Як палепшыць свае камунікацыйныя здольнасці?


У аўторак трапіла на канферэцыю “Адукацыя як права чалавека”. Два дні думала, што б напісаць па яе выніках. Усё, што пачула, збольшага было вядома і раней: працэс далучэння да Балонскай прасторы ідзе, рэформы рэфармуюцца, нарматыўныя акты нармуюцца, але гарантый, што гэты працэс не вечны, няма ніякіх. Учора стала вядома, што ў Беларусі прызначылі новага міністра адукацыі – “чалавека прагрэсіўнага”, камуніста, ідэолага, піянерважатага. Цяпер шмат хто ставіць пад сумнеў тое, што будзе адбывацца нават сам працэс.

#adukacyja паўсюль

#adukacyja паўсюль

Да 2018 года наша краіна мусіць выканаць усе рэкамендацыі Дарожнай карты, каб стаць паўнавартаснай часткай Балонскай прасторы. Ідуць месяцы, мінаюць гады, а мы дагэтуль не маем права нават на такія дробязі, каб самім скласці сабе вучэбны план, паехаць на семестр за мяжу. Што казаць пра больш глабальныя зрухі! У час, калі мабільнасць студэнтаў стала даволі трывіяльнай з’явай, для нас яна дагэтуль – акно ў іншы свет. Перш за ўсё адукацыйны. Па апошніх звестках, якія на канферэнцыі агучыў Сяргей Вятохін, сёлета па абмене ў іншыя ўніверсітэты паехала 115 студэнтаў. 115 з 360 000. Суадносіны ўражваюць.

Уразілі на канферэнцыі і назіранні Даніэля Круцыны, які шмат гадоў працуе з Усходняй Еўропай у галіне кансалтынгу. Міжнародная кампанія, калі наймае супрацоўнікаў, ладзіць стандартны іспыт, які тэстуе аналітычныя здольнасці. Да прыкладу, кандыдаты з Прыбалтыкі ў сярэднім маюць 52 балы, з Беларусі – 61. Адзін беларус наогул паказаў вынік у 98 балаў, што блізка да геніяльнасці. Прычым сам спадар Даніэль пажартаваў, што наўрад ці набраў бы 50.

“З іншага боку, у беларускіх кандыдатаў кепска развітыя камунікацыйныя навыкі. Яны не ведаюць, як выступаць, як фармуляваць і адстойваць уласную думку. Яны не ведаюць, як сябе прадаваць”.

І гэта праўда. Ці перажывалі вы сітуацыі, калі падчас публічнага выступу кроў пульсавала так, што гэта можна было нават пабачыць? Калі губляліся на сумоўі і казалі нелагічную лухту, якая зусім па-іншаму гучала ў галаве? Калі прасцей было пагадзіцца з меркаваннем іншага, абы не было спрэчкі / вайны / ці што ў нас яшчэ з нацыянальнага? Гэтыя здольнасці, на жаль, не выхоўвае школа, універу таксама да “мягкіх скілоў” няма справы. Адзінае выратаванне – самаадукацыя і прага ўзгадаваць у сабе ўпэўненую асобу, якая не толькі шмат ведае, але і ўмее годна прадставіць сябе. Вось таму – мы верым (і ведаем) – так важна ўдзельнічаць у розных трэнінгах, семінарах, моладзевых абменах, летніх школах, хадзіць на цікавыя лекцыя, выштурхоўваць сябе па-за межы зоны камфорту і не баяцца. Не баяцца, што ўсё можа быць зусім інакш – цікава, захапляльна, адказна, хоць напачатку і не вельмі ўтульна. Гэта самы надзейны спосаб развіць свае камунікацыйныя навыкі і зразумець, на што ты здольны (-ая) насамрэч. Бо схавацца пад парту не атрымаецца: сама сітуацыя, калі да яе дадаць матывацыю, вымагае быць упэўненым, актыўным і цікаўным.

Нядаўна ў мяне здарылася інтэрв’ю з выпускніцай Кембрыджу, якая адным з галоўных прафесійных набыткаў за час вучобы назвала… сацыяльныя зносіны. Уяўляеце, наколькі гэта моцна? Паступіць у адзін з лепшых універаў свету, аказацца ў цэнтры акадэмічнага мікрасусвету і зразумець, што насамрэч дагэтуль ты проста не ўмела камунікаваць, выказваць сваё меркаванне, абгрунтоўваць яго і разумець, што яно не менш важнае, чым пункт гледжання дасведчанага прафесара. Але што ўяўляць – хутка гэтую неверагодную гісторыю можна будзе прачытаць на сайце.

***

Шчыра кажучы, у гэтай нататкі няма заканчэння. На развітанне пакіну гэтую спасылку з 34travel.by, дзе мы сабралі самыя ўлётныя магчымасці, што могуць змяніць цябе. Будзьце пільнымі ды цікаўнымі!