Як здаць міжнародны тэст па ангельскай? Карысныя парады ад студэнта University of Edinburgh

  • 19.01.2017
  • Час чытання: 5 хвілін

Аляксей Аўгусціновіч паспяхова здаў некалькі міжнародных тэстаў. Па просьбе Adukacyja.info ён дзеліцца сваім досведам (падрабязна ды структуравана!), як гэта зрабіць максімальна эфектыўна. (+ шмат карысных матэрыялаў напрыканцы)

Тэст – гэта не заўжды пра валоданне мовай

Шмат хто пытае мяне, як здаць міжнародны тэст па ангельскай мове. Па-першае, мушу сказаць, што здаць тэкст па ангельскай і палепшыць сваю размоўную – гэта зусім розныя задачы. Як ні дзіўна, гэта так!

Як паказаў мой досвед, міжародныя тэсты – гэта “не пра мову”. Гэта пра ўменне здаваць толькі дадзены, канкрэтны іспыт. Я здаваў два розныя. Кожны па два разы. Дык вось, калі адзін тэст паказаў, што ў мяне самы высокі ўровень у частцы listening (100 адсоткаў), то другі тэст сцвердзіў, што гэта навык – мой самы слабы.

“Буду рыхтавацца, а там вырашу…”

Першае, што вам неабходна зрабіць, – гэта вызначыцца, які тэст вам патрэбны. І абраць не толькі назву, але і версію.

Напрыклад, некаторыя тэсты маюць акадэмічную версію, звычайную і “ўзровень выжывання”. Ёсць камп’ютарныя і папяровыя. Адзін і той жа іспыт можа праходзіць як у звычайным рэжыме, так і з відэа-камерай. І паўсюль розныя назвы, кошт і месца правядзення.

Верагодна, вам патрэбен строга вызначаны тэст. І ніякі іншы. Калі ёсць сумненні – напішыце, удакладніце. Усё ж тэсты не бясплатныя, дый падтрыхтоўка зойме шмат часу, энэргіі, грошай.

Без гэтага этапу няма сэнсу рабіць нешта далей.

Калі збіраецеся паступаць ва ўніверсітэт за мяжой, глядзіце патрабаванні на сайце. Калі там прымаюць некалькі варыянтаў сертыфікатаў, удакладніце, які тэст неабходны для атрымання візы. Ведаю выпадкі, калі людзі здавалі тэст яшчэ раз, таму што для візы патрэбны, да прыкладу, IELTS, а не TOEFL.

Ці трэба рыхтавацца?

Які тэст вы ні абралі б, відавочна, што рыхтавацца трэба. І вельмі сур’ёзна. І менавіта да пэўнага тэсту. Усе тэсты розныя, паўсюль правяраюцца розныя навыкі. Не столькі важна валодаць ангельскай, колькі ведаць падвохі заданняў і не трапіць у “пасткі”. Але саму мову таксама нельга адкідваць як неістотны элемент – яна істотная!

Калі здаваць тэст?

Здавайце так, каб у вас хапіла часу падрыхтавацца да яго і здаць, калі што, яшчэ раз. Напрыклад, можна закласці ў запас паўгады.

Нічога страшнага ў гэтым няма. Ведаю нямала людзей, якія набіралі патрэбны бал з другой ці трэцяй спробы. Звяртайце ўвагу, у якіх гарадах і як часта прымаецца тэст. Падумайце, у якім вы хацелі б здаваць.

Ці ёсць чалавечы фактар? Існуе легенда, што беларускія экзаменатары больш строгія, чым літоўскія. Не ведаю – не правяраў. І яшчэ чамусьці на курсах сказалі, што “экзаменатары маюць на ўвазе тых, хто праходзіў падтрыхтоўку менавіта ў іх”. Магчыма, гэта была проста маркетынгавая маніпуляцыя. Але ж.

Як рыхтавацца?

Тут ёсць чатыры варыянты.

Першы – самастойна. З плюсаў: эканомія грошай і асабісты план. З мінусаў – патрэбны моцная матывацыя і строгі графік. Апроч таго, збоку бачныя памылкі. Будзе праблема самому практывацца ў вуснай частцы.

Ведаю некалькі асоб, якія вельмі паспяхова падрыхтаваліся да тэсту дома і ў бібліятэках. Магчыма, гэта якраз ваш шлях да поспеху!

Дзе шукаць матэрыялы? Інтэрнэт дапаможа. Не спяшайцеся купляць кнігі. Некаторыя выглядаюць добра, але па сутнасці бесталковыя. Перад тым як купіць, паглядзіце электронную версію. Часам трапляюцца добрыя кнігі ва ўніверсітэцкіх бібліятэках. А яшчэ пытайцеся ў сяброў.

Таксама ёсць анлайн-сервісы і праграмы па падрыхтоўцы да іспыту. Якасць і карыснасць у іх, канешне, розныя.

Гурткі, аб’яднанні

Гэта калі вы з сябрам ці сяброўкай дамаўляецеся, што рыхтуецеся да тэсту разам. Плюсы: добра, калі вы будзеце педантамі з высокай матывацыяй. Тады гэтае аб’яднанне будзе ўзаемна карысным. Мінусы: існуе шанец, што цягнуць будзе хтосьці адзін. І неабавязкова наверх.

Рэпетытар

З плюсаў магу вылучыць індывідуальны падыход і праца менавіта з вамі. Мінусы ёсць таксама. Да выбару рэпетытара трэба падысці вельмі сур’ёзна. Абавязкова, каб ён рыхтаваў менавіта да канкрэтнага тэсту і ведаў усе пасткі. Важнае месца мае і асабістая сумяшчальнасць. Напрыклад, у мяне ёсць трэнер, словы якога я запамінаю цалкам. А другі быццам бы і кажа тое самае, але ўсё, сказанае ім, тут жа забываецца.

Калі выбар рэпетытара апынецца памылковым, гэта наўрост адлюструецца на тэсце. Калі трэнер кажа, што “галоўнае ангельская, а тэст сам прыкладзецца”, не верце яму. Для здачы іспыту важна практыкаваць менавіта тэст.

Пераканайцеся, што ён дастаткова строгі і патрабавальны, будзе звяртаць увагу на кожную кропку. (У тэсце апынулася, што “7,25” і “7.25” – гэта абсалютна розныя адказы, і правільны толькі адзін.)

Адразу высвятляйце, ці будзе ў патэнцыйнага рэпетытара дастаткова часу на вашу падрыхтоўку. Было б добра, каб у яго была статыстыка, колькі навучэнцаў і на якія вынікі ён падрыхтаваў. Наогул, хтосьці можа дацягнуць вас да 8-9, а нехта не зможа даць рэкамендацый для тых, хто прэтэндуе на 7. Адразу пытайце, на які бал ён здольны падрыхтаваць. Ну і чалавек мусіць быць адказны, а не проста выконваць сваю працу для таго, каб зарабіць.

Моўная школа

Плюсы: ёсць хоць нейкія гарантыі ў падборы выкладчыка, спосабы ўплыву на яго праз адміністрацыю.

Заўжды пытайцеся, хто будзе выкладаць і ці ёсць у яго/яе сертыфікаты. Часам здараецца, выкладчык сам ніводнага разу тэстаў не здаваў, але “ён вельмі добры чалавек і супрацоўнік”. Ці проста не было іншага. Нам такія не патрэбны, калі вы імкнецеся да выніку, а да баўлення часу. Нам патрэбен выкладчык-звер, ад якога стогнуць старанныя студэнты, а лянотныя – бягуць.

Мінусы: адказнасць выкладчыка за падрыхтоўку даволі нізкая. У класе можа быць шмат вучняў. Яны могуць быць як матываванымі, дык і тымі, хто пастаянна не робіць дамашнях заданняў і спазняецца на паўзаняткаў.

Індывідуальнага падыходу таксама практычна не будзе. Вам могуць проста даць некаторыя парады, калі вы самі спытаеце падчас перапынку, і звярнуць увагу на праблемныя месцы. Канешне, ніхто індывідуальна над вашай праблемай працаваць не будзе, таму што “ёсць інтарэсы групы”.

Праверка пісьмовай працы можа быць сур’ёзнай – з рэкамендацыямі і заўвагамі, а можа абмежавацца словамі: “У цэлым, нядрэнна, старайцеся выкарыстоўваць больш нестандартных словаў, больш злучальных фраз і часавай разнастайнасці”. Такая рэкамендацыя будзе чакаць вас пасля кожнай праверкі эсэ. І добра, калі яны будуць правярацца своечасова.

Цікаўцеся рэкамендацыямі. Упэўнены, ёсць і добрыя школы. Але важней выкладчыкі…

Хутчэй за ўсё, яны будуць бачыць у вас толькі крыніцу фінансаў. Трэба разумець, што гэта бізнэс, які скіраванны на атрыманне грошай, а не ваш поспех. Іх задача – падсадзіць вас на курсы і як можна даўжэй не адпускаць. Я ведаю выпадкі, калі ў адной моўнай школе чалавек вучыўся 10 гадоў, ён прайшоў усе магчымыя і немагчымыя курсы. І гэтага заўсёды недастаткова. А калі вы будзеце вяртацца да іх, здаючы тэст не адзін раз, яны будуць шчаслівыя.

Шукайце тых, хто працуе на якасць і на свой імідж.

Падводзячы рысу, хачу сказаць, што гэта ваш экзамен, ваш час / грошы і толькі ваша адказнасць. Складайце самастойна графік заняткаў і выбірайце сабе тых, хто будзе дапамагаць. Калі вы заўважыце, што мэты у кагосьці іншыя, то кажыце “ўсяго добрага” і шукайце іншыя варыянты. Да гэтай справы трэба падысці вельмі адказна.

P.S.

Веданне граматыкі часта ў тэсце нібы не правяраецца. Але на гэтых правілах будуюцца шмат “пастак”. Рэкамендую для любога ўзроўня паслухаць Драгункіна. Гэта весела і карысна.

А хто яшчэ не ведае – ёсць бясплатныя моўныя курсы цягам 3 месяцаў у Індыі па праграме ITEC.

Асцярожна! Тут вельмі шмат карысных матэрыялаў:)