Еўракэмп у Нямеччыне


Каманда сайта adukacyja.info штогод выбірае самых актыўных чытачоў старонкі і дае ім магчымасць паехаць у летнік ў Нямеччыну. Уражаннямі ад вандроўкі і міжкультурнага асяродку дзеліцца пераможца конкурсу адукацыі-2012 Галіна Мазан.

3 тыдні ў Нямеччыне, 39 краін, 69 удзельнікаў, 3000 фатаздымкаў ды мільён успамінаў. Усё вышэйзгаданае – гэта не бязладдзе ў маёй галаве, гэта ЕЎРАКЭМП 2012.

Нягледзячы на вандроўку са шматлікімі перасадкамі ды аграменнай валізай па чынгуначных (ды не толькі) вакзалах, праведзены ў Цайц (Нямеччына) час займае ганаровае месца сярод маіх успамінаў. Напачатку спроба ўявіць такі міжкультурны мікс у адным месцы выклікала хваляванне. Перад ад’ездам ліхаманкава перабірала ў розуме, на якіх мовах магу выказвацца добра, якія разумею, а на якіх магу адно што палічыць да 10. Дарэмна я так хвалявалася, бо Еўракэмп дазволіў мне не толькі папрактыкавацца ў мовах, але й навучыцца майстрыць плот, паспрабаваць сябе ў акторскім майстэрстве, ды й проста акунуцца з галавой у сяброўскую атмасферу!

Файна й незвычайна было знайсці сябе ў спісах на жытло разам з румынкай, грузінкай ды сербкай. Так як я прыбыла на месца мультыкультурнай сустрэчы адна з самых першых, то ўжо з нецярпеннем чакала сустрэчы з кампаньёнкамі па пакоі, бо дужа карцела хутчэй пазнаёміцца. У выніку цікава было даведацца, што магу разумець што-кольвек па-сербску, ды, так бы мовіць, без асаблівай падрыхтоўкі. Гэта амаль тое самае, што выкінуць з рускай мовы ўсе галосныя – вось вам і сербскія словы. Але, што я ўсё пра лінгвістыку, трэба распавесці вам пра самае галоўнае.

13

Для больш шчыльнага ды прадуктыўнага ўзаемадзеяння мы падзяліліся на 5 камандаў і абралі працоўны праект па душы. Мяне, як сапраўдную настаўніцу англійскай мовы, і за мяжой пацягнула ў школу. Толькі там я не вучыла дзяцей, а майстрыла ды фарбавала плот, размалёўвала гаражы! Працавалі мы штодня да 12й, з перапынкам на другі сняданак з заўсёды свежым пірагом (яго нам пяклі ў кабінеце працы тамтэйшыя настаўніцы). У такіх работах непасрэдна ўдзельнічаў і дырэктар школы, з ім жа мы і майстрылі лавачкі. Пад пільным кіраўніцтвам дырэктара з аднаго боку і з дрэллю “Bosch” у руках – з другога, лавачкі атрымаліся на ўра! Школе мы дапамагалі ад душы і ўрэшце зрабілі яе яшчэ больш утульнай ды яркай: у такой любы вучань вучыўся б на выдатна.

Кожны дзень быў такі насычаны разнастайнай дзейнасцю, што сумаваць сапраўды не даводзілася! А менавіта: пасля працы ўсе адпраўляліся на абед. Паўнавартасныя смачнюткія стравы, а таксама свежыя фрукты кожны дзень – вось, што неабходна працалюбівым памочнікам! Пасля абеду, як правіла, быў час прыняць душ ды прадрыхтавацца да новых не менш важных справаў. Да прыкладу, адзін тыдзень выконвала ролю дзядулі, чым вельмі ганаруся. Кожнай камандзе трэба было прадставіць якую-небудзь краіну (у маім выпадку гэта была Фінляндыя) і стварыць ад пачатку да канца караткаметражны фільм на тэму: “Дыялог паміж пакаленнямі”. То бок нашай мэтай было паказаць, як ажыццяўляецца гэты дыялог у дадзенай нам краіне. У ролі дзядулі самым важным было адказна падысці да грыму. Тут мае сябры пастараліся ды адарваліся так, што мяне ніхто не пазнаваў. Роля мая была невялікая, але вельмі запамінальная і каларытная. Намагаліся мы недарэмна, паколькі нашая каманда заняла ганаровае 3 месца, а ўдзельнікі атрымалі самую што ні ёсць сапраўдную статуэтку і салодкія прызы! Уручэнне было на тэрыторыі замка, дзе месцілася моладзь з іншай працоўнай групы: музыка, журналісты, кактэйльныя сукенкі – усё як на сапраўдным кінафестывалі, ну а замест Брэда Піта і Антоніа Бандэраса былі мы самі – не менш цудоўныя, прыгожыя ды шчаслівыя.

Наступным важным этапам быў удзел у канферэнцыі. Яна з’яўлялася свайго роду ролевай гульнёй, дзе ў кожнага свая роля з Еўрапейскай Камісіі. Вырашалі пытанні, звязаныя з адукацыяй, магчымасцю атрымання членства Еўрапейскага Саюза некаторымі краінамі, якія пакуль не маюць такога права. Абмяркоўвалі спосабы атрымання дадатковай аднаўляльнай энэргіі, а таксама разнастайныя эканамічныя і палітычныя пытанні. Тут нам надавалі важнасці не толькі асабістыя бэйджыкі з сімволікай Еўрапейскай Камісіі, але і ўсведамленне таго, што самі можам дакрануцца да такіх глабальных пытанняў, бо на наступны дзень можна было сустрэцца з сапраўднымі палітыкамі і падзяліцца сваім жывым меркаваннем. Вельмі цікава і самой з усім энтузіязмам уступаць у размову з астатнімі ўдзельнікамі, ды чэрпаць шмат інфармацыі пра жыццё ў іншых краінах, бо звычайна ўсё пачынаецца з пытання: а ў нас адбываецца ўсё так і так, а ў вас?

Акрамя працы ўсе атрымлівалі асалоду ад яшчэ і добра прадуманага адпачынку. Надзвычай прыемна было распавесці пра сваю родную краіну. Мы з Максімам (яшчэ адзін прадстаўнік з Беларусі) вельмі доўга сядзелі круком над сценгазетай, упрыгожвалі яе ўсемагчымымі спосабамі ды спрабавалі па магчымасці расказаць пра сваю Радзіму. І хачу сказаць (а Максім вам гэта пацвердзіць), што ў нас гэта атрымалася! Ды так цудоўна, што менавіта наш плакат увайшоў у чацвёрку тых краін, якія мусілі на афіцыйным адкрыцці прадстаўляць краіну перад Міністрам па працы і сацыяльных пытаннях федэральнай зямлі Саксонія-Ангальт. Гэта было вельмі адказнае заданне, але мы яго адолелі, а пасля яшчэ мелі гонар палюбавацца нашым сумесным з Міністрам фатаздымкам у мясцовай газеце!

Сярод іншых прыемных момантаў можна яшчэ ўзгадаць Культурную Ноч, дзе кожны частаваў чым-небудзь смачным ды моцным іншых удзельнікаў Еўракэмпа. Мне, напрыклад, вельмі спадабаўся ірландскі хатні хлеб з маслам і кіпрыётскі лукум. З кухняй розных краін свету ўвогуле там пашчасціла таму, што напрыканцы кожная краіна старанна гатавала фірмовыя стравы і ўсе з радасцю іх каштавалі. Мы з Максімам прыгатавалі халаднік, ладна ў прыгожылі яго, прыйшоўся даспрадобы ўсім!

8

Вечарамі грамадзянін Буркіно Фасо граў нам сваю музыку на адмыслова прывезеным музычным інструменце, а некаторыя ахвочыя з іншых краінаў нават засвоілі нескладаныя матывы. Гутаркі й размовы пачыналіся ад самага ранку ды не спыняліся да позняга вечара, бо не хацелася ўпускаць ні хвілінкі. Некалькі разоў чакалі да паўночы ды віншавалі імяніннікаў з Днём народзінаў, бо былі і такія шчасліўчыкі, каму пашанцавала атрымаць віншаванні ад 69 чалавек адразу. Напэўна, гэта незабыўныя моманты ў жыцці!

Дзякуючы арганізатарам, я, як аматар падарожнічаць, зазірнула яшчэ й суседнія гарады. Асабліва ўразіў Ваймар, але й файна было бавіць выходныя ў Ляйпцыгу ды Фрайбургу. Там нам прапанавалі дэгустацыю він у замку на ўзвышшы, адкуль адкрываўся шыкоўны натхняльны від на ўвесь горад! Шыкоўны ад таго, што вельмі прыгожы, а натхняльны таму, што нявольна прымушаў марыць пра новыя карысныя ды незабыўныя падарожжы, якім і быў Еўракэмп 2012!

Летняя школа ўдалася і можна яшчэ пазайздросціць яе будучым удзельнікам, бо арганізатары абавязкова прыдумаюць шмат цікавага на наступны год!

Пераклад на беларускую мову – Ева Гілевіч.