Як прайшлі 92 дні АДУлета? Ёсць для вас конкурс
- Час чытання: 5 хвілін
- 01.09.2016
- Блог
«Вось і лета прайшло, як яго не бывала»… — хацела я звершаваць колькі радкоў адмыслова для вас, але мяне ўжо апярэдзіў Арсеній Таркоўскі:)
Ну што, з восенню вас, нашы любімыя чытачы!
У дзяцінстве страшэнна не любіла 1 верасня — маркотнае, няўтульнае, халоднае. Пэўна, толькі новыя сшыткі, пеналы ды ўборы дадавалі матывацыі ісці ў школу. А як толькі аднакласнікі ўсё гэта зацэньвалі, можна было зноў на канікулы.

Здымак: Onliner.by
Усё ж класна, што я стала рэдактаркай Adukacyja.info: хаця б па той драбнюткай прычыне, што персанальна для сябе рэабілітавала гэты дзень. Сёння, 1 верасня, я вельмі цешуся. Перш за ўсё, таму, што пачынаецца новы сезон. Што нашы беларускія арганізацыі ажываюць, зноў ладзяць безліч семінараў, лекцый, дыскусій, трэнінгаў. Што зноў пачынаюць гарэць дэдлайны на стыпендыі і стажыроўкі. І што мы па-ранейшаму будзем шукаць для вас найлепшыя магчымасці і самыя неверагодныя, натхняльныя гісторыі, каб нешта падобнае, але заўжды ўнікальнае, магло здарыцца і ў вас.
Што здарылася з намі за 92 дні АДУлета? Мы знайшлі для вас 173 навіны, суперплённа папрацавалі на Летняй школе, уразілі Музей Багдановіча аншлагам Веды-Паці (якая British Edition), «захварэлі» шаленствам маладых адукатараў, што прыехалі ў Гародню на наш адмысловы трэнінг, павандравалі, натхніліся і цяпер рыхтуем для вас безліч сюрпрайзаў. Якіх?
Першае — у нас на сайце з’явіцца раздзел з відэа, дзе мы вучымся, разважаем, рагочам, замілоўваемся людзьмі… (гэты шэраг можна працягваць да бясконцасці).
Другое — з новага года (адукацыйнага, вядома) ў нас будуць выходзіць карысныя блогі з трох частак свету і шасці краін: Эквадора, Кітая, Аўстрыі, Нямеччыны, Швецыі, Чэхіі.
Трэцяе — свайго выхаду ў свет чакаюць серыі тэкстаў, якія не пакінуць вас абыякавымі: як мінімум, выклічуць замілаванне і жаданне «я таксама так хачу», як максімум — давядуць да таго жыццёвага пункту, калі вы самі зможаце падзяліцца з намі такой гісторыяй.
І, вядома, мы па-ранейшаму будзем шукаць для вас самыя цікавыя навіны і быць заўсёды побач.
Але на гэтым не развітваемся.
Як свае 92 дні АДУлета прабавілі вы?
Навучыліся закатваць гуркі па рэцэпце, які запавяла вам бабуля? Ці з’ездзілі на жыццязмяняльную стажыроўку? А можа, трапілі на моладзевы абмен ці валанцёрскую праграму, якая ўшчэнт зруйнавала тое, што падавалася непахісным стэрэатыпам? Дасылайце нам кароткія аповеды пра свой летні адукацыйны досвед на е-адрас adukacyja@gmail.com.
З вялізным задаволеннем іх пачытаем, з вашага дазволу зробім невялікую падборку гісторый і апублікуем іх на сайце, а самую яскраваю (ці яскравыя?) ўзнагародзім нашым фірмовым АдуКалендаром (які пачынаецца з верасня, само сабой), каб увесь год быў такім жа шчодрым на падзеі.
З любоўю,
Любоў Каспяровіч
каманда Adukacyja.info