З беларускага “фізмата” ды ў польскую антрапалогію

  • Час чытання: 5 хвілін
  • 26.01.2017
  • Блог
  • Здымкі: з прыватнага архіву Глеба

Гісторыя Глеба Міхалоўскага, бадай, хутчэй выключэнне з правіла, чым тыповы прыклад. Аднак самае галоўнае, што я адзначыла для сябе пасля нашай гутаркі, – калі ты марыш пра нешта, ты напалову ўжо можаш.

Міжнародная ініцыятыва Cook and Jam

Пра мары і Кастанэду 

Я скончыў 9 класаў гімназіі №3 ў Магілёве, пасля паступіў у Ліцэй БРУ (Беларуска-расійскага ўніверсітэта), дзе вучыўся 10 і 11 класы на фізіка-матыматычным профілі.

Калі шчыра, то паступіць у Польшчу я марыў заўсёды, перманентна. У выпускным класе зразумеў, што тэхнічныя спецыяльнасці – не маё, пачаў пільна вывучаць спецыяльнасці і факультэты ў Варшаўскім універсітэце. Паралельна вучыў польскую мову і чытаў Кастанэду ды Юнга. Дарэчы, веды, якія я атрымаў такім вось чынам, то бок зусім самастойна, здорава дапамаглі мне на ўступных.

У Варшаўскім універсітэце знайшоў вельмі цікавы факультэт, які даслоўна называецца “instytut etnologii i antropologii kulturowej” (“факультэт этналогіі і культурная антрапалогіі”). У ліпені пачыналіся ўступныя, таму хутка трэба было ехаць. І я паехаў.

Гарачае польскае лета

Акрамя экзамену на веданне польскай мовы, у Варшаўскім універсітэце мне сказалі, што на этналогію абавязковая частка ўступных – суразмоўе, якое было запланавана на жнівень. На той час я не ведаў польскую мову настолькі добра, каб праходзіць на ёй розныя суразмоўі перад выкладчыкамі ўніверсітэтаў, але зноў жа – назад дарогі не было.

У выніку суразмоўе я прайшоў на трох мовах: польскай, ангельскай і часткова на рускай. Спыталі пра адукацыю, якую я атрымаў на Беларусі, пра захапленні, што я чытаю ў вольны час, чаму абраў менавіта гэты факультэт. Яшчэ за два тыдні да суразмоўя мне на элекронную скрыню даслалі філасофскі тэкст-прытчу, якую падчас экзамену трэба было прааналізаваць. Даволі незвычайны метафарычны тэкст пра тое, як жанчына выпіла мора, каб дабрацца да сваіх дзетак. На суразмоўі спыталі пра яго інтэрпрэтацыю, як я яго зразумеў.

У выніку праз пару дзён мяне ўзялі.

Студэнцкае жыццё

Як мне вучыцца? Адназначна, тут даволі цяжка. Трэба сапраўды добра валодаць польскай (амаль як носьбіт), бо тэксты, усе працы ты мусіш пісаць менавіта па-польску. Нельга прагульваць. Велізарным плюсам з’яўляецца тое, што ты самастойна можаш скрэатывіць сабе расклад. Дзякуючы спецыяльнаму сайту Usos студэнт выбірае блокі прадметаў, факультатывы, форму фізкультуры і ўсё ў гэтым жа родзе. Сярод маіх прадметаў былі, дзеля прыкладу, “Antropologia Symboliczna” (“Сімвалічная антрапалогія”) , “Kulture Muzyczne Świata” (“Музыкальныя культуры свету”), “Antropologia płci i seksuallności” (“Антрапалогія полу і сэксуальнасці”) ды іншыя. Тут няма такога паняцця, як група ці стараста; на кожных занятках ты сустракаешся з новымі людзьмі, што значна пашырае твае кантакты.

На выставе biennale nieużytków

На ступень бакалаўра (тут яна завецца “licencjat”) трэба вучыцца 3 гады, але большасць паступае далей у магістратуру. Таму стандартны перыяд вучобы доўжыцца 5 гадоў.

Зараз я пішу дыплом і планую вучыцца далей.

Усім, хто марыць паступіць за мяжу, я раю добра абдумаць усе дэталі. Жыццё і інтэграцыя на чужбіне даволі складаная штука.