Як прэзентаваць Беларусь за мяжой – інфапак
- 13.07.2017
- Час чытання: 12 хвілін
- Цікавосткі
Калі ты збіраешся паехаць за мяжу на вучобу, на навуковую канферэнцыю ці проста ў вандроўку, будзь гатовы да пытання “Адкуль ты?”, ” А што такое Беларусь?” і г.д. Першае, што прыходзіць у галаву, гэта, напэўна, зубр, вышыванка, але ці сапраўды гэта ўсё? Адукацыя.Інфо разам з удзельнікамі Летняй школы ReImagineBelarus падрыхтавала для вас спіс самых неабходных рэчаў, якія варта ўзяць з сабой, каб крута распавесці пра Беларусь у іншых краінах.
Сувеніры
Добрым падарункам могуць быць рэчы з арнаментам альбо валошкамі: бранзалеты, завушніцы, кубкі, асадкі, нататнікі, магніты, стужкі. Вядома, не абыйдзецца без магнітаў і паштовак (з рэцэптамі ежы, нацыянальнымі святамі і традыцыямі, Welcome to Belarus, з розных беларускіх гарадоў). Такую драбязу можна набыць у Падземцы, Арт-сядзібе, галерэі "Ў" ці амаль у любой кнігарні.
Калі вы хочаце набыць сапраўдную вышыванку, раім зазірнуць на сайт брэнда адзення LSTR і Honar, а таксама Майстэрні цікавых рэчаў з сапраўднай вышыўкай.
Калі і гэтага замала, то можна пашукаць яшчэ ў Мовы Нанова.
Хэндмэйд рэчы каштуюць ужо даражэй, але для мерапрыемства высокага ўзроўню могуць быць добрым сувенірам. Уласна беларускімі прадметамі будуць вырабы са скуры, ільна, дрэва, саломкі, парцаляны, керамікі. Пазітыўна ўспрымаецца беларуская касметыка і валёныя ўпрыгожванні.
У Эўропе вельмі не хапае інфармацыі пра Беларусь на ангельскай мове, дык прывязі яе з сабой! На сайце Нацагенцыі па турызму можна загадзя замовіць друкаваныя прома-матэрыялы неабходнай колькасці, а тваім сябрам абавязкова спадабаецца кніга "Гэта Беларусь, дзетка!". Таксама можна пашукаць кнігі пра Беларусь і фотаальбомы у Цэнтральнай кнігарні ў Менску і іншых крамах Белкніга па краіне, у кнігарнях Логвінаў і Галіяфы.
Ежа
Якасць беларускіх прадуктаў не выклікае сумневаў, а шмат якія рэчы з нашага штодзённага спажывання будуць сюрпрызам для замежнікаў. Калі ў тваім накірунку няма пэўных абмежаванняў па правозу ежы, то смела бяры з сабой згушчонку, зефір у шакаладзе, журавіны ў цукры, даўгія чыпсы, хлеб Водар ці Нарачанскі, цукеркі (сталічныя, праметэй, пліткі Спартака).
З напояў раім узяць бярозавік, квас ці алкаголь (крамбамбуля, збіцень, піва).
А яшчэ лепей прыгатаваць сапраўдную беларускую страву на месцы! Здзіві ўсіх смачнымі дранікамі, наліснікамі, бабкай, заціркай ці халадніком. Рэцэпты можна пачытаць тут. Файны і правераны варыянт – пірожанка “Картошка”, бо не трэба нічога варыць/пячы.
Танцы, песні, гульні
Акрамя падарункаў цябе, як актыўнага пазітыўнага беларуса, могуць папрасіць арганізаваць вечарыну ў нацыянальным стылі. Тут табе дапаможа майстар-клас па народных танцах: маразуля (музыка і відэа), ойра-ойра і іншыя танцы.
Асобна тэксты беларускіх песняў з нотамі можна знайсці тут.
Сярод сучасных музычных гуртоў варта пазнаёміцца са Старым Ольсай, Троіцай, Палацам, Akute, Re1ikt, Navi, Recha, Šuma. Шукай іх у ютубе і ўключай на поўны моц гук!
Традыцыйныя беларускія гульні таксама зойдуць на “ўра”: паспрабуй падушачку, цяцерку, шуляка. Апісанні іншых гульняў з тэкстам спампуй тут.
Кароткая прэзентацыя і спасылкі
Каб табе было зручней распавядаць пра сваю радзіму і былі пад рукой добрыя прыклады, мы падрыхтавалі прэзентацыю ў мінімалістычным стылі з кароткім суправаджальным тэкстам у каментарах (па ім можаш распавядаць), пампуй тут.
Таксама ў гэтай табельцы мы сабралі ўсе спасылкі і парады ў выглядзе спіса, каб зручна было карыстацца.
Калі ж хочацца табе цікавых паштовак і стыкераў, то шукай іх у гэтай тэчцы! Іх можна разрукаваць і рэдагаваць па свайму густу і сітуацыі, таму не саромейцеся пампаваць і распаўсюджваць па сябрах.
Заві ў госці
Нагадай сваім новым сябрам пра 5-дзённы бязвіз і распавядзі, што трэба зрабіць, каб усё было добра на іх шляху ў Беларусь.
Калі вы скарысталіся нашымі парадамі і перайшлі на наступны ўзровень – чалавек гатовы прыехаць у Беларусь, каб адчуць усё гэта на сабе – пачынайце рыхтаваць экскурсійную праграму. Абавязкова наведайце Белавежскую пушчу, замкі ў Нясвіжы і Міры, завітайце ў музей Строчыцы ці Дудуткі і заедзьце на прамысловыя экскурсіі МТЗ ці БЕЛАЗ, Аліварыю, Лідскае піва , а для дзетак і на Камунарку. Па анімацыйныя экскурсіі можна звярнуцца сюды ці сюды.
Вельмі цікава пра Беларусь распавядае рэдакцыя часопісу 34travel.me у сваім праекце Go to Belarus. Шукай у іх натхненне на новыя цікавыя месцы для сябе і гасцей!