць змест апошняга вельмі добра. Гісторыі поспеху Вы павінны таксама прадумаць напярэдадні.

Уражанне, якое Вы ствараеце не адпавядае ўяўленням пра ідэальнага кандыдата.Упэўніцеся, што ваш імідж адпавядае месцу, якое Вы хочаце заняць. Звярніце ўвагу на знешні выгляд. Не забывайцеся пра ахайнасць. Важнае значэнне мае таксама Ваша манера размаўляць і паводзіны.