Як вывучаць мову лёгка?
- 23.02.2015
Даследванні ў галіне вывучэння замежных моў і наш уласны досвед падказваюць, што ёсць некаторыя прынцыпы ці правілы, якія дапамагаюць вывучаць мову хутчэй і прасцей, чым на традыцыйных курсах.
Па-першае, пачынаць навучанне жывой мове, а не граматыцы
Хутчэй за ўсё мовы вучацца, калі прыязджаеш у краіну, дзе на ёй размаўляюць. Але часцей за ўсё такой магчымасці няма. Таму пажадана пачынаць вывучэнне мовы з аўдыё-курсаў. Зараз іх шмат, і вельмі добрых!
А граматыка? Яна сама прыйдзе. Мабыць, гэта гучыць неверагодна, але наш мозг можа сам знаходзіць тыя заканамернасці, якія ляжаць у аснове граматыкі. Гэта не значыць, што правілы ўвогуле не трэба вывучаць. Але не з іх пачынаць – гэта дакладна. Напрыклад, у школе вывучэнне мовы часта пачынаюць з алфавіта. Я магу зразумець, чаму так. Але гэта не самае важнае: як часта ў жывой гутарцы мы можам выкарыстоўваць веданне алфавiта?
Па-другое, займацца трэба кожны дзень
Асабліва першыя некалькі месяцаў. Можна займацца не многа часу, а хвілін 20, але абавязкова не спыняцца. Бо як паказаць мозгу, што замежная мова – справа ў вашым жыцці не апошняя? Трэба нагадваць яму гэта дзень за днём.
Спачатку гэта можа паказацца цяжкім, але потым, наадварот, становіцца добрым і прыемным рытуалам. Сілу волі ўзмацняе да таго ж.:-)
Па-трэцяе, патрэбны жаданне і цікавасць да жыцця
Гэта гучыць як штамп. Але… калі нехта вучыць мову, бо так трэба, гэта адразу ж чуваць. Падаецца, што чалавек рыпіць, як стары паравоз… Как быў прагрэс, трэба сапраўднае жаданне авалодаць мовай. А яшчэ – цікавасць.
І як ні дзіўна, гэта самае складанае. Не праца з аўдыяфрагментамі, не штодзённыя заняткі, а менавіта згубленая цікавасць да навучання і да жыцця ўвогуле. Можна лічыць гэта тыповай славянскай рысай, хаця мне і не падабаецца скардзіцца…
Менавіта гэтыя прынцыпы мы прапагандуем у Wille і такія парады даём усім знаёмым і незнаёмым, хто пачынае ці працягвае вывучаць мову.
Як узнік Wille
Ёсць адна вельмі простая ідэя: калі нешта робіць Тваё жыццё лепшым, то, магчыма, гэта дапаможа яшчэ і іншым. Менавіта такая ідэя лягла ў аснову Wille School – цэнтра дыстанцыйнага вывучэння замежных моў. Калісьці я вырашыла вывучаць іспанскую мову, але адразу ж узнікла пытанне, як гэта рабіць. Мне не хацелася пачынаць з тоўстых падручнікаў па граматыцы, а на курсы я ісці не хацела.
Тады я знайшла методыку “Умін. Замежная мова – лёгка і з асалодай”. Яна дала мне зразумець, што вывучаць мовы можна лёгка. Але сутнасць у тым, што займацца трэба кожны дзень. Паўтару: заняткі могуць быць кароткімі, каля 20 хвілін, але важна працягваць рух нават тады, калі адольвае лянота.
Кожную методыку можна ўдасканаліць. Недахопы гэтай у тым, што цяжка весці барацьбу сам- насам з сабой. Я зайздрошчу тым людзям, якія заўсёды сабраныя і ўпартыя. Але большасць (і я ў тым ліку) не заўсёды можа ўзяць кантроль над самім сабой. Патрэбен нехта іншы, хто не столькі правярае і кантралюе, колькі падбадзёрвае і натхняе. Да таго ж пры вывучэнні мовы заўсёды ўзнікаюць дробныя пытанні, а кожны раз шукаць адказы самому даволі нязручна. Прасцей запытацца ў таго, хто гэта ведае. Калі я вучыла іспанскую, такога чалавека не было…
Гэтыя назіранні ляглі ў аснову новага фармату навучання, калі настаўнік выконвае ролю коўча, а не традыцыйнага рэпетытара. Чалавек практычна ўсё можа зрабіць і сам, але толькі дзеля сябе неахвота напружвацца.
Пра Wille
Увогуле Wille пакуль што невялікая ініцыятыва, зараз гэта каля 7 настаўнікаў. Працуем больш з расійскімі вучнямі, бо беларусы не заўжды гатовы аддаць 100-120$ у месяц за курсы замежнай мовы.
Але планаў развіцця даволі шмат. Я планую ўвесці новыя мовы, пэўна, некаторыя з усходніх. Можа, і беларускую. Але для яе пакуль што не знайшла патрэбных аўдыёкурсаў. Магчыма, прыйдзецца самім распрацоўваць матэрыялы.
Пра мяне
Я вучылася спачатку ў МДЛУ. Пасля Лінгвістычнага зразумела, што працаваць два гады па размеркаванні мне не падабаецца, і таму вырашыла адкрыць сваю кампанію. “Простыя словы” называецца. Напачатку займалася інтэрнэт-маркетынгам, капірайтынгам, PR у інтэрнэце. Але потым захацелася працягваць… вучыцца. Даволі нечакана для сябе вырашыла паступаць у магістратуру ў Маскве, таксама ж нечакана атрымала грант на навучанне ў расійска-брытанскай навучальнай установе па спецыяльнасці “арганізацыйная псіхалогія”.
Зараз мне менш цікава займацца маркетынгам, я працую над пытаннем арганізацыйных і асабістых каштоўнасцей: як яны ўзнікаюць, на што ўплываюць і ці можна іх змяніць. Праўда, ёсць яшчэ адно пытанне: наколькі этычна ўмешвацца ў каштоўнасці супрацоўнікаў?
Да таго ж мяне цікавяць працэсы ў галіне адукацыі ў Беларусі. Ужо даволі працяглы час у галаве круціцца думка, што «няладна нешта ў Дацкім каралеўстве». Мне цікава знайсці некаторыя моманты, якія змогуць змяніць сітуацыю. Усе разумеюць: праблем шмат, але рэсурсаў мала. Таму пытанне, як паўплываць на сістэму з мінімальнымі ўкладаннямі, здаецца мне актуальным.
Wille і беларускія падлеткі
Некалькі месяцаў таму выйшла цікавая гісторыя: я вярнулася з Масквы да бацькоў і хацела пажыць у іх каторы час пасля заканчэння магістратуры. Мама (яна дырэктар школы) папрасіла два разы на тыдзень выкладаць англійскую мову ў дзявятым класе. Я згадзілася.
Зараз мне вельмі цікава назіраць за падлеткамі.
У школе я спрабавала “рэкламаваць” такі штодзённы фармат навучання, як у Wille School. Нават сама пачала французскую мову вучыць, каб паказаць, што замежная мова – гэта не так ужо і цяжка. Але зразумела даволі цікавую рэч: у падлеткаў ёсць цяжкасці менавіта з самаматывацыяй, з разуменнем самога сябе. У замежнай літаратуры гэта называецца “эмацыйны інтэлект”. Як было не аднойчы даказана, поспех (ды і простае шчасце!) залежыць больш не ад IQ, a ад EQ. І гэта тое, на што сістэма адукацыі не звяртае ўвагі. Пэўна, трэба шукаць нешта ў гэтым напрамку, да таго ж з Масквы засталіся некаторыя кантакты з навукоўцамі і кансультантамі, якія працуюць у падобных напрамках.
Пакуль што спрабую разам з падлеткамі ставіць мэты, рабіць трэкінг дасягненняў і час ад часу праводзіць заняткі англійскай мовы цікава. Але гэта, пэўна, толькі ў фільмах так здараецца, што настаўнік-творца прыходзіць у школу і ў кароткі час істотна змяняе жыццё і светапогляд вучняў. Пакуль што я не ведаю, што працуе і што не. Але хто шукае… 🙂