Як я працавала валанцёрам замест адпачынку, каб убачыць Папу Рымскага

  • 16.09.2016
  • Блог
  • Здымкі аўтаркі

Маё імя Дзіна, мне 25, я хрышчоная каталічка, але да гэтай пары шукаю сваё месца ў храме. Шмат разоў чула, што Папа Рымскі кожныя 2-3 гады ладзіць сустрэчы з хрысціянскай моладдзю ў розных кутках планеты. У 2011-м, напрыклад, ён быў у Мадрыдзе, у 2013-м – у Рыа-дэ-Жанэйра, дзе Папа Францішак абвясціў: “У 2016-м пабачымся ў Кракаве!” Мая выкладчыца польскай пасля сказала: “Уся Еўропа паедзе туды”.

%e6%95%ad%e7%8c%b1_e%e3%82%83%e7%8d%b1%e9%aa%90%e9%a2%b81

Фота з афіцыйнага акаўнта мерапрыемства ў Facebook

Але хто мог здагадацца, што я таксама паеду туды ў якасці валанцёра?! У ліпені мінулага года я напісала на імэйл каардынатару Сусвеных дзён моладзі ў Беларусі, спытала, ці ёсць такая магчымасць. Адказу я так і не атрымала. Але праз некалькі дзён знайшла інфармацыю, што ў жніўні запусцяць афіцыйны сайт мерапрыемства XXXI Światowe Dni Młodzieży 2016 – www.krakow2016.com. З таго дня не магла дачакацца жніўня! Зайшла туды, убачыла, што ідзе набор на 2-тыднёвае валанцёрства і, здаецца, нават услых сама сабе сказала: “Я паеду!” Сябры паверылі ў мяне толькі пасля падцверджання заяўкі, у снежні. Калегі таксама здзівіліся маім планам правесці адпачынак такім чынам: “Навошта табе гэта? У адпачынку будзеш працаваць?”

Адбор я прайшла толькі з другога разу. Першы этап – запаўненне анкеты на сайце. Гэта змагла зрабіць толькі з трэцяй спробы, бо не змагла ўкласціся ў абмежаваны 30 хвілінамі час. У анкеце пазначыла, што хацела б дапамагаць з адміністраваннем мерапрыемства. Яшчэ патрабаваліся мой партрэтны фотаздымак і даведка з месца працы (да гэтай пары бачу перад вачыма здзіўлены твар бухгалтара). У снежні мне напісалі, што патрабуюцца яшчэ дакументы: характарыстыкі ад святара і біскупа. Зрабіла іх за тры дні, адправіла і… праз дзве гадзіны чытала віншаванні арганізатараў. Мяне ўзялі! Узялі! Узялі!

Зрабі што-небудзь для сябе: стань валанцёрам

Зрабі што-небудзь для сябе: стань валанцёрам

Сусветныя дні моладзі праходзілі 26-31 ліпеня ў Кракаве – горадзе Іаана Паўла Другога, ініцыятара і натхняльніка сустрэч. Усяго ў арганізацыі мерапрыемства паўдзельнічала 19 тысяч валанцёраў з 67 краін свету. Большасць удзельнікаў была ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, сустракаліся людзі і 40-50. Сустрэча была пабудавана на высілках валанцёраў, таму, мабыць, было столькі недапрацовак.

Міжнародных валанцёраў падзялялілі на дзве групы: Паўднёвая Амерыка – Партугалія – Гішпанія і астатні свет. Пасяліла нас асобна, у розных частках горада. Я атрымала салатавы браслет спартыўнага комплекса Hała Wisła.

3

Фота з афіцыйнага акаўнта мерапрыемства ў Facebook

Маё спальнае месца было ў баскетбольнай залі. Як я знаходзіла свой ложак? Лічыла рады: першы, другі, …. сёмы, восьмы, першае месца ад сцяны. Агулам у залі размясцілася яшчэ каля 400 дзяўчат. Так, лядоўні, кухні, нават шафаў у нас не было. Не з’ехаць з глузду дапамагала агульная малітва і размовы. Стомленасць адчулася толькі на 13-ы дзень, калі я дазволіла сабе выспацца: амаль недасяжная раскоша – 7 гадзін сну замест звыклых 4-5!

4

Ведаю, што некаторыя палякі жылі ў хостэлах па два чалавекі, хаця заплацілі яны столькі ж – 75 еўра. Так, удзел у праграме быў платны: ён уключаў пражыванне, харчаванне, страхоўку, заплечнік валанцёра і бясплатны праезд у грамадскім транспарце. Дарогу да Кракава і дадому мы аплочвалі самастойна.

Валанцёрам я была з 18 ліпеня па 1 жніўня. Гэты перыяд дзяліўся на дзве часткі: тыдзень валанцёрскі і тыдзень з пілігрымамі.

Спачатку мы наведвалі разнастайныя трэнінгі. Кожны дзень пасля “афіцыйнай часткі” я максімальна старалася шпацыраваць па горадзе, хадзіць на рэлігійныя канцэрты, сустрэчы. Іх было столькі, што толькі паспявай! Асабліва запомніўся Mercy festival у Марыяцкага касцёла.

У Кракаў я прыехала адна і пераканалася, што мой адпачынак атрымоўваецца дзякуючы неверагодным людзям, з якімі мне пашчасціла пазнаёміцца. Напрыклад, з Вікай, якая працуе ў каталіцкай школе. На Сусветныя дні моладзі яна прыехала ў пяты раз, каб дапамагаць і перакладаць інфармацыю для сацсетак з ангельскай мовы на яе родную, харвацкую. Калі мы пазнаёміліся ў Кракаве, адчула, быццам ведаем адно адну вельмі даўно. Наогул, такое адчуванне ў мяне было ў адносінах да ўсіх валанцёраў, бо мы былі вялікай хрысціянскай сям’ёй. У гэты момант ты напоўніцу разумееш, наколькі любіш людзей.

5

Апошняя краіна ў маім спісе знаёмстваў – Ліберыя – запісаная пад нумарам 38. То бок цяпер у мяне ёсць знаёмыя з 38 краін свету. З хлапцамі і дзяўчатамі мы хадзілі на службу, танцавалі пад бразільскую музыку, траплялі пад дождж і разам прабіраліся на танцпол, каб убачыць Папу. Мы не ведалі адзін аднаго добра і дасканала, але варта было сустрэцца на нейкім дробным мерапрыемстве – і мы ўжо радаваліся адзін аднаму нібы родным людзям.

Дзякуючы гэтаму я адчувала сябе быццам дома. І не разумела палякаў, якія казалі, што я смелая, бо адна паехала ў чужую краіну. Пасля хвалілі маё валоданне польскай, якая насамрэч мяне вельмі ратавала. Я заўжды губляюся нават у знаёмых месцах, а ў горадзе не было шыльдаў на ангельскай. Наогул нідзе не сустракала. Таму на другім тыдні паліцыя не столькі сачыла за парадкам, колькі выконавала абавязкі інфацэнтра. На наступную сустрэчу ў Панаму палячу толькі ў тым выпадку, калі паспею вывучыць гішпанскую.

Што датычыцца валанцёрскай працы. Яна мне вар’яцкі спадабалася! Мяне размеркавалі ў CIR-3 (Centr Informacyjno-Registracyjny). Каманда з 30 чалавек дзялілася на дзённыя і начныя змены. А адпрацавала пяць, з іх дзве былі начнымі. Каардынатар цэнтра прапанавала мне заняць месца за рэсэпшанам, і гэта было… маё! У напарнікі я выбрала Вальдэмара – хлапца з Літвы, у якога мама – полька, тата – беларус, сам ён скончыў польскую школу і ў свае 18 выдатна валодае чатырма мовамі: ангельскай, польскай, літоўскай і рускай.

6

Чым непасрэдна займаліся валанцёры CIR? У цэнтр прыходзілі пілігрымы, паказвалі ваўчар, атрыманы падчас рэгістрацыі іх групы ў сістэме мерапрыемства. Я ўпісвала дадзеныя ў табліцы, рабіла падцверджанні на заплечнікі. Калегі паралельна камплектавалі іх кнігамі, талонамі на харчаванне, уваходнымі квіткамі. Затым мой напарнік тлумачыў, што з гэтым усім рабіць. Працавалася нам ідэальна! Разумелі адно аднаго з паўслоўца. Вельмі сумую па той зладжанай працы ў міжнароднай камандзе.

7

Апроч працы, па магчымасці мы хадзілі на асноўныя мерапрыемствы Сусветных дзён моладзі: адкрыццё СДМ, прывітальная сустрэча Папы Рымскага, Крэсны ход, закрыццё, сустрэча валанцёраў з Папай.

%e6%95%ad%e7%8c%b1_e%e3%82%83%e7%8d%b1%e9%aa%90%e9%a2%b88

Я бачыла Папу тры разы. І чым даўжэй чакала, тым бліжэй быў ён. Апошнім разам слухала яго жыўцом на сустрэчы, арганізаванай адмыслова для нас у Таўрон Арэне.

%e6%95%ad%e7%8c%b1_e%e3%82%83%e7%8d%b1%e9%aa%90%e9%a2%b89

Гэта было незабыўна! Энергетыка, сіла, яднанне – эмоцыі проста шкалілі! У кожнага свае куміры:)

%e6%95%ad%e7%8c%b1_e%e3%82%83%e7%8d%b1%e9%aa%90%e9%a2%b810

Калі я прыехала ў Беларусь, нарэшце выспалася, вярнулася да свайго звыклага стану, пачала ўсведамляць, што насамрэч са мной адбылося. Так, усё збылося. Як заўжды, крыху не хапіла часу ў Кракаве, не паспела спыніцца і адчуць яго. Зараз ратуюць фотаздымкі і запісы, зробленыя падчас паездкі. І шчаслівыя людзі зноў стаяць перад вачыма. Кожны ехаў у Кракаў з просьбамі, мэтамі, але ў выніку атрымаў нешта большае. А як можна забыць “мора” з нацыянальных сцягаў! У Панаму я абавязкова вазьму наш, беларускі. І кнігу вазьму, і мапу, і падрыхтую хуткі арыгінальны адказ на пытанне: “Беларусь? Гэта дзе?” Бо ўжо не абыдзешся простым% “Ну як, мы ж суседзі”.

Быць валанцёрам – значыць аддаваць сілы, час іншым людзям і не патрабаваць нічога наўзаем. Формула простая, яе ўсе ведаюць, але калі ты спрабуеш гэта на практыцы, нават не задумваешся, што ты нешта губляеш (хаця б час). Ты набываш нашмат больш.

Я вярнулася ў Беларусь неверагодна стомленая: ад людзей, падзей, сваіх эмоцый. Праз дзень выйшла на працу і зразумела, што столькі гадоў была не на сваім месцы. Праз 13 дзён я ўжо праходзіла стажыроўку ў новай кампаніі. А ўплыў духоўных размоў адчуваю да гэтай пары, галоўнае – паверыць, што ты не адзін, на небе ёсць той, хто заўжды дапаможа.

Не бойцеся паказаць, што вы веруеце і верыце.

Z Bogiem!