Еўрапейскі Форум Альпбах


Яшчэ гадоў пяць таму я ўпершыню пачула ад адной знаёмай пра існаванне Еўрапейскага Форуму Альпбах. Мінулай вясной, не маючы асаблівых планаў на жнівень, я адважылася-такі адправіць заяўку і – о цуд! – прайшла на Форум і атрымала стыпендыю на пражыванне.

Увесь Форум доўжыцца тры тыдні, але я падумала, што і дзесяці дзён там хопіць, бо што можна рабіць так доўга ў маленечкай аўстрыйскай вёсачцы ў Альпах?

Па прыбыцці ў Альпбах я ўбачыла суперсучасны кангрэс-цэнтр на фоне рамантычных драўляных хатак і горных вяршыняў, і каля тысячы маладых людзей розных нацыянальнасцяў (удзельнікаў Форуму) за лічаныя гадзіны запоўнілі гэтае цудоўнае месца.

Форум праводзіцца кожнаe лета пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Я даведалася, што многія з удзельнікаў спецыяльна прыязджаюць сюды каторы раз, і хутка зразумела, чаму. Падчас першага семінарнага тыдня можна выбраць сабе заняткі на любы густ: ад тэмы зла ў мастацтве да сінтэтычнай біялогіі. Падчас другога і трэцяга тыдняў праводзяцца гутаркі і мерапрыемствы па пытаннях палітыкі, эканомікі, адукацыі, права і інш. Ад разнастайнасці праграмы мільгаціць у вачах: семінары, пікнікі, канцэрты, выставы, ворк-шопы, экскурсіі, прагулкі ў горы, квізы – усё і не запомніш! І, вядома ж, прыёмы і вечарынкі. І ўсё гэта на фоне горнай ідыліі! У Альпбаху можна рабіць усё і нічога: ўдзельнічаць у ворк-шопе аб кіберпрасторы або ўплятаць на сонейку дамашні штрудзель пад мірнае мычанне мясцовых кароў.

5

У выніку зваротны квіток я памяняла і прабыла ўсе тры тыдні да канца. Успомніць вызначана ёсць што: узяць хоць бы псіхадэлічны Тырольскі дзень з сотнямі аўстрыйцаў ў нацыянальных касцюмах, або ўздым у горы на фунікулёры, а потым начны пешы спуск у праліўны лівень з-за прапушчанага апошняга вагончыку.

Яшчэ мне прыгадваюцца людзі і знаёмствы. Шмат людзей і шмат знаёмстваў. Для мяне паездка ў Альпбах застанецца адным з самых прыемных успамінаў мінулага лета, а разнастайнасць уражанняў, знаёмстваў і атрыманае эстэтычнае задавальненне з лёгкасцю дадуць фору любому пляжнаму адпачынку.