Як я ўзбагачалася культурай і вучылася прадпрымальніцтву ў Штатах
Для беларускіх школьнікаў існуе цудоўная праграма ў Амерыцы, у якой штогод прымае удзел 5-6 хлопчыкаў і дзяўчынак. Сёння я з велізарным задавальненнем распавяду пра тое, як праходзіць адбор менавіта на гэтую праграму, таму што яна на самой справе неверагодна паўплывала на маё жыццё.
Цалкам праграма называецца Cultural Enrichment and Entrepreneurship Educational Project, умовы ўдзелу ў гэтым годзе можна прачытаць тут.
На той час я вучылася ў 10 класе тэхнічнага ліцэя Мінска. Мая сяброўка дала мне раздрукоўкі з аб’явай праграмы і ўмовамі конкурсу. Патрэбна было запоўніць анкету і разгорнута адказаць на тры пытанні, а дакладна распавесці пра сябе, пра бізнэс, які вы жадаеце зрабіць у Беларусі, і пра саму Беларусь.
Памятаецца мне, у тым годдзе, 2008, у мяне быў такі стары велізарны камп’ютар, а ўсе набраныя на ім дакументы я раздрукоўвала на матулінай працы і адсылала па пошце ў канверце з падпісанай ад рукі адрэсай.
Праз некаторы час мне патэлефанавалі і запрасілі на сумоўе. Гэта было ўвогуле нечакана, таму што на той год я пра паездку ў Амерыку магла толькі марыць! Добра памятаю дзень сумоўя. Яно адбывалася на факультэце бізнэсу БДУ. Было, думаю, 20 дзяцей з бацькамі. Мая маці таксама прыйшла са мной.
Спачатку дзеці напісалі тэст на валоданне ангельскай, а потым па спісе нас пачалі выклікаць на знаёмства з амерыкацамі, якія кожны год прыязджаюць адбіраць новых дзяцей. Я была, здаецца, трэцяй. І вось перад дзвярыма я чамусьці ўспомніла адно слова па-ангельску. Гэта было слова “eloquence”. Я зайшла ў пакой, дзе мне прыемна ўсміхаліся сем пар вачэй! Я памятаю, што ўсё прайшло на пазітыве, камісія смяялася з маіх адказаў і выйшла я аддтуль ў вельмі клёвым настроі! У другой палове дня назвалі 10 чалавек, якія прайшлі першы тур – і сярод іх была я.
Другі тур складаўся з таго, што нам далі разрукоўкі з тэрмінамі па эканоміцы на ангельскай, і мы павінны былі азнаёміцца і разабрацца з імі, таму што сама праграма ўключае сямідзённае пражыванне на кампусе з амерыканскімі тынэйджэрамі, на працягу якога праходзяць лекцыі па бізнэсе.
На гэта нам далі 10 дзён, за якія мы таксама павінны былі зрабіць неабходныя дакументы для візы ў Амерыку. Памятаю, як я сядзела са слоўнікам і разбірала невядомую лексіку. Адчувала сабя важнай, быццам студэнткай універсітэта. І вось ў дзень X мы прыйшлі “абараняць” свае веды эканамічнай лексікі. Так атрымалася, што я была апошняй у чарзе. З кожным размаўлялі па хвілін 20. І вось вечар, 9 дзяцей па 20 хвілін прайшло… я зайшла і … зразумела, што я не памятаю нават як сказаць па-ангельску “універсітэт”. Суразмоўца сваімі пытаннямі выцянгнула з мяне атрыманыя мною веды, добра пагутарыла са мной і маёй маці і сказала чакаць адказу пасля святаў (гэта было на пачатку траўня). Я была ўвогуле незадаволеная тым, як адказала, і павесіла нос па вяртанні дадому. І вось праз тыдзень увечары дамашні тэлефон зазваніў зноў…