З філолагаў у палітолагі: навучанне ва Універсітэце Андрашы


Пра свой досвед змены профіля навучання, асаблівасці еўрапейскай адукацыі і жыццё ў Вугоршчыне распавядае Кацярына Якоўчык, выпускніца Універсітэта Андрашы ў Будапешце.

IMGP0022

Вучыцца ў Вугоршчыне я ніколі не планавала. У Беларусі вывучала нямецкую мову, і калі задумвалася пра навучанне за мяжой, то разглядала толькі нямецкія ўніверсітэты. Падчас практыкі ў нямецкім парламенце зразумела, што хацела б вывучаць міжнародныя зносіны. Калі ж пачала шукаць універсітэты і праграмы, то дазналася, што гэта практычна немагчыма, таму што мая першая адукацыя – філалагічнага профіля, і гэтага ў Германіі недастаткова, каб вучыцца ў магістратуры па напрамку міжнародных зносін ці паліталогіі. А магістратура па філалогіі не вельмі мяне прываблівала.

Нямецкамоўны Універсітэт  Андрашы я адкрыла для сябе таксама падчас практыкі ў парламенце. Сярод парламентскіх практыкантаў было некалькі выпускікоў універсітэта Андрашы, якія параілі мне звярнуць на яго ўвагу.  Аказалася, што там можна вывучаць міжнародныя зносіны нават калі раней ты атрымаў зусім іншую спецыяльнасць. У такім выпадку да абавязковых 120 крэдытаў трэба было зрабіць так званы “нулявы семестр” – то бок здаць пэўную колькасць экзаменаў на 30 крэдытаў.

Падача дакументаў была прасцейшая, чым у нямецкія універсітэты, але патрэбна было здаць уступныя экзамены. Экзамен, ці дакладней, тэст, не абявязкова было здаваць у Будапешце, і яго я здавала ў Мінскім прадстаўніцтве ДААД. Ён складаўся з multiple choice пытанняў на агульныя веды па паліталагогіі, функцыянаванні Еўразвязу, нямецкай палітыкі, геаграфіі, гісторыі і гэтак далей. Пасля тэсту было вуснае сумоўе па скайпу, на якім былі пытанні па матывацыі і нейкім канкрэтным палітычным падзеям таго часу. Яшчэ адно скайп-сумоўе, больш арыентаванае на матывацыю і планы на будучыню, было для атрымання стыпендыі.

Атрымаўшы станоўчы адказ і зрабіўшы вугорскую візу, я прыехала на два гады ў Будапешт вывучаць міжнародныя зносіны ў нямецкамоўным універсітэце. Было цяжкавата, бо прыйшлося многае вывучаць з нуля. За два гады трэба было зрабіць 150 крэдытаў, пры тым, што амаль усе семінары былі па 3 крэдыта і ў некалькіх выпадках 6, а магістэрская праца было толькі 8 крэдатаў. Вучыць было шмат, але  большасць  прадметаў былі цікавымі. Амаль усе прафесары былі немцы, аўстрыйцы альбо швейцарцы, і толькі некалькі чалавек венгры. Цікава тое, што многія курсы, асабліва па дыпламатыі, вялі дзеячыя паслы і консулы. Часта ў якасці госця прыязджалі вядомыя палітыкі. У гэтым годзе, напрыклад, на сустрэчу са студэнтамі прыязджала Ангела Меркель.

У Вугоршчыне пяцібальная сістэма адзнак, як калісьці ў нас, таму мне было просто арыентавацца. Але, напрыклад, двойка лічыцца яшчэ прахадным балам. Экзамены былі і вусныя, і пісьмовыя. На вусных экзаменах няма такого, што прафесар дае на талерачцы спіс пытанняў, якія трэба вучыць, і гэтыя самыя пытанні такімі і будуць на экзамене. Вучыць, абапіраючыся на слайды прафесара, канспект і дадатковую літаратуру трэба было ўсе тэмы, якія праходзілі. Яшчэ вусным экзамене няма часу на падрахтоўку: проста сядаеш насупраць прафесара і ён пачынае задаваць пытанні, а табе трэба адразу адказваць.  Але прыйсці на экзамен і нешта адказаць – гэта не адзінае, што трэба зрабіць: як правіла, на працягу ўсяго семестра трэба пісаць даклады, рабіць прэзентацыі, прымаць удзел у дыскусіях. Шмат з гэтага трэба было рабіць у невялічкіх групах з другімі студэнтамі. Гэта цудоўная практыка працы ў мультыкультурнай камандзе.

Стыпендыя ў мяне была невялікая. Хапала літаральна на ежу, пакой і транспарт, таму прыходзілася эканоміць. Але жыццё ў Будапешце ўвогуле недарагое.

Час ад часу ў самім універсітэце адкрываюцца вакансіі для студэнтаў, дзе можна падпрацаваць. Таксама ёсць дадатковыя стыпендыі, па якіх можна паехаць летам на практыку альбо пісаць магістарскую ў Нямеччыне. Ёсць таксама Эразмус і Эразмус internship. За выдатную магістарскую працу можна атрымаць нават грашовую ўзнагароду. Ўніверсітэт часта ладзіць экскурсіі за мяжу (напрыклад, на Балканы), якія, як правіла, поўнасцю бескаштоўныя.

Два гады ў Будапешце праляцелі як адно імгненне. Гэта быў цудоўны час з усіх пунктаў гледжання! Я мела магчымасць атрымаць Master of Arts па міжнародных зносінах нават без бэкграунда. Два гады напружанай вучобы дазволілі мне атрымаць дыплом і паступіць у аспірантуру. За гэты час я знайшла шмат новых сяброў, з якімі мы падьоымліваем зносіны і па сённяшні дзень.