Як стаць выкладчыкам за адну ноч?


Хто? Любоў Каспяровіч, малады выкладчык

У якім універы вучылася? Інстытут журналістыкі БДУ, Рурскі ўніверсітэт Бохум (хаця лепшымі настаўнікамі лічыць жыццё і сваю сям’ю)

Чаму вядзе блог? У красавіку 2015 года Люба нечакана для сябе стала выкладчыцай БДУ. У кастрычніку яна ўпершыню пакаштавала выкладчыцкага хлеба і зразумела, што гэта невымерна крута. Перш за ўсё таму, што ёсць магчымасць рабіць заняткі такімі, на якіх ёй самой хацелася б вучыцца падчас студэнцтва.

Будзем знаёмымі! :)

Будзем знаёмымі! 🙂

***

24 красавіка 2015 года я засынала патэнцыйным супрацоўнікам адной са слаўных газет Беларусі, а прачнулася выкладчыцай БДУ! Здарылася начное дзіва? Не. Хаця, калі паглядзець на падзеі, якія адбыліся за гэтыя паўгады, можна засумнявацца ў цвёрдасці папярэдняга адмаўлення.

Вы калі-небудзь чулі пра тэорыю, што ўсе самыя клёвыя рэчы ў жыцці адбываюцца самі па сабе? Я — не, да той пары пакуль сама яе не вынайшла:) Не падумайце, я не з тых, хто прачынаецца а 10й, да вечару валяецца на канапе і чакае, калі “ўсё самае клёвае прыйдзе само па сабе”. Хутчэй дыяметральна наадварот. У мяне зараз тры месцы працы, я вучуся, імкнуся, цікаўлюся (спыніся захвальвацца, Люба!), калі-нікалі “гвалтую” сябе абавязкамі і абяцаннямі, бо разумею, чаго я хачу дасягнуць у жыцці. Са скрыпам і вялікімі высілкамі гэтае жаданае прыходзіць у жыццё. Але тое, што насамрэч тваё, адчыняе рыпучыя дзверы дасягненняў само, вельмі лёгка і заўжды нечакана.

25 красавіка, 09:01.

“Добрай раніцы, Люба. Мы ўчора не змаглі з вамі звязацца, таму тэлефануем зараз. У нас не хапіла “размеркавальных” месцаў для іншых студэнтаў. Таму, паколькі вы ўсё адно збіраецеся паступаць у магістратуру, мы забралі ваша месца, а вас размеркавалі на факультэт,” — павітаў з добрай раніцай дэканат. Як вынік, разбіты кубак, прапітаны кавай ламінат і палёгка, якая душыла ўвесь папярэдні дзень.

13 ліпеня. Я зноў студэнтка БДУ, на гэты раз магістрантка. Было жаданне не пайсці на іспыты, сімуляваўшы атручванне, але дадзеныя абяцанні і татальнае няўменне хлусіць не дазволілі мне зрабіць гэтага.

Усё лета я прабадзялася ў пошуках працы, бо вучоба быццам бы працягваецца, а сталага месца ўсё няма. Не выжываць жа на стыпендыю ў 1 млн 76 тысяч моцных беларускіх рублёў, якімі Міністэрства адукацыі ацэньвае навуковы патэнцыял Беларусі. І вось сяджу я з сяброўкай у парку на вуліцы Гарадскі Вал, абмяркоўваю нашыя перспектывы і атрымоўваю другое нечаканае тэлефанаванне: “Люба, добры дзень! Мне даручылі запланаваць нагрузку для выкладчыкаў. На вас колькі планаваць: чвэрць альбо паўстаўкі?” Я так разгубілася, што хутка выпаліла “Давайце чвэрць, мне хопіць” і развіталася. Праз дзве секунды нейроны мозгу звязаліся ў паслядоўны ланцуг і толькі тады я ўсвядоміла: мяне насамрэч узялі на працу ў БДУ, гэта была не фармальная паперка! Хаця ўвесь час да гэтага я думала менавіта так.

З гэтага часу летнія дзянькі пацяклі з зусім іншым настроем і – упершыню – з прадчуваннем восені. Але пра гэта – на наступным тыдні.

З Любоўю