З Сінявокай ў Паднябесную: Даша Вавілава – пра вучобу ў каледжы UWC і жаданне вярнуцца дадому
- Час чытання: 5 хвілін
Калі ёсць рашучасць прабіць камень – ён сам дасць расколіну
Кітайская прыказка
Не ведаю, ці пагодзіцца Даша Вавілава з кітайскай прыказкай, але, падаецца, яна якраз пра гэтую дзяўчыну. З такой неверагодна добрай, жыццярадаснай і мэтанакіраванай Дашай мне пашчасціла пазнаёміцца яшчэ ў школе. Тады Даша вяла вельмі актыўную дзейнасць. Я назірала за яе поспехамі і дакладна ведала, што сваю зорку з неба яна дакладна атрымае. Поспех не прымусіў сябе доўга чакаць! Скончыўшы мінскую школы, Даша паступіла ў каледж UWC у Кітаі. Там Даша атрымлівае веды, рэалізоўвае праект дапамогі дзецям з аўтызмам і жадае з атрыманым вопытам вярнуцца ў Беларусь. Сваёй гісторыяй дзяўчына падзялілася ў інтэрв’ю для Adukacyja.info.
Даша, для чаго ты вырашыла паехаць вучыцца за мяжу? Чаму менавіта ў Кітай?
UWC – гэта міжнародны каледж, які мае 17 філіялаў па ўсім свеце. Калі я падавалася ў камітэт Беларусі, то не ведала, у які каледж траплю. Кітай для мяне стаў вялізным сюрпрызам. Я ні на хвіліну не сумнявалася, што паеду, хоць шмат хто быў супраць маёй паездкі: усё ж гэта іншы канец свету. Калі б год таму мне сказалі, што я буду вучыцца ў Кітаі, ні за што не паверыла б у гэта. Мне цікава вучыцца, тут абсалютна іншая культура, атачэнне. Я думаю, гэта на мяне паўплывае і зменіць як чалавека.
Як ты рыхтавалася да паступлення? Якія дакументы збірала і як настройвала сябе псіхалагічна?
У Мінску ёсць нацыянальны камітэт, які адбірае таленавітых выпуснікоў школ. Кожны год выдзяляюць прыкладна 5 стыпендый. Калі я паступала, паехала 9 чалавек. Першы тур адбору – гэта збор дакументаў, якія сведчаць аб актыўнай дзейнасці, плюс характарыстыка ад класнага кіраўніка, але на дадзены момант яе адмянілі. Любы чалавек, які хоча паступіць у UWC, павінен умець пісаць добрыя эсэ. У мяне на экзамене была тэма “Чалавек – гэта дабро ці зло?”.
Другі тур адбору – сумоўе. На ім спрабуюць ацаніць цябе як асобу: ставяць розныя пытанні, цікавяцца, чаму ты хочаш паехаць, надаюць увагу веданню беларускай культуры. Бо калі з’яжджаеш за мяжу, ты становішся “амбасадарам” сваёй культуры, таму ведаць яе і ўмець годна прадставіць – гэта вялікі плюс.
На чым грунтуецца сістэма навучання ў каледжы? Як пабудаваны заняткі?
Навучанне грунтуецца на сістэме міжнароднага бакалаўрыяту. Я абіраю 6 прадметаў з 6 розных груп: 3 на павышаным узроўні, 3 на сярэднім. Бакалаўрыят скіраваны на ўсебаковае развіццё чалавека. На высокім узроўні я абрала ангельскую мову, гісторыю і эканоміку, на сярэднім – кітайскую, матэматыку і біялогію. Сістэма адукацыі вельмі адрозніваецца ад нашай. Тут прапануецца вельмі шмат актыўнасцей, якія дапамагаюць развівацца табе як асобе. У UWC можна рэалізоўваць любыя праекты, якія пажадаеш. Зараз я займаюся з дзецьмі з аўтызмам, мне на гэта далі фінансы. Ездзіла ў кітайскую правінцыю, каб вучыць дзяцей з малазабяспечаных сем’яў ангельскай мове. Вялікая ўвага надаецца валанцёрству і творчай дзейнасці.
У акадэмічнай частцы вучэбная праграма моцная. Спачатку мне было складана сумяшчаць актыўную дзейнасць з вучобай, але тайм-мэнэджмент дапамог.
Арганізуюцца сустрэчы з псіхолагамі для таго, каб спраўляцца з нагрузкай.
Калі я прыехала, мне спадабаўся ліберальны падыход да адукацыі, які значна адрозніваецца ад школьнага беларускага. Настаўнікі даюць поўную акадэмічную свабоду вучням, я магу займацца і карыстацца рэсурсамі, якімі хачу.
На першым жа ўроку па гісторыі для мяне стала шокам, што настаўнік не даваў нам правільнага адказу. Яны правяраюць тое, як мы думаем, якімі шляхамі карыстаемся, але адзінага правільнага адказу не даюць, таму што гісторыя ва ўсіх розная.
Настаўнікі – цікавыя людзі, з розных куткоў свету, таму для мяне гэта каласальны вопыт. Мая настаўніца па гісторыі паходзіць з Індыі, яна ходзіць басанож на ўрокі, і мы падчас заняткаў сядзім на падлозе на велізарных падушках.
Беларуская школа дала табе базу ведаў для паступлення, або давялося пачынаць з нуля?
Я скончыла добрую прыватную гімназію, у якую бацькі аддалі мяне ў пятым класе. Да гэтага я вучылася ў сярэднестатыстычнай мінскай школе, але потым перайшла ў прыватную, таму што стандартная сістэма адукацыі заціскала, і я не атрымлівала ведаў, якія маглі быць накіраваны на інтэлектуальную дзейнасць чалавека. У новай школе такая магчымасць з’явілася. Яна дала мне добрую базу мовы, змяніла ўспрыманне свету і ход думак. Думаю, на момант паступлення ў мяне была такая база і ўменне думаць, аналізаваць.
Істотныя адрозненні паміж кітайскай і беларускай сістэмай навучання адчуваюцца?
Я пабывала ў правінцыі і знутры ўбачыла кітайскую сістэму адукацыі. Магу сказаць, што дзеці там мэтанакіраваныя, арыентаваныя на поспех. У іх ідзе моцная барацьба за лідарства. У школе, у якой я выкладала ангельскую мову, дзень пачынаўся з шасці раніцы і сканчаўся а дзясятай вечара. У UWC жа не кітайская сістэма адукацыі, а ліберальна-міжнародная. Яна адрозніваецца ад беларускай.
На ўроках мы думаем, рэфлексуем, пішам эсэ і вучымся крытычна думаць. Пасля першага тэсту па біялогіі настаўнік папрасіў нас напісаць эсэ пра тэст, пра нашыя пачуцці, даследаваць, як ён яго склаў.
Настаўнікі імкнуцца як мага больш кантактаваць з вучнем і ўспрымаць іх праблемы як асабістыя.
Што ты адчувала, калі працавала з дзецьмі ў аўтызмам?
Спачатку баялася. Абрала гэтую дзейнасць перш за ўсё як працу, скіраваную на дапамогу людзям. Нехта ездзіць у дом састарэлых, а я вось займаюся з дзецьмі з аўтызмам. У Мінску ніколі з такімі дзеткамі не кантактавала, але ў школе ездзіла ў анкалагічныя цэнтры. Для мяне гэтая тэма стала вельмі кранальнай. Я вырашыла паспрабаваць. Цяпер сы ездзім да дзяцей кожныя два тыдні, разам з камандай складаем праграму мерапрыемстваў для іх. Першы раз было страшна, таму што я абсалютна не ведала, як з імі працаваць, але ў мяне было жаданне дапамагаць. Дзеці з аўтызмам не хворыя, яны проста іншыя і вельмі таленавітыя.
Як мянялася тваё жыццё пасля прыезду ў Кітай?
Жыццё тут зусім іншае ў параўнанні з Еўропай. Першыя два тыдні, натуральна, былі шакуючымі: людзі іншыя, ежа таксама. Спачатку было цяжка знаходзіцца ў атачэнні іншага менталітэту. Цяжка было і з ежай: малака ўтут няма, а калі ёсць, то ненатуральнае. Потым я прывыкла і зразумела, што ёсць свае плюсы. Паехала ў кітайскую сям’ю і паспрабавала новыя, незвычайныя для мяне стравы. Усвядоміла, што кітайскія рэстараны ў Еўропе – гэта нічога ў параўнанні з сапраўднай кітайскай кухняй.
Ці лёгка было знайсці агульны кантакт са студэнтамі?
У нас вучыцца 450 чалавек з 99 краін свету. Я жыву ў інтэрнаце побач з суседкамі з Маўрыкіі, Інданезіі і Кітая. Напачатку было складана знайсці агульную мову з людзьмі з-за розных поглядаў на жыццё, але зараз усё добра, я кармлю іх нашымі дранікамі, праўда, без смятаны. Мы праводзім тыдні кухняў – афрыканскай, азіяцкай, каб адчуць культуру кожнага. Я разумею, што раблюся талерантнай і адкрытай да ўсяго.
У школе ты займала пасаду прэзідэнта. Актыўная школьная дзейнасць дапамагла?
Несумненна! У школе было вельмі шмат магчымасцей развівацца. У Мінску я брала ўдзел у мадэляванні ААН, удзельнічала ў праектах французскай, амерыканскай амбасады. І гэта дапамагло мне як асобе. Маё прэзідэнцтва ў школе таксама, таму што ў гэты перыяд я шмат камунікавала з людзьмі.
Ці можна сцвярджаць, што ты не баішся цяжкасцей?
Мяркуючы па тым, што я прыехала ў Кітай, так. (Усміхаецца.) Насамрэч, баюся, але ў мяне атрымоўваецца зачыняць на іх вочы, таму што мяне падтрымліваюць блізкія людзі.
Як ты праводзіш выходныя ў Кітаі?
Да прыкладу, шмат шпацырую па горадзе. Зараз мы арганізуем мюзікл “Мама Мія”, таму я цэлымі днямі рэпетую. У асноўным, мы заўжды знаходзімся ў нейкіх праектах. На вакацыях разам з аднакурснікамі ездзілі ў кітайскую сям’ю, дзе адчула сапраўдную гасціннасць.
Пасля некаторага часу, праведзенага ў Кітаі, у цябе, вядома, склалася ўяўленне пра краіну, пра людзей. Можа, разбурыліся нейкія стэрэатыпы?
На самой справе, у мяне не было строга намаляванай карціны ў галаве, калі я збіралася ў Кітай. Зараз разумею, што кітайцы – абсалютна іншы народ, з іншай культурай, з іншымі правіламі зносін. Яны вельмі любяць замежнікаў. І яны не зудыя! (Усміхаецца.)
Якім ты бачыш сваё жыццё праз 10 гадоў?
Я не люблю загадваць на будучыню, таму што ў жыцці здараецца рознае. У Кітаі маё жыццё кардынальна змянілася. З гэтымі новымі ведамі я планую вярнуцца ў Беларусь. У нас не хапае ў краіне кваліфікаваных спецыялістаў. Я хачу свой досвед вярнуць у Беларусь, і, магчыма, нешта змяніць.
Падрабязней пра каледж глядзіце на сайце uwcby.org.