Як паспяхова здаць TOEFL: парады ад тых, хто змагаўся з ім і перамог
- 29.06.2016
Гэты пост я “выношвала” даволі доўгі час. Такі доўгі, як і мая ўласная падрыхтоўка да TOEFL. У пазамінулую суботу нарэшце адбыўся дзень “Х”. TOEFL здадзены, чакаю вынікаў, а пакуль магу крыху распавесці пра свае пакуты падчас падрыхтоўкі.
Пачну з таго, што рыхтавацца да іспыту я пачала яшчэ ў 2013 годзе, калі запісалася на курсы ў Streamline, але здала, як бачыце, толькі ў 2016м. Гэта стала маёй першай памылкай.
Сябры, калі вы вырашылі ісці на курсы, здавайце іспыт адразу пасля іх заканчэння! Чаму гэта так істотна? Як я зразумела ўжо пасля, калі вы рыхтуецеся кожны божы дзень, то ўваходзіце ў рытм. А калі робіце перапынак, потым больш складана зноў вярнуцца на шлях хуткага выконвання заданняў. І, як вынік, вы будзеце рабіць больш памылак, губляць больш часу. Для TOEFL вельмі істотна ўкласціся ў адведзены перыяд.
Прыватныя курсы падрыхтоўкі
Я паспрабавала дзве школы: IBA і Streamline. У першую трапіла, таму што мяне прывабіла магчымасць трэніравацца ў камп’ютарным класе. Бо, як вы, напэўна ведаеце, TOEFL – цалкам камп’ютарны тэст. Але пасля першых заняткаў адмовілася ад гэтай школы і перайшла ў Streamline з-за неарганізаванасці першай. У Streamline усё крута, але дорага. Школа рыхтуе насамрэч добра, але толькі ў тым выпадку, калі вы самі працуеце дадаткова. Паколькі я не мела дакладных планаў адносна даты здачы TOEFL і патрэбнага выніку, то і мая самааддача была не на 100 адсоткаў. Аднак пасля курсаў у мяне засталіся тры добрыя падручнікі і дыск, што ўжо з’яўлялася карыснай спадчынай, паколькі ў інтэрнэце было складана знайсці добры аўдыё-стымулятар іспыту.
У канцы 2014га пытанне здачы TOEFL стала для мяне надзённым. Але ісці другім разам на курсы мне ўжо не дазваляла сумленне і фінансы, таму я вырашыла рыхтавацца самастойна.
Секцыя “Чытанне”
Памятаючы вечнае настаўленне нашай выкладчыцы з курсаў пра тое, што, чым больш слоў мы ведаем, тым больш упэўненасці на тэсце маем, я вызначыла першасны напрамак падрыхтоўкі. Як вядома, TOEFL выкарыстоўвае акадэмічныя тэмы і слоўнік, таму ваша надзённая ангельская мова тут не пракоціць. Я мела менавіта такую ангельскую. Таму прыйшлося вучыць шмат новых слоў. Першае, што зрабіла, праверыла, колькі словаў я ўжо ведаю праз сервіс testyourvocab.com. Потым паўтарала тое ж самае кожныя тры месяцы. Гэта былі мае кантрольныя кропкі, якія дапамагалі адсочваць прагрэс і надавалі крыху матывацыі.
Яшчэ падчас курсаў я звярнула ўвагу, што тэксты, якія датычацца тых галін навукі, што я вывучала ў школе, для мяне больш лёгкія, нават калі я і не ведала, як той ці іншы тэрмін будзе па-ангельску. Таму ў першую чаргу я вырашыла вучыць словы з тых сфераў, з якімі ніколі не сутыкалася. Я знайшла нейкую агульную энцыклапедыю на ангельскай мове і пачала чытаць розныя артыкулы, выпісваючы невядомыя словы. Потым гэтыя словы заносіла ў сервіс Lingualeo. Функцыя “Слоўнік” дазваляе рабіць гэта ўручную. Паколькі я ўжо не першы год карыстаюся сервісам, то маю магчымасць праходзіць розныя трэніроўкі. Такім чынам, штораніцы я пачынала дзень з трохразовага прагону “ўрокаў”. Словы запаміналіся вельмі хутка. Трэба адзначыць, што дагэтуль я выкарыстоўвала розныя метады, такія як карткі, завучванне, мапы. Але Lingualeo аказаўся самым эфектыўным для мяне.
Акрамя энцыклапедыі, я таксама чытала звычайныя кнігі. Калі вы яшчэ не перайшлі на чытанне па-ангельску, то раю пачынаць з нечага простага, але цікавага менавіта для вас. Для мяне такой кнігай стала “Змярканне”. Я вялікі фанат фільма, і таму ажно не чакалася прачытаць кнігу. Жаданне было такім моцным, што ангельская мова не стала перашкодай для маёй асалоды. Хоць шмат словаў былі незразумелымі, але можна казаць, што кніга даволі лёгкая для пачаткоўцаў. Пасля прачытання я звычайна заліваю кнігу ў сервіс wordsfromtext.com, які дазваляе будаваць спісы словаў, якія вы не ведаеце і дасылаць іх у Lingualeo, дзе, зноў жа, вы можаце іх трэніраваць. Як бачыце, усе шляхі вядуць да гэтага сервісу. Акрамя “Змяркання” я параіла б пачаткоўцам прачытаць “Сэкс у вялікім горадзе”.
Чэрпаць акадэмічны слоўнік можна таксама з анлайн-лекцый. Гэта крыніца дазваляе забіць адразу двух трусаў: вывучыць нешта карыснае і палепшыць ангельскую мову. Кожная лекцыя мае субтытры, адкуль трэба выпісваць незнаёмае і трэніраваць праз Lingualeo. Дарэчы, платформа EDX зараз прапануе курс па падрыхтоўцы да TOEFL ад стваральнікаў экзамена.
Секцыя “Слуханне”
Калі я толькі пачынала рыхтавацца да іспыту, гэта была адна з найбольш складаных секцый для мяне. Бо я не разумела наогул нічога. Пра прагляд серыялаў ды кіно я наогул маўчу. Гэты від трэніроўкі я пачала з праслухоўвання аўдыякніг і аўдыялекцый. Аднак гэты спосаб зусім не спрацаваў. Па-першае, хутка губляла цікавасць і пачынала думаць пра іншае. Па-другое, усе лекцыі былі нейкімі манатоннымі і зусім не цікавымі. Таму я пачала шукаць далей. Першае, што дапамагло палепшыць уменне слухаць, было анлайн-лекцыі, што я ўзгадвала раней. Пасля некалькіх месяцаў з такімі лекцыямі я вырашыла паквапіцца на самае “святое” – серыялы. Спярша мала што разумела, таму глядзець цікавыя і папулярныя серыялы без разумення, пра што гавораць акцёры, было невыносна. Па-другое, я мала верыла ў эфектыўнасць такога метаду. Але (ўвага!) гэта стаў для мяне самы эфектыўны метад пракачкі слыху.
Першы крок я рабіла з адмыслова адаптаваным серыялам ExtraEnglish. Гэта вельмі тупенькі серыял, але зроблены спецыяльна для пачаткоўцаў. Таму раю набрацца цярпення і паглядзець яго. Потым я перайшла на “Адчайных гаспадынь”. Прычым выбар быў зроблены выпадкова. Я не мела ніякага ўяўлення пра ўзровень мовы. Але сталася, што ангельская там вельмі пад’емная. Пры гэтым я неаднойчы лавіла сябе на думцы, што нават і не заўважаю, што гляджу не па-расейску. Гэта разуменне было насамрэч адным з самых радасных падчас усёй маей падрыхтоўкі.
Пасля “Гаспадынь” было шэсць сезонаў “Блудлівай Каліфорніі”. Потым глядзела “Гульню прастолаў”. Было цяжкавата напачатку. Першыя серыі даваліся нудна. Я ўвесь час глядзела на гадзіннік, чакаючы, калі ўжо гэтая пакута скончыцца (у мяне было правіла глядзець па серыі на дзень). За першы сезон я неяк уцягнулася. Замест адной серыі пачала глядзець па 2-3. Пікам усяго гэтага падарожжа сталі “Дзённікі вампіра”. Справа ў тым, што мова гэтага серыялу для мяне заўсёды была складанай. Героі гавораць хутка, выкарыстоўваюць шмат спецыфічнай лексікі. Але цяпер і гэты серыял я гляджу толькі ў арыгінале. Трэба адзначыць, што пасля года такіх вось здзекаў з сябе ў мяне прапала ўсялякае жаданне вяртацца да перакладу кіно і серыялаў. Ну а што датычыцца TOEFL, то “Слуханне” стала адзінай секцыяй, дзе я раблю найменшую колькасць памылак.
Секцыя “Гаварэнне”
Вельмі праблемная зона для большай часткі беларусаў. Прычына ўсім добра вядома. Рыхтавацца да гэтай часткі мне дапамагалі звычайныя чаты на сайтах знаёмстваў, Tinder ды сервіс notefull.com. Акрамя таго, я ніколі не прапускала магчымасць пагутарыць па-ангельску, калі гэтага патрабавала сітуацыя. Важна памятаць, што TOEFL патрабуе ад вас гаварыць пэўны час на вызначаную тэму з канкрэтнай структурай. Уяўленне пра гэтыя ўмовы і як іх пераадолець прапануе сервіс Notefull. Вельмі раю падпісацца на іх 13-дзённы бясплатны курс падрыхтоўкі. Асабіста мне быў карысны урок па гаварэнні, бо ён прапанаваў эфектыўную методыку планавання адказу, што дазваляе выкарыстоўваць час, як таго патрабуе іспыт. Акрамя таго, сервіс прапануе добрыя зарыхтоўкі фраз.
Наогул, будзьце гатовыя да дзіўных пытанняў, на якія нават па-расейску не кожны з нас можа адказаць. Важна трэніраваць вашыя адказы з хвілінамерам. Гэта дазваляе выпрацаваць дысцыпліну адказу. Калі вам няма з кім размаўляць, то гаварыце самі з сабой. Я, напрыклад, наўпрост прагаворвала ўсю сваю хатнюю працу.
Секцыя “Пісьмо”
У цэлым, калі вы натрэніравалі сябе на папярэдніх секцыях, то праблем быць не павінна. Важна ведаць правільную структуру, падрыхтаваць некалькі моцных фраз і ўстойлівых выразаў, паўтарыць пэўныя раздзелы арфаграфіі (спіс патрэбных правіл можна знайсці ў інтэрнеце). Рэкамендую вам таксама больш пісаць лістоў да сваіх знаёмых з розных сайтаў. Пры гэтым старайцеся не выкарыстоўваць простыя сказы, трэніруйце ў вашых лістах тое, што вывучылі праз Lingualeo. Тут ёсць пералік тэмаў, якія могуць трапіцца вам на іспыце. У інтэрнэце таксама можна спампаваць кніжку з адказамі па гэтых тэмах. Але мне яна не спатрэбілася. Пісала свае думкі.
Калі пачынаць падрыхтоўку
Пытанне вельмі асабістае. Streamline, напрыклад, адводзіць пад гэта тры месяцы. Я рыхтавалася цэлы год на раслабоне і апошнія месяцы вельмі інтэнсіўна. Інтэнсіўна – для мяне значыць кожны дзень каля гадзіны, але пры гэтым я ўжо мела за плячыма вопыт падрыхтоўкі ў Streamline.
***
Арганізацыйныя, але важныя дробязі
Запіс на іспыт
Паклапаціцеся пра гэта загадзя. Вельмі загадзя. Іспыт у нас дазволена прымаць Streamline’у. Але рэгістрацыя непасрэдна адбываецца праз сайт ETS. Я сдавала іспыт у чэрвені, рэгістравалася ў красавіку. Пры рэгістрацыі важна памятаць, што вы і вашая ВНУ атрымаюць папяровы вынік только праз месяц-паўтара. Электронны вынік будзе раней, але яго не прымуць, напрыклад, у амерыканскіх універсітэтах. У Еўропе гэта час ад часу пракатвае. Але, напрыклад, Велікабрытанія наогул не прымае TOEFL. Нават калі вы знойдзеце ВНУ, дзе TOEFL яшчэ вырашае, то студэнцкую візу дакладна не атрымаеце.
Пераздача вынікаў
Асобныя секцыі TOEFL можна пераздаць ужо на наступны дзень за асобную плату, як, зрэшты, і ўвесь тэст. Аднак у гэтым выпадку вам не трэба вызначаць спіс універаў, куды вы жадаеце, каб даслалі вашыя вынікі. Вы ж, напэўна, ведаеце, што TOEFL бясплатна дасылае вашыя вынікі чатыром ВНУ, калі вы паведаміце пра гэта загадзя?
Аплата іспыту
Іспыт не танны. Кажуць, кошт вар’юецца ў кожнай краіне. Мне пашчасціла, бо я не плаціла анічога, таму што з’яўляюся ўдзельніцай Graduate Study Program 2015/16 ад EducationUSA. Гэта праграма была арганізавана ўпершыню і рыхтавала беларускіх выпускнікоў да паступлення ў амерыканскую магістратуру. Акрамя карысных кансультацый, для нас набылі падручнікі па падрыхтоўцы да тэсту і аплацілі сам іспыт.
Час іспыту
Я вельмі турбавалася, хоць ужо дакладна ведала, як будзе адбывацца тэст. Каб супакоіць сябе, мне спатрэбіўся час усёй першай секцыі. Таму рабіла яе як у тумане. Акрамя таго, згубіла амаль хвіліну на тое, каб знайсці пытанні. Справа ў тым, што я прывыкла не чытать увесь тэкст. Адразу пераходжу да пытанняў. Але камп’ютар нейкі час мяне не пускаў пераходзіць да пытанняў. Трэба было праскроліць крыху тэкст, каб скласці ўражанне, што я яго прачытала. Пакуль гэта зразумела, згубіла каштоўны час.
Паколькі вы не можаце сабе выбіраць кам’ютар, бо сістэма робіць гэта за вас і кожны чалавек пачынае іспыт у розны час, будзьце гатовыя працаваць у шумных абставінах. Я ведала пра гэта загадзя, таму дома праходзіла тэсты пад музыку.
Акрамя таго, з сабой нельга браць ніякіх папер. Будзьце гатовыя ўмець рабіць нататкі на трох аркушах паперы, што вам дасць назіральнік. Калі аркушы скончацца, іх можна замяніць. Але спецыяльны час на гэта не адводзіцца. Таму лепш рабіць гэта падчас хвілінных перапынкаў паміж секцыямі.
Калі ў вас засталіся пытанні, калі ласка, пішыце ў Facebook.
Любоў Кудзелка