Як проста авалодаць складаным, альбо тры правiлы вывучэння любой мовы

  • 09.09.2016

Кожны студэнт лінгвістычнага ўніверсітэта ці філалагічнага факультэта пакрыўджана чмыхне, калі нехта скажа, што вывучаць мовы зусім не складана. Насамрэч гэта сапраўды цяжка, асабліва пры адсутнасцi кантактаў з носьбітамі мовы і без паглыблення ў іншамоўнае асяроддзе, але не варта забываць, што складана – не значыць “невыканальна”, і тым больш “нудотна”.

16235946053_84ebf7cf7d_z

Мова – гэта не толькi сродак для перадачы інфармацыі, але і асноўная прылада спазнання свету, падмурак кожнай культуры, а культура — гэта ўсё, што нас атачае ў гэтым свеце. Як  налаўчыцца карыстацца гэтай прыладай і авалодаць ёй у дасканаласці?

Першае і жалезабетоннае правіла – падтрымка дысцыпліны. Большасці людзей у вывучэнні замежнай мовы не хапае аднаго – уседлівасці. Мы не любім працаваць прымусова, рабiць штосьці манатоннае, калі гэта патрабуе пастаяннай канцэнтрацыі. Свядомасць пры такіх умовах выракае справу на правал. І ўсё ж, калі прапанаваць камусьці выдаткаваць некалькі тыдняў жыцця на прагляд любага серыяла, ён/яна без роздумаў замовіць тону піцы і, захутаўшыся ў плед, увасобіць гэты план бех плёну. У кожным з нас жыве ленаватае дзіцё, дык чаму б не даць яму волю ў такой напружанай справе, якая патрабуе ўседлівасці і стараннасці? Да моваў схільныя далёка не ўсе, таму чаму б і не злучыць прыемнае з карысным?

Правіла другое: гэта гульня, у якой махлярства і змовы з сумленнем недазволеныя. Мову трэба вучыць увесь час. Уявіце, што вывучэнне замежнай мовы – гэта ваш прэс “да лета”. Вам вельмі хочацца яго дасягнуць, але свежая булка з карыцай занадта спакуслiвая. Дык вось – булку з карыцай аддавайце малодшаму брату, а адгаворку “сёння я занадта стаміўся” пакіньце для сваёй пракрастынацыі, будзе значна больш карысці.

Language

І трэцяе (залатое) правіла – атрымоўвайце задавальненне. Гэтае правiла выконваць чамусьці складаней за ўсё. Але не забывайцеся, што працэс можа і мусіць праходзіць весела. Нават калі вы вучыце бухгалтарскую лексіку на нямецкай мове. Асноўны трук палягае ў тым, каб знайсці найбольш прыемны кампанент іншамоўнай культуры. Гэта можа быць музыка, кіно, тэлебачанне, літаратура, коміксы, спорт, той жа бухгалтарскі ўлік (вы не паверыце, наколькі шмат існуе фільмаў пра бухгалтараў і юрыстаў). Адно я ведаю дакладна: нават самае нудотнае і пакутліва незапамінальнае правіла можна вывучыць з дапамогай рэгулярных праглядаў, праслухоўванняў і чытанняў (так званы drilling), а гэта будзе значна прыемней, калі вы будзеце рэгулярна праглядаць, праслухоўваць і перачытваць тое, што вам цікава.

Калі вы не хочаце вывучаць мову нават з дапамогай улюбёных фільмаў і песень, вы тым больш не захочаце вучыць яго “школьным” метадам – зубрэннем і механічным запамінаннем.

“Табе лёгка казаць, ты ў дасканаласці валодаеш мовай”. Што ж, адкрыю вам маю найвялікшую таямніцу, якую я не расказвала нікому: я не нарадзілася з дасканалым веданнем ангельскай мовы. Больш таго, праз 16 гадоў глыбокага вывучэння я не магу сказаць, што ведаю яе ў дасканаласці. Я дагэтуль, да свайго сораму, сустракаюся з незнаёмымі рускімі словамі, што ўжо казаць пра іншамоўнымі. Ніхто не нараджаецца з валоданнем французскай ці японскай, калі ты не француз ці японец. Усё гэта праца, прытым сталая, на працягу многіх гадоў. Але я не памятаю ніводнага моманту ў сваім жыцці, калі я б сказала: “Гэта не варта маіх пакут, гэта нецікава і непатрэбна”.

Безумоўна, вы ніколі не будзеце ведаць мову і культурныя асаблівасці іншай краіны гэтак жа добра, як сваёй. Але не забывайцеся: жыхары гэтай “іншай” краіны знаходзяцца ў такім жа становішчы, як і ў вашай. І, будзем шчырымі, найчасцей у значна больш невуцкiм становiшчы. Скарыстайце свае перавагі, імкніцеся да дасканаласці і не забывайце атрымоўваць задавальненне. Нават калі вы вучыце бухгалтарскую лексіку на нямецкай мове.