З “Адукацыі” ў “Epam”: гісторыя выпускніка “Адукуй сябе пра Еўропу” Мікіты Абрамчыка
- 02.11.2019
- Асабісты досведВыпускнікі
- Час чытання: 5 хвілін
У межах праграмы “Адукуй сябе пра Еўропу” Настасся Баравік, удзельніца чацвёртага набора курса, узяла інтэрв’ю ў мінулага ўдзельніка Мікіты Абрамчыка, у якім задала пытанні наконт праграмы, працы ў IT-сферы і планаў на будучыню. Мікіта навучаўся ў МДЛУ на настаўніка, а пасля заканчэння ўніверсітэту ўладкаваўся на працу ў “Epam”. Яго дзейнасць звязана з інфармацыйнымі тэхналогіямі, працай з людзьмі і арганізацыяй мерапрыемстваў.
Мікіта, што цябе натхніла падацца на курс “Адукуй сябе пра Еўропу”?
Гэты курс мне парэкамендаваў сябра, знаёмыя якога таксама прымалі ўдзел у “Адукуй сябе пра Еўропу” і засталіся вельмі задаволеныя. У дадатак да гэтага, я прагледзеў відэазапісы на сайце “Адукацыі” і атрымаў дадатковую матывацыю. З сябрам мы хацелі падавацца разам, але з-за актыўнага жыцця я перанёс запаўненне заяўкі на апошні дзень, дакладней ноч (смяецца). У выніку зрабіў гэта, калі дэдлайн ужо гарэў, і стаў часткай каманды, чаму надзвычай рады!
Якія самыя яскравыя ўражанні засталіся пасля курса?
Афлайн-сустрэчы ўвогуле. Калі казаць пра штосьці адно, то гэта дэбаты, таму што мы атрымалі магчымасць разгледзець канкрэтныя пытанні (моладзевая палітыка, міграцыя насельніцтва) з розных бакоў і абмеркаваць нашыя кропкі погляду. Выдатна, што групе былі прапанаваны дзве тэмы: першая больш простая, для размінкі, а другая больш глыбокая, на адпрацоўку навыкаў вядзення дэбатаў і замацаванне матэрыялу.
Акрамя таго, мне было цікава і карысна стаць удзельнікам адукацыйнай праграмы па методыцы “змешанага навучання”. Дакладна ў той час я пісаў дыпломную работу па тэме, што датычылася гэтага тыпу навучання, таму было класна ўбачыць, як такая сістэма працуе ў рэальным жыцці.
Падзяліся сваім меркаваннем наконт “змешанага тыпу навучання”: як ты лічыш, ці ёсць месца гэтай методыцы ва ўніверсітэтах Беларусі?
Як мне здаецца, да “змешанага навучання” праз 5-10 год прыйдзе вялікая колькасць універсітэтаў: хадзіць на лекцыі не заўсёды цікава і зручна. Таксама было б класна выбіраць выкладчыкаў, слухаць лекцыі ў запісе ў зручным для кожнага месцы, затым прыходзіць на заняткі і працаваць з вывучаным матэрыялам. Гэта дазваляе самастойна спланаваць час і займацца па гнуткім графіку.
Калі параўноўваць Мікіту “да” і “пасля” курса, якія асноўныя адрозненні ты можаш назваць?
Пасля ўдзелу ў курсе я атрымаў моцную матывацыю працаваць і ператвараць свае ідэі ў рэальныя праекты. У праграме ўдзельнічалі маладыя людзі, якія ўжо рэалізуюць уласныя праекты, яны зараджаны на працу, і я атрымаў гэтую энергію ад іх.
Удзел у курсе таксама дапамог знайсці аднадумцаў і людзей, якія гатовы дапамагчы ў розных жыццёвых сітуацыях: як у тых, што датычацца працы, так і па асабістых пытаннях.
Мікіта, калі ты закрануў прафесійную сферу, раскажы, чым займаешся цяпер?
Не так даўно мы запусцілі платформу пад назвай “Кам’юніці Z”, дзе дапамагаем людзям знаёміцца, абменьвацца вопытам і ствараць уласныя праекты. Наша пляцоўка дае магчымасць расказаць людзям, якія працуюць у IT-сферы, пра кейсы, якія спрацавалі або не спрацавалі, бо любы вопыт, нават негатыўны, таксама вопыт.
“Кам’юніці Z” дапамагае ўсім: як невялікімі парадамі і рэкамендацыямі, так і поўным кіраўніцтвам па стварэнню і рэалізацыі праектаў.
Трэба адзначыць, што вялікія праекты таксама пачыналіся з малага. Напрыклад, школа “The Rolling Scopes” з’явілася ў Мінску, а зараз працуе і ў іншых краінах СНД. У гэтай школе можна бясплатна прайсці заняткі, а пасля атрымаць добрую працу. Ёсць і канферэнцыя “The Rolling Scopes”, якую наша каманда арганізоўвала на тры дні з колькасцю ўдзельнікаў больш чым за тысячу. Мне здаецца, што Мінск становіцца горадам больш лаяльным, гатовым прымаць новыя рухі і актыўнасці.
Якія планы на наступныя 5 год?
Думаю, застануся ў гэтай сферы, каб атрымаць карысны прафесіянальны вопыт. Таксама працягну развіваць свае навыкі і паглыбляць веды (піяр, камунікацыя, праект-менеджмент). Пасля планую арганізаваць сваю справу. Мне вельмі хочацца зрабіць гэта аддана, каб справа была не толькі цікавая для мяне, але і карысная для грамадства.
Што ты хочаш пажадаць моладзі, якая цікавіцца нефармальнай адукацыяй і жадае стаць канкурэнтнай на рынку працы?
Варта развівацца ў гэтай сферы, але не забываць аб класічнай адукацыі, таму што толькі ў суме будзе ўражлівы вынік. Акрамя гэтага, не лішнім будзе вывучэнне ангельскай мовы: удзел у міжнародных праграмах – добрая магчымасць акунуцца ў моўнае асяроддзе. Але мне хочацца падкрэсліць: займацца трэба тым, што падабаецца і прыносіць задавальненне. Так чалавек будзеце ўдасканальвацца і станавіцца сапраўдным спецыялістам. Поспехаў усім!