Як жывецца стыпендыяту Civil Society Leadership Awards?
- 13.09.2016
- Блог
- Здымкі аўтара
Дэдлайн на атрыманне стыпендыі Civil Society Leadership Awards ужо наступае на пяты: 15 верасня скончыцца прыём заявак. У сваім FB сёлетні стыпендыят CSLA Франак Вячорка дзеліцца ўражаннямі пра тое, як яго сустрэў амерыканскі ўніверсітэт і чым ён плануе займацца цягам бліжэйшым гадоў. З дазволу Франака публікуем гэтыя нататкі.
***
Вось я і зноў студэнт – гэтым разам Школы міжнароднай службы Амерыканскага ўніверсітэта ў Вашынгтоне – адной з найлепшых праграм міжнародных адносінаў.
Складаны шлях да адукацыі – тры гады журфаку БДУ (выключэнне за Акрэсціна), ЕГУ (забралі ў армію), потым нарэшце бакаўрыят Варшаўскага ўніверсітэту. Магістратуру я пачаў шукаць у 2014 годзе, падаваўся на ўсе магчымыя праграмы і стыпендыі, у асноўным – на тыя, што знаходзіў у суполцы Education Opportunities for Belarusians, Adukacyja.info, разнастайныя рассылкі. І кожны раз атрымліваў адмову: ці то недакваліфікаваны, ці перакваліфікаваны. Найбольшым расчараваннем быў правал на нордзікаўскую стыпендыю ESSYB, куды я не прайшоў нават у другі тур.
Потым у верасні 2015-га Ганначка Любакова папрасіла напісаць ёй рэкамендацыю на праграму Civil Society Leaderhip Awards Фонду Сораса. Я падумаў: чаму б не падацца самому? На сумоўе ў Вільню мяне не запрасілі, і толькі калі быў дадатковы набор – выклікалі на інтэрв’ю ў Алмату, Казахстан. Пасля 4 месяцы чакаў шчаслівага рашэння ад фонду, а потым яшчэ два – ад універсітэтаў. Мяне прынялі ў парыжскі Sciences Po, але не хацелі браць у American. Мне не хапала пунктаў з іспыту па ангельскай мове TOEFL. Я пераздаў яшчэ раз, ужо сваім коштам – і вуаля! Ахвяраваў Парыжам на карысць Вашынгтону.
У прынцыпе, Вашынгтон – гэта не толькі выдатная адукацыя і даследніцкая праца, гэта, найперш, неверагодныя кантакты ў палітычных, чынавенскіх, журналісцкіх і праваабарончых колах. У мяне тут з’явіцца магчымасць, спадзяюся, вярнуць праблему Беларусі на парадак дня. У акадэмічнай дзейнасці я планую сканцэнтравацца на наступных тэмах: сучасныя тэхнікі прапаганды, гібрыдныя войны, негвалтоўны супраціў.
А вось дзе я вучуся. Гэта кампус Амерыканскага ўніверсітэту.

Кампус ажывае а 7-й ранку, і да позняга вечару тут поўна людзей. Тут больш за 20 кавярняў, пошта, свая паліцыя, камунальныя службы. Жыццё студэнцкага мястэчка абслугоўваюць дзясяткі дэпартаментаў універсітэту.
Тут вучацца прыкладна 12 тысяч студэнтаў, з іх амаль 2 тысячы – міжнародныя. Універсітэт утвораны ў 1893 як “нацыянальны ўніверсітэт”, мэта якога – рыхтаваць будучую эліту. Да развіцця ўніверсітэту прыклалі намаганні многія амерыканскія прэзідэнты, але Школа міжнароднай службы, дзе я навучаюся, створаная ў разгар халоднай вайны намаганнямі Эйзенхаўэра. Менавіта тут у 1963 годзе Джон Кэнэдзі выступіў з легендарнай прамовай, у якой заклікаў СССР да супольнага ядзернага раззбраення. Прамову так і назвалі – “American University speech”.
- А гэта – “школа грамадскіх справаў”. Тут таксама адбываюцца некаторыя заняткі.
Ад цэнтру горада ехаць прыкладна 20 хвілін на метро, а далей – прыкладна 1,5 кіламетры на бясплатным універсітэцкім аўтобусе. Усім студэнтам далі праязны (яго кошт уключаны ў аплату навучання). На кампусе жывуць толькі студэнты-бакалаўры, таму магістрантам даводзіцца шукаць жытло ў горадзе. Гэта цэлае выпрабаванне. Я пасяліўся з іншым стыпендыятам маёй праграмы – з Туркменістану.

А вось і мой дом. Самыя верхнія вокны – маленькія – мой сціплы пакой. Дом пабудаваны ў 1926. Па амерыканскіх мерках – амаль Сярэднявечча.
Кампус – горад у горадзе. Сюды прыходзіш раніцай – сыходзіш позняй ноччу. Чатырохпавярховая бібліятэка працуе кругласуткава. Вайфай, кава і, вядома, кнігі – у неабмежаваным доступе. Усё аўтаматызавана, праз уліковы універсітэцкі рахунак. Спампоўваеш асобныя аплікацыі на айфон, прывязваеш вучэбны каляндары да гугл-акаўнту, каб нічога не прапусціць і памятаць дэдлайны.

Тут існуе “кававая” культура навучання. Паўлітровыя кубкі з кавай, кніга, кампутар – і так праводзіш увесь дзень
- Мільён магчымасцей для грамадскай дзейнасьці і самарэалізацыі. На кампусе, апроч усяго іншага, працуе шмат студэнтаў. Першы год навучання – гэта абавязковая ўмова.
- На сцяне – доўгая галерэя “зорак”, якія выступалі ва ўніверсітэце. Адным з апошніх – прэм’ер Канады Трудо
Сістэма тут зусім адрозніваецца ад БДУ і Варшаўскага ўніверсітэту. Я толькі пачаў вучыцца, але нагрузка вельмі вялікая. Нібыта маеш толькі тры прадметы на тыдзень, але да кожных заняткаў чытаеш па 2-3 кнігі, пішаш працы, яшчэ трэба ўдзельнічаць у анлайн-дыскусіях. Дзесьці не даробіш, і далей на цябе ўсё валіцца комам. Пішы – прапала. На першы семестр у мяне тры асноўныя прадметы: “Статыстыка міжнародных адносінаў”, “Міжнародная камунікацыя” і “Міжкультурныя адносіны”. Дарэчы, навучальная праграма “Міжнародная камунікацыя” – вынаходніцтва амерыканцаў і менавіта нашага ўніверсітэту.

Бібліятэка шматпавярховая, але большасць літаратуры ты чытаеш праз кампутар ці кіндал. Увогуле, кіндал – гэта галоўны інструмент амерыканскага студэнта.
На жаль, дагэтуль маю моўны бар’ер, бракуе словаў – усё таму, што ангельскую ніколі не вывучаў (мая першая замежная – француская). Але тут адмыслова для студэнтаў створаныя групы дапамогі, якія бясплатна гатовы вычытаць тэкст, пазначыць памылкі, ці нават параіць, як сфармуляваць рэзюмэ і матывацыйны ліст, калі раптам збіраешся на практыку ці працу.
Штодня адбываюцца на кампусе мерапрыемствы: прэзентацыя сакрэтных і прафесійных клубаў, вечарыны, фэстываль постараў, кінавечарыны, сустрэчы факультэтаў і, вядома, спартовыя спаборніцтвы. Зборная Амерыканскага ўніверсітэту традыцыйна моцная ў футболе (еўрапейскім). Я запісаўся на адбор. У спёку 37 градусаў пад сонцам нас катавалі 2,5 гадзіны, правяралі хуткасць, удары, тэхніку і г.д. Карацей, я не прайшоў🙂 Але прыгадаў сваю армейскую службу і атрымаў уяўленне, што такое ўніверсітэцкі спорт.
Прыходзяць тут і розныя госці, палітыкі, міністры, былыя і дзейныя чыноўнікі. Уваход для студэнтаў заўжды вольны. На першай жа сустрэчы нам сказалі: будуйце кантакты. Менавіта таму я і выбраў Вашынгтон, бо такой колькасьці decision-мэйкераў на квадратны кіламетр няма ні ў адной краіне свету.
***