Юрыдычная клініка: месца, дзе можна вылечыць свае праблемы


– Прыходзьце да нас вучыцца ў Юрыдычную клініку! – казала Юлія Аляксандраўна Хвацік на азнаямляльнай лекцыі сярод студэнтаў 3 курсу факультэта правоў БДЭУ у верасні 2014 года.

– Што? Клініка! Яшчэ і юрыдычная!? – рэагавалі на гэта мае думкі.

І вось ужо другі год я з’яўляюся студэнтам-кансультантам юрыдычнай клінікі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Як выявілася, клінічная юрыдычная адукацыя – гэта адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі сацыяльна арыентаваных юрыстаў. Яна рэалізуецца з дапамогай адмысловых клінік, створаных у ВНУ на базе юрыдычных факультэтаў, дзе студэнты пад кіраўніцтвам выкладчыкаў-куратараў бясплатна дапамагаюць сацыяльна неабароненым грамадзянам.

1

Юрыдычная клініка – гэта не падмена адукацыі ў ВНУ. Праца клінікі заснаваная на ведах, атрыманых падчас навучання ў вну. Клініка для студэнтаў з’яўляецца толькі дадатковай магчымасцю атрымаць практычныя навыкі ў працы юрыста.

Сёння ў розных гарадах Беларусі функцыянуе 11 юрыдычных клінік.

Навучанне ў клініцы прадугледжвае спалучэнне тэарытычных ведаў з практычнай працай. Акрамя гэтага, дасягаюцца не толькі адукацыйныя, але і сацыяльныя мэты, якія рэалізуюцца шляхам аказання бясплатнай юрыдычнай дапамогі бедным і сацыяльна-неабароненым грамадзянам, а таксама прававой асветы і павышэння ўзроўню прававой культуры сярод насельніцтва.

Перш чым стаць студэнтам-кансультантам, мне спатрэбілася паспяхова прайсці інтэрактыўны курс навучання ў юрыдычнай клініцы. Упершыню навучанне было цікавым і адначасова вельмі карысным, што не было падобным да семінараў на факультэце. Заняткі арганізаваны ў форме трэнінгаў па фарміраванні найбольш важных для юрыста навыкаў: браць інтэрв’ю, праводзіць кансультацыі, граматна складаць юрыдычныя дакументы, праводзіць работу са складанымі кліентамі, выпрацоўваць навыкі юрыдычнай этыкі і інш. Студэнты актыўна ўзаемадзейнічалі як з выкладчыкамі, так і адзін з адным. Гэта дасягалася дзякуючы выкарыстанню розных метадаў:

  • круглых сталоў (дыскусія, дэбаты);
  • мазгавога штурму (брэйнсторм, мазгавая атака);
  • дзелавых і ролевых гульняў;
  • Case-study (аналіз канкрэтных сітуацый, сітуацыйны аналіз);
  • майстар-класаў (сустрэчы з запрошанымі юрыстамі-практыкамі) і г.д.

Гэтыя віды навучання дапамагаюць наладжваць кантакт паміж студэнтамі, здымаць нервовае напружанне, стварыць пазітыўную атмасферу на занятках, пасля чаго кожнаму становіцца лёгка выказваць сваё меркаванне. Гэта ўсё садзейнічае шчыльнай працы ў камандзе, вучыць прыслухоўвацца да меркавання сваіх таварышаў, садзейнічае развіццю творчасці і фантазіі.

2

Пасля мяне чакаў год работы ў Студэнцкай юрыдычнай кансультацыі ў якасці студэнта-кансультанта. Там у мяне з’явілася магчымасць наладжваць дачыненні з рознымі групамі кліентаў, падрыхтоўваць кансультацыі па розных галінах права, кансультаваць грамадзян, складаць юрыдычныя дакументы.

За год ў клініцы я набыла больш карысных ведаў і практычных уменняў, чым за тры гады вучобы ва ўніверсітэце. Там увага надзялялася тэарытычным ведам, а не фарміраванню практычных навыкаў. Клініка ж дапамагае студэнтам атрымаць неабходны вопыт, які, несумненна, спатрэбіцца пры ўладкаванні на працу. Клініка дае тыя веды і практычныя ўменні, якія патрабуе кіраўнік і без якіх юрыст не зможа працаваць.

Я вельмі задаволена тым, што прайшла конкурс ў юрыдычную клініку. У Студэнцкую юрыдычную кансультацыю пасля навучання з 33 студэнтаў было залічана толькі 12 найбольш актыўных.

Аднак клініка не толькі дапамагае студэнтам засвоіць базавыя практычныя навыкі юрыста, але і прапаноўвае шмат магчымасцей для павышэння прафісіяналізму і атрымання новых ведаў.

3

У гэтым я ўпэўнілася асабіста, калі прайшла адбор на першую Міжнародную алімпіяду для студэнтаў юрыдычных клінік, акая адбылася ў Маскве з 11 па 14 траўня 2015 года. Цікава тое, што алімпіяда праходзіла ў форме спаборніцтваў паміж камандамі. Удзельнікамі каманд выбіраліся прадстаўнікі розных універсітэтаў і розных нацыянальнасцей, якім неабходна было працаваць зладжана, дапамагаючы адзін адному.

Міжнародная алімпіяда

Кожны раўнд спаборніцтваў быў накіраваны на выпрацоўку пэўных практычных навыкаў:

  • інтэрв’юіраванне;
  • кансультаванне;
  • аналіз спраў;
  • прававая пазіцыя і г.д.

Завяршэннем алімпіяды сталі вучэбныя судовыя працэсы. Удзел у алімпіядзе дапамог мне палепшыць тыя навыкі, якія я атрымала ў клініцы. Акрамя гэтага, дазволіла атрымаць мне шмат уражанняў, набыць новых сяброў, даведацца пра асаблівасці працы іншых клінік, а таксама даведацца больш пра нормы расійскага заканадаўства. Усе ўдзельнікі змаглі праверыць свае веды на практыцы, а таксама атрымаць каментары і карысныя парады вядучых спецыялістаў у юрыспрудэнцыі. Па выніках алімпіяды мая каманда “Інтэрнацыянальны юрыдычны цэнтр”, атрымала 2ое месца!

Праз некаторы час я прыняла ўдзел у Летне-асенняй школе «Прафесійныя навыкі юрыста: шлях да поспеху», якая праводзілася ў Калінінградзе, дзякуючы спонсарскай дапамозе ўстановы «Новая Еўразія».

Фармат курсаў адрозніваўся ад маскоўскай алімпіяды. У межах школы навучанне праходзіла ў два паралельныя патокі: адзін – на рускай, другі – на ангельскай мовах. Кожны ўдзельнік павінен быў засвоіць мінімум 6 абавязковых курсаў з любога патоку, каб атрымаць сертыфікат Летняй школы.

4

Я ўдзельнічала ў рускамоўнай групе школы. Праграма прадугледжвала наступны набор курсаў для гэтай групы:

  • Як пісаць законы? – загадчык кафедры камерцыйнага права і асноў правазнаўства МДУ імя М.В.Ламаносава Алена Абрасімава;
  • Асновы юрдычнай аргументацыі – дырэктар Санкт-Пецярбургскага інстытута права імя Прынца П.Г.Ольдэнбургскага Аркадзь Гутнікаў;
  • Асновы прафесійнай этыкі – дырэктар цэнтра развіцця юрыдычных клінік Максім Дранжэўскі;
  • Эфектыўныя перамовы;
  • Медыяцыя як эфектыўны спосаб вырашэння канфлікту;
  • Псіхалагічныя асновы развіцця прафесіяналізму юрыста;
  • Стварэнне і кіраванне юрыдычнай фірмай.

Такія курсы не выкладаюць у вышэйшых навучальных установах. Аднак подобныя трэнінгі праводзяцца ў Юрыдычнай клініцы БДЭУ.

Курсы праводзілі вядомыя ў сваёй сферы дзейнасці трэнеры і выкладчыкі, якія маюць вопыт працы і юрыстам, і выкладчыкам.

IV летняя школа з’яўляецца ўнікальным мерапрыемствам ў сферы развіцця юрыдычных клінік. Гэтае мерапрыемства дало мне магчымасць праверыць свае веды ў галіне юрыспрудэнцыі, эфектыўна ўзаемадзейнічаць з кліентамі, развіваць і ўдасканальваць іх, а таксама атрымаць новыя карысныя веды і навыкі, пашырыць круг прафесіянальных кантактаў, атрымаць магчымасць навучання ў замежных прафесароў і прафесіяналаў самага высокага ўзроўню.

Работа ў клініцы для мяне не скончылася. У новым навучальным годзе я працягваю работу ў якасці не проста студэнта-кансультанта, але і ў якасці малодшага куратара. Кар’ерны рост відавочны!:)

Пасля работы ў юрыдычнай клініцы, а таксама ўдзелу ў міжнародных юрыдычных мерапрыемствах у мяне з’явілася многа ідэй і мэтаў у прафесійным развіцці. Атрыманымі ведамі я магу дзяліцца з удзельнікамі юрыдычнай клінікі БДЭУ шляхам падрыхтоўкі і правядзення трэнінгаў для студэнтаў-кансультантаў, такім чынам зрабіць унёсак у яе развіццё. А таксама прымяніць веды на практыцы ў працы з кліентамі і гэтым садзейнічаць далейшаму павышэнню якасці бясплатнай юрыдычнай дапамогі ў Мінску. Але самае значнае, што, на мой погляд, дала мне клініка, – гэта ўсведамленне сваёй мэты ў прафесійным жыцці: у будучыні заснаваць сваю прыватную практыку ў якасці медыятара.

Вось такую Юрыдычную клініку я бачу. Шчыра рада, што стала студэнтам-кансультантам, які не толькі аказвае бясплатную прававую дапамогу, але і расце прафесійна!

Каб стаць кліентам Юрыдычнай клінікі БДЭУ, трэба патэлефанаваць і папярэдне запісацца на прыём па тэлефоне 209 79 68 (тэлефанаваць па панядзелках і серадах з 18:00 да 20:00).