Erasmus Mundus: Як трапіць на вучобу ў сонечную Партугалію


Пра свой досвед у праграме Erasmus Mundus распавяла Анастасія Вазнюк, студэнтка Беларуска-Расейскага ўніверсітэту (г. Магілёў). Паўгады дзяўчына навучалася ў Палітэхнічным Універсітэце Лейрыі (Партугалія) і прывезла для Adukacuja.info жменю акіянічных успамінаў.

***

– Ці шмат людзей паехала з твайго універсітэту? Якім быў працэс падачы дакументаў на праграму?

Я брала ўдзел у праграме Erasmus Mundus INFINITY, куратарам якой быў універсітэт у Лісабоне. З майго Беларуска-Расейскага ўніверсітэту паехалі яшчэ два чалавекі, таксама на паўгады: абодва трапілі ў Астраўскі ўніверсітэт Чэхіі. У гэтым годзе туды едзе выкладчык, але толькі на месяц.

IMG_20150721_214619

Пра праграму я даведалася за 5 з паловай дзен да дэдлайну. Пра яе распавёў дэкан, які ведаў мае здольнасці да мовы. Мы навучаемся ў тэхнічнай вну, таму такіх кандыдатаў было няшмат. Паўтары дні сышло на тое, каб разабрацца ў працэсе падачы дакументаў, які апынуўся даволі стандартным. Студэнтаў адбіралі па вызначынах крытэрах, таксама даволі стандартных: ацэньваецца атрымленая кандыдатам адукацыя, досвед працы па спецыяльнасці (калі ён ёсць), валоданне мовамі і матывацыя. Трэба было зрабіць пераклад дакументаў і заверыць пячаткай вну.

I3ICeg_d-qc

Заставаўся адзін дзень да дэдлайну, і я была змушана зрабіць нялёгкі выбар паміж паспяховай здачай іспыту або давядзеннем да ладу ўсіх дакументаў. З прычыны, што дысцыпліна была важная, я выбрала іспыт. І раптам, калі абнавіла сайт Эразмус Інфініці, убачыла аб’яву: “Дэдлайн працягнуты на два тыдні”. Так я апынулася ў Партугаліі.

– У які ўніверсітэт ты трапіла? Ці дапамагалі табе з візай? 

Найперш было неабходна абраць тры вышэйшыя навучальныя ўстановы, праграмы навучання якіх супадалі б з нашымі. Прыярытэтным апынуўся Палітэхнічны ўніверсітэт Лейрыі: туды ў пачатку траўня я і трапіла.

Мне імпанавала падтрымка з боку каардынатара праграмы Эразмус, які падрабязна распавёў, што візу патрэбна атрымліваць у Маскве, ужо ў сярэдзіне чэрвеня ён даслаў запрашэнне і страхоўку. Вучоба пачыналася 9 верасня, аднак я ўдзельнічала ў праекце па вывучэнні французскай мовы. Я дамовілася з каардынатарам аб прыезде 17 верасня, таму мне было патрэбна зрабіць візу загадзя. Дакументы я падавала ў электронным выглядзе (пра гэта дамовіўся партугальскі ўніверсітэт) для азнаямленчага прагляду. Калі прыехала ў Маскву, аддала арыгіналы – праз пяць гадзін мне ветліва аддалі візу, кошты якой кампенсаваў Эразмус.

IMG_3401

– Як ты дабіралася?

Нашым пералетам займалася турыстычная агенцыя ў Партугаліі. Яна выбрала найлепшы варыянт – пералёт Мінск – Масква (адлёт а шостай раніцы 17 верасня), пералет Масква-Лісабон (а 5.45 раніцы 18 верасня). Аб’ём валізкі падштурхнуў мяне на ўласны маршрут, таму я паехала дзённым цягніком у Маскву, які прыбываў апоўначы. Да “Дамадзедава” даехала на таксі, падзяліўшы кошты са знаёмымі, якія ехалі туды ж. На партугальскую зямлю я спусцілася бадзёрай, праспаўшы ўвесь палёт, і пайшла на пашпартны  кантроль. Пасля гэтага мяне чакалі метро і аўтобусная станцыя. З гэтай кропкі я адправілася ў маю рэзідэнцыю на 5 з паловай месяцаў – Лейрыю.

– Жыццё і вучоба: як гэта – на паўгады апынуцца ў іншай акадэмічнай і бытавой рэальнасці?

Першае ўражанне – на рэцэпцыі інтэрнату мяне сустрэлі з усмешкай і правялі да пакою. А першым воклічам, калі зайшла ў пакой, – “як светла!”. Пакой, пафарбаваны у светлыя колеры, уключаў міні-кухню, маленькую ванну, аб’яднаную з туалетам, убудаваны шкаф з тэлевізарам і маю беларускую суседку Таню. А на першым паверсе знаходзілася найлепшая кавярня ў горадзе, дзе можна было танна паесці.

gAI5IDzxl6E

Корпус універсітэта знаходзіўся за 39 хвілін пешшу ад інтэрнату са сталовай на шляху. На маім курсе ў асноўным навучаліся гішпанцы і італьянцы. З апошнімі мы перасякаліся на практычных занятках разоў пяць за ўвесь час і сустракаліся толькі на іспытах, бо лекцыі былі толькі па-партугальску праз благія веды ангельскай мовы. З шумнымі гішпанцамі сустракаліся на вечарынах, зарганізаваных студэнцкім урадам. Калі я сустрэла партугальца ў Празе і запыталася пра яго побыт тут, то ў адказ атрымала: “Партугалія – найлепшая краіна для моладзі і студэнтаў”. Вечарын і весялосці тут сапраўды дастаткова. Аднак не ўсё так святочна з першага погляду: каб ураўнаважыць баланс, студэнты вельмі сур’езна ставяцца да вучобы. Кожны б’ецца за месца пад цеплым сонейкам Партугаліі, бо ад адзнак залежыць, ці трапіш ты на другую ступень адукацыі і на якую працу цябе возьмуць. Таму на іспыце кожны сам за сябе, сяброўства мае толькі дзелавы аспект.

– Як праходзіць навучанне студэнткі па абмене ў гасцявым універсітэце?

Ёсць вызначаны спіс дысцыплін, якія трэба абавязкова выбраць, астатнюю колькасць крэдытаў можна абраць самастойна. Гэта заўсёды можна абмеркаваць з супервайзерам, які дапаможа пры любым надвор’і. У студэнта-бакалаўра ў сярэднім 7 прадметаў на семестр.

Навучаліся мы ў другую змену, з 14.00 да 18.00 гадзін, мае калегі-магістры – з 18.30 да 23.00. Так зроблена, каб студэнты-магістранты мелі магчымасць паралельна працаваць. І для партугальца «go-out» – пайсці на кубачак кавы а 11 увечары  – абсалютна нармальная сітуацыя.

iu6V30t6SE0

Як я казала раней, усе лекцыі праводзіліся на партугальскай, таму мне і двум армянам зрабілі індывідуальны план працы: мы прыходзілі на нешматлікія, дзе выкладчык пераказваў нам лекцыі і прапаноўваў адразу сесці за практыку. Тое, што не паспявалі рабіць на занятках, дапрацоўвалі дома. Выкладчыкі размаўлялі на неблагой ангельскай. Цікава, што ў Партугаліі большасць насельніцтва добра валодае ангельскай, бо асноўная частка амерыканскіх тэлешоў не перакладаецца на родную мову, а суправаджаецца субтытрамі. Да нас ставіліся спагадліва, перыядычна пыталіся, што мы пабачылі ў краіне і што пра гэта думаем. Да магістрантаў ставіліся больш строга, там іх не шкадуюць. Усе свае курсавыя працы здавалі ў электронным варыянце і абавязкова рабілі па іх прэзентацыі.

Самай незабыўнай асаблівацю для мяне сталі экскурсіі на смеццеперапрацоўчы завод і прадпрыемства, дзе чысцяць ваду, – для разумення, як гэта працуе на практыцы. Значная увага надзяляецца новым тэхналогіям і экалагічным праблемам.

– Ці на ўсё табе хапала стыпендыі?

Стыпендыя, якую прапануе Эразмус, пакрывае ўсе выдаткі на навучанне па абранай праграме, прадстаўляе страхоўку, штомесячную стыпендыю, якая складае сярэдні заробак звычайнага партугальца, грошы, патрэбныя на пераезд, афармленне візы і г.д. плюс аплочвае моўныя курсы ў краіне навучання. На гэта грант у Партугаліі можна жыць без складанасцяў – кошты на ежу і абслугоўванне там лічацца аднымі з самых нізкіх ва ўсёй Еўропе. І не трэба адмаўляцца ад нацыянальнай ежы, вопраткі і падарожжаў.

kA81Xeh0Jfk

– Ці атрымалася павандраваць па Еўропе?

На навагодніх вакацыях мы не прапусцілі магчымасць адкрыць для сябе Чэхію і Італію. У Чэхію я паехала яшчэ ў красавіку ў якасці валанцёра, дзякуючы дабразычлівым партугальцам, якія працягнулі мне візу на 77 дзён замест 29. Галоўнай мэтай вандроўкі з’яўлялася вывучэнне Партугаліі ва ўсіх яе аспектах. Сюды я прыехала са стандартнымі ведамі пра гэтую краіну кантрастаў: беднасць і беспрацоўе – усе, што чула з навін. Я прыехала сюды і пераканалася, што праблемы існуюць, але не ў такім аб’ёме, як гэта паказваюць. Партугальскі накірунак не ззяе з тэлевізару акеанскай хваляй і не кліча прыемным жаночым голасам  набыць тур, ды і наогул не асабліва папулярны. А насамрэч Партугалія – асаблівая і каларытная краіна з багатай культурнай і прыроднай спадчынай, сканцэнраванай у вялікай колькасці на адзін квадратный метр.

zPPR9b35p_Q