ЕГУ: што пра сваю вучобу думаюць самі студэнты?

  • 02.06.2016
  • Блог
  • Здымкі: з прыватнага архіву герояў

Апошнім часам ЕГУ разварушыў публічную прастору тых, хто лічыць сябе беларускімі інтэлектуаламі. Чаго толькі не вылілася на гэты ўніверсітэт: ад узнёслых патасных словаспадаў да жоўці крыўды і нянавісці. Мы, канешне, прыслухоўваемся да меркавання іншых, але не ўспрымаем іх як ісціну. Наш новы аўтар Ліда Заблоцкая выйшла на сувязь з беларусамі, якія зараз вучацца ў ЕГУ, і даведалася, як яны ўспрымаюць і ацэньваюць сваю вучобу ва ўніверсітэце “ў выгнанні”. 

***

Аднойчы мне давялося пабываць у ЕГУ на Тыдні адчыненых дзвярэй. Не, жадання паступаць туды ніколі не ўзнікала. Але чаму б ні паглядзець, чым жыве замежны ўніверсітэт? Што запомніла я: спарахнелы будынак у закінутым раёне Вільні, гадзіну чакання адміністрацыі, сумбурную экскурсію з мімалётным паказам сталоўкі і бібліятэкі. Затое папяровая прома-прадукцыя — што трэба. Прыгожа аформленыя буклеты так і вабілі надпісам: «Твой крок у яркую будучыню!»

2-3

Здымак ©Mindaugas Mikulenas

Тыдзень наведвання ўніверсітэта сціснуўся ў межы аднаго дня. Туды я больш не вярталася. Мае чаканні наконт вучобы не супалі з цьмяным малюнкам, які я ўбачыла. Затое многія сябры выбралі менавіта Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Ці задаволены цяперашнія студэнты сваім выбарам альбо, наадварот, мараць вярнуцца ў Беларусь? Ці адрозніваецца першае ўражанне ад сапраўднай рэальнасці? І якая яна, гэтая рэальнасць?

Гражына Лопацінайтэ, Вільня, Літва,
спецыяльнасць “Медыі і камунікацыі”:

«Першае, што мяне бязмерна парадавала ў навучанні, — вялікая колькасць як тэорыі, так і практыкі. Па некаторых дысцыплінах больш тэорыі, якая падрабязна абмяркоўваецца з выкладчыкамі. Непаразуменняў тут не ўзнікае. У іншых, якія па сваёй сутнасці глыбока практычныя, заўсёды ёсць магчымасць прыдзяліць практыцы столькі часу, колькі спатрэбіцца для засваення. Падчас заняткаў кожны можа скончыць праект і не адставаць ад іншых, вывучыць новы матэрыял.

Сапраўды, плюсаў у ЕГУ значна больш, чым мінусаў. Ва ўсялякім выпадку, нейкіх страшных недахопаў да гэтага часу не знайшла. Мне вельмі падабаецца разнастайны расклад заняткаў, кожны тыдзень размеркаванне пар змяняецца, і гэта на самой справе вельмі зручна, дый нават цікава. Таксама велізарны плюс універсітэта ў тым, што ёсць магчымасць вывучаць замежныя мовы, я даўно хацела пачаць з французскай і, дзякуючы ЕГУ, у мяне з’явіўся такі шанец.

1-11

Здымак ©Mindaugas Mikulenas

Што тычыцца мінусаў. Да ўніверсітэта ехаць даводзіцца далёка, таму трэба прачынацца значна раней, хвілін за 40 выязджаць з дому. Таксама хацелася б большай увагі ад некаторых выкладчыкаў, паколькі ў мяне здараліся выпадкі, калі я звярталася да іх з важным пытаннем па e-mail, а адказу так і не атрымоўвала. Шчыра кажучы, у гэтым выпадку было трохі непрыемна.

Студэнцкае жыццё па-за межамі вучобы вар’яцкі вясёлае! Вельмі радуе тое, што ў ЕГУ ўсё ўладкавана так, каб з’яднаць ўсіх студэнтаў незалежна ад таго, на якiм яны факультэце. Усе ведаюць адзін аднаго і ставяцца прыязна. Гэтак жа праходзяць розныя мерапрыемствы, напрыклад, кіно па пятніцах ва універсітэце. Вельмі крута!»

Ангеліна Шаблоўская, Магілёў, Беларусь,
спецыяльнасць “Медыі і камунікацыі”:

QvRC6wBDjFA

«На першым курсе выдатна была размеркавана нагрузка. Першыя два тыдні ў нас быў курс «Мова і мысленне», у межах якога мы знаёміліся з тэкстамі, малявалі, і як выніковае заданне — рабілі мініяцюры і паказвалі іх на сцэне. Гэта дазволіла плаўна перайсці да інтэнсіўнага вучэбнага працэсу. У другім семестры ўжо пайшлі больш канкрэтныя прадметы, менавіта тыя, якія прадугледжваліся нашай сферай. Выкладчыкі не прыніжаюць годнасці, не паказваюць, якое меркаванне правільнае, а якое — не. Часцей за ўсё звяртаюцца на “Вы” альбо “калега”.

У нас няма няправільнага меркавання, у кожнага свой пункт гледжання. Як, уласна, і перавагі ў мове, на якой вядзецца прадмет. Як звяртаешся да выкладчыка ты, так і ён да цябе. Вельмі шмат практыкі. Задаюць глядзець фільмы, а потым мы разам аналізуем іх. Замест сумных эсэ можна зняць відэа альбо дамовіцца наконт іншай цікавай працы.

uYIIsoayACw

Вельмі даспадобы, што можна паехаць на праграму па абмене. Ужо пачала зарабляць балы, каб атрымаць стыпендыю. Выбіраеш любы ўнівер, збіраеш дакументы, дадаеш практыку, балы — і вуаля, ты едзеш туды, куды жадаў, на паўгады ці на год. Тыя адзнакі і крэдыты, якія ты зарабляеш там, аўтаматам канвертуюцца ў нашым універсітэце».

Аліна Мазурава, Віцебск, Беларусь,
спецыяльнасць “Культурная спадчына і турызм”:

«Пра універсітэце магу казаць доўга і з задавальненнем. Адзін з плюсаў, што прыходзіць у галаву, – магчымасць рабіць праекты. Напрыклад, ты нешта прыдумаў. Калі ідэя добрая, прапрацаваная, то можаш спакойна падавацца на фінансаванне — і табе будуць яе аплочваць. Да прыкладу, па пятніцах у нас ёсць кінаклуб ЕГУ. Грошы на падрыхтоўку “салодкага стала” бяруцца з бюджэту праекту.

У нас ёсць выдатная лабараторыя, якая знаходзіцца побач з Віленскай тэлерадыёкампаніяй. Гэта класная магчымасць папрактыкавацца. Яна заснавана ВВС, таму абсталяванне там на вышэйшым узроўні.

Некаторыя адмоўныя нюансы адміністрацыя не паказвае, як, напрыклад, блытанасць з паперамі. Памыляюцца часам, але гэта дробязі. Усё ж супрацоўнікаў няшмат, а студэнтаў – наадварот, многа. За кожным не ўсачыць.

Арганізоўваецца велізарная колькасць мерапрыемстваў. Да нас запрашаюцца даволі вядомыя праекты (Kyky.org, TUT.by), Алексіевіч таксама абяцала наведаць наш універсітэт праз месяц.

Вядомыя лектары прыязджаюць, каб падзяліцца вопытам. Але больш за ўсё мы любім дармовае печыва, цукеркі, каву і гарбату на любым мерапрыемстве. У нас нават жарты такія: з-за колькасці мерапрыемстваў можна ежу не купляць, а харчавацца ва ўніверы».

Ульяна Тамашэвіч, Магілёў, Беларусь,
спецыяльнасць “Медыі і камунікацыі”:

«У нас існуе Студэнцкае Прадстаўніцтва — гэта юрыдычная асоба, якая мае свой бюджэт, статут і таму падобныя рэчы. Прэзідэнт выбіраецца кожны год шляхам дэмакратычнага галасавання. Гэтак жа, як і астатнія сябры Рады. Голас прадстаўніка мае ролю пры важных пытаннях на ўзроўні універсітэта. Да прыкладу, выбар дэкана ці рэктара.

Мы арганізавалі безліч мерапрыемстваў (менавіта СП запрашае Алексіевіч). Адметнай была Ноч у ЕГУ — першы начлег у гісторыі ўніверсітэта. Любая ініцыятыва будзе зроблена. Хочаш начлег — мацуйся. Хочаш тайнага Санту — наперад. Хочаш арганізаваць драматычны гурток ці запрасіць госця  — калі ласка.

Існуе дыстанцыйная пляцоўка МУДЛ, у якой выкладчыкі размяшчаюць праграмы курсаў, тэксты, заданні. Менавіта туды трэба запампоўваць свае фінальныя працы. Выкладчыкі дасылаюць розныя спасылкі на гульні, якія дапамагаюць запомніць ці вывучыць словы, фільмы для працы з імі, пазлы і г.д.

Уласна кажучы, я люблю тэму стыпендый. У нас выбарачна з кожнага курсу ёсць па 14 чалавек, якія атрымоўваюць агульнаўніверсітэцкую стыпендыю. Складваюцца твае актыўнасці і балы. Стыпендыю можна атрымаць і за лепшае эсэ на беларускай мове — 2500 еўра на год.

Значна танней харчавацца тут, чым у Беларусі. На месяц мне даюць 200 еўра. У іх уваходзіць аплата інтэрната 70 еўра + 70 еўра на харчаванне (у мяне больш не залазіць), аплаціць інтэрнэт  — 10 еўра, картка на ўсе віды транспарту — 6 еўра, а астатнія грошы на кішэнныя выдаткі».