Задумаць гатаваць хот-догі дзеля ўстойлівага развіцця: досвед удзелу ў UNLEASH CHINA 2019
- Час чытання: 5 хвілін
Гутарка з Ленай Пішчук, удзельніцай Форума па ўстойлівым развіцці Innovation Lab Unleash у Кітаі
– Лена, прывітанне! Раскажы, чым ты займаешся па жыцці.
У мяне некалькі відаў занятасці. Я працую мэнеджэркай у школе бізнэса для падлеткаў. Маю пасаду цяжка апісаць: гэта штосьці сярэдняе паміж камьюніці-менеджерам і менеджерам праектаў. Праца крэатыўная і звязана з камунікацыяй. Паралельна развіваю ўласны праект – харчовы банк “PISHCHA” і бяру староннія праекты на куратарства. Таксама выступала ў якасці спікера на праекце “TedX”, была стыпендыяткай Конрада Адэнаўра, удзельніцай беларускага хаба “Global Shaper”. Карацей, лягчэй сказаць, у чым я яшчэ не паўдзельнічала 🙂 .
– Раскажы падрабязней пра праграму, у якой ты ўдзельнічала ў Кітае. Як даведалася пра яе? Як праходзіў працэс адбору?
Пра Unleash расказала знаёмая, якая пастаянна дзеліцца са мной рознымі магчымасцямі. Падавала заяўку ў апошні дзень і не надта верыла, што прайду, але ўсё атрымалася!
Праграма цягнецца 10 дзён, на ёй збіраецца 1000 удзельнікаў з розных краін свету. У мінулым годзе былі прадстаўнікі 162 краін. Кожная каманда працавала з адной з васьмі мэтаў ўстойлівага развіцця па методыке дызайн-мыслення (прыклады картак, па якіх працуюць удзельнікі, прадстаўлены ніжэй): паэтапна распрацоўвала аспекты канкрэтнай праблемы, звязанай с устойлівым развіццём, каб прыйсці да канчатковага рашэння і запітчыць праект у фінале.
Для тых, хто хоча паглыбіцца ў тэму Форума і прыклады актыўнасцяў па мэтах устойлівага развіцця, Лена падзялілася матэрыялам для дадатковага чытання: UNLEASH_ActivityCards_2019.
Праграма характэрна тым, што можна атрымаць фінансавую падтрымку для распрацаванага праекта, калі ён мае кошт і добра прадстаўлены падчас прэзентацыі.
Абарона праектаў адбываецца наступным чынам: спачатку адбіраюць фіналістаў ў рамках канкрэтных мэт, пасля адбываецца агульны конкурс, дзе абіраюць пераможцаў усіх мэтаў па намінацыях. Напрыклад, праект з найбольшым сацыяльным унёскам, максімальна магчымым маштабіраваннем і г. д. У мінулым годзе фінансавую падтрымку атрымаў праект хлопца па ўстойлівай модзе. Згодна гэтай ініцыятыве, можна ўсталёўваць чыпы ў адзенне, якое накіроўваецца на перепрацоўку. Гэта неабходна для адсочвання яе шляху і пераканання ў тым, што вытворцы не падманваюць пакупнікоў і сапраўды накіроўваць рэчы на перапрацоўку.
Быў таксама праект каманды з Нігерыі, які прапаноўваў стварэнне спрэя, што змяшчае спецыяльныя бактэрыі для рыбы, якая псуецца пры доўгай транспарціроўцы з акеана да месцаў продажу. У гэтай камандзе ўдзельнічаў тэхнолаг, які змог паглядзець на праблему адходаў з ежы з іншага боку і стварыць такое неардынарнае рашэнне. Здорава, што ўдзельнікаў падбіралі з розных сфер, таму яны дапаўнялі адзін аднаго і прыходзілі да крэатыўных ідэй. Акрамя таго, узровень праектаў і праблем адрозніваецца ў краінах трэцяга свету і развітых (Западная Еўропа, Скандынавія), і такія праграмы, як Unleash, дапамагаюць гэта ўсвядоміць.
– Як выглядала заяўка? Якія былі патрабаванні для ўдзелу ў праграме?
У заяўцы неабходна было пазначыць дзве мэты устойлівага развіцця, у якіх кандыдат зацікаўлены і мае вопыт. Я пісала пра мэту 4 – якасная адукацыя і 12 – устойлівае спажыванне і вытворчасць.
У заяўцы неабходна было распавесці, з якімі праблемамі патэнцыйны ўдзельнік сутыкнуўся ў жыцці – у сферы мэтаў ўстойлівага развіцця – і якое рашэнне гэтых праблем ён бачыць. Таксама было тэсціраванне, што вызначала тып асобы ўнутры праграмы. Напрыклад, былі такія катэгорыі: прадпрымальнік у крупнай карпарацыі, прадпрымальнік-стартапер, маркетолаг, актывіст і сацыяльны работнік. Зыходзячы з тыпаў асобы і інтарэсаў ўдзельнікаў арганізатары фарміравалі каманды яшчэ да нашага прыезду ў Кітай.
– Ці працягваеце вы камунікацыю з удзельнікамі? Ці падтрымліваеце адзін аднаго ў лакальных праектах?
Так, у нас ёсць некалькі чатаў, дзе пастаянна праходзяць калабарацыі і людзі шукаюць спецыялістаў у розных сферах. Сумесная рэалізацыя створаных на праграме праектаў па вяртанню з яе праблематычна: розныя краіны, часавыя паясы і іншае. А вось нэтворкінг дазваляе рэалізаваць ініцыятывы, якія ўзнікаюць у удзельнікаў у іх краінах.
– Якія інсайты прыйшлі падчас паездкі?
Такое асяроддзе дазваляе даведацца больш пра сябе, сваю краіну і культуру, а таксама пра асаблівасці менталітэта іншых краін.
У маёй камандзе, акрамя мяне, былі дзяўчыны з Турцыі і Фінляндыі, хлопцы з Зімбабвэ і Даніі. Мы працавалі над вырашэннем праблемы харчовых адкідаў у Беларусі і прыдумалі, як выкарыстоўваць хлеб з зыходзячым тэрмінам прыдатнасці для вытворчасці хот-догаў. На жаль, на 5 дзень зразумелі, што праект нерэалістычны, таму што харчовыя прадпрыемствы ў нашай краіне дзяржаўныя і ім невыгадна прадаваць сацыяльнаму бізнэсу нерэалізаваную прадукцыю.
Другі прыклад – гэта калі падчас абмеркавання ў нас узнікла непаразуменне з дзяўчынай з Турцыі. Я перапыніла яе падчас гутаркі, а яна зрабіла няўважлівы жэст. Каб пазбавіцца ад негатыву, я спытала яе, чаму яна так зрабіла. Мы пагаварылі, прыйшлі да ўзаемаразумення, і ніхто не застаўся пакрыўджаным. Калі гэтая дзяўчына сышла, удзельніца з Фінляндыі сказала, што ў іх краіне непрынята выказвацца пра свае пачуцці і эмоціі. Я ўсвядоміла, наколькі адкрыты мы адкрытыя: імкнемся знайсці паразуменне ў калектыве і вырашыць усе канфлікты, нават схаваныя.
– Атрымалася пазнаёміцца бліжэй з кітайскай культурай і менталітэтам?
У нас было мала вольнага часу, мы працавалі над праектамі з 9 гадзін раніцы да 9 вечара, таму горад амаль не бачылі. Арганізатары вазілі нас на майстар-клас па кітайскім жывапісе і выцінанках, апошнюю я нават прывезла з сабой (яна вельмі падобная да нашай сняжынкі).
Мы таксама езділі ў Оперны тэатр Шэньчжэня. Ён знаходзіцца ў цэнтры горада, таму атрымалася паглядзець наваколле.
Крута, што мы жылі не ў цэнтры горада, а ў жылым квартале, таму змаглі паназіраць за рэальным жыццём кітайцаў: харчовымі рынкамі, прыватнымі дамамі і іншыя цікавосткі.
Была магчымасць прыляцець раней ці ўляцець пазней, і гэта аплочвалася арганізатарамі, але з-за працы я была па часе роўна столькі, колькі доўжылася праграма.
– Што незвычайнага і нязвыклага было ў Кітае? Ежа, менталітэт, каштоўнасці, лад жыцця.
У Кітаі ўсе па-іншаму, і гэта і не дрэнна, і не добра, проста яны так прывыклі жыць. Кітайскі народ вельмі непедантычны, і гэта адрознівае яго ад нас.
У Кітаі мала турыстаў з Еўропы і СНД, таму на мяне часта азіраліся на вуліцы і рабілі кампліменты, як мужчыны, так і жанчыны.
З пацешных момантаў: у гатэлі была шафа, але не сапраўдная, то бок дзверкі шафы намаляваныя і адчыніць іх нельга, хаця сама шафа вялікіх памераў.
Нягледзячы на тэмпературу ў 30 градусаў, у гатэлі на кожнага чалавека па 3 коўдры. Ёсць наборы на выпадак газавай атакі, але няма праса.
Мясцовыя жыхары амаль увесь час сядзяць у тэлефонах, нават на спатканнях і падчас язды на скутарах, а ў Шэньчжэні амаль усе ездяць на гэтым транспарце.
Прыгатаваная ежа смачная, але ў супермаркетах прадукты ненатуральныя і занадта салодкія. У іх няма шакалада, мала малочных прадуктаў, зашмат газіроўкі. І яны, сапраўды, ядуць тухлыя яйкі, якія спецыяльна псуюць і робяць тухлымі 🙂 Падаецца, што мне было б цяжка жыць у Кітае.
– Лена, дзе шукаць інфармацыю пра праграму і як павялічыць шанец на тое, каб быць адабраным?
Інфармацыю пра новыя наборы можна знайсці на афіцыйным сайце. У гэтым годзе мерапрыемства адменена з-за пандэміі, але ў наступным годзе, хутчэй за ўсё, усё вернецца ў звычайны лад, таму абавязкова падавайцеся. Сумна, што форума ў 2020 не будзе, таму што ён планаваўся ў Бразіліі, такой экзатычнай і прывабнай краіне.
Што датычыцца заявак у цэлым: падавайцеся на ўсе праграмы, якія вам падабаюцца, і не хвалюйцеся – заўсёды ёсць шанец, таму не трэба яго губляць!
Не адкладвайце падачу на апошні момант – так будзе час, каб паразважаць і прывесці рэальныя прыклады сітуацый у якасці адказаў на пытанні.
Будзьце шчырымі і знайдзіце сваю асаблівасць, каб выдзяляцца сярод астатніх канкурсантаў, таму што канкурэнцыя вялікая. Верце ў свае ідэі, глядзіце, як актывісты з розных краін мяняюць свет і атрымлівайце натхненне. Удачы ўсім!
Лена, дзякуй за размову!
Размаўляла Настасся Баравік, валанцёрка “Адукацыі”