Закрыццё праграмы “Размеркаванне: сумленна і аб усім”: як гэта было
- 16.06.2015
- Блог
- Дар’я Панамарова/Ірына Карпенка
30 траўня ў бары ДК адбылося закрыццё праграмы “Размеркаванне: сумленна і аб усім”. Наведвальнікі мерапрыемства мелі магчымасць пазнаёміцца з арганізатарамі праграмы, паслухаць парады выпускнікоў і экспертаў, а таксама правесці час у нефармальнай абстаноўцы.
“Праграма стартавала ў новым выглядзе ў снежні 2014 года. Да гэтага ў юрыдычнай кансультацыі БАСС працавалі толькі 4 валанцёры. Яны займаліся пошукамі адказаў па тэме размеркавання, некалькі разоў праводзілі сустрэчы афлайн. Пасля вялізнага патоку пытанняў у траўні-жніўні 2014 было прынята рашэнне прыпыніць юрпрактыку и запусціць новыя напрамкі,” – кажа Яна Усціненка, кіраўніца праграмы.
Зараз у праграме 11 кансультантаў, 6 удзельнікаў рэаліці, якія таксама дапамагаюць. Было праведзена 7 кансультацый, 2 навучальных воркшопа, пракансультавалі ўсяго каля 250 студэнтаў і выпускнікоў. Яна лічыць, што задача на гэты сезон дасягнута: было праведзена эфектыўнае распаўсюджванне інфармацыі па тэме размеркавання.
Што будзе далей?
“Паглядзім. Бо размеркаванне закранае мноства аднатыпных пытанняў, у тым ліку і паступленне ў магістратуру. У сувязі з уступленнем у Балонскі працэс многія пытаюцца: “А ці перанясуць мне тэрмін адпрацоўкі, калі я паступлю ў магістратуру за мяжой?”. Калі раней, можна было адказаць: “Усё залежыць ад сітуацыі”, то зараз гэты момант зусім не ясны” – адказвае Яна.
Марына Штрахава – кансультант праграмы, прадстаўнік МПГ “Студэнцкая рада” сярод пытанняў, з якімі звяртаюцца ў іх бюро, адзначыла працэс размеркавання і перазмеркавання, афармленне дакументаў для пераразмеркавання, а таксама парушэнні правоў маладых спецыялістаў. Галоўная праблема – няведанне студэнтамі сваіх правоў, праз гэта часта і узнікаюць сітуацыі, калі студэнт губляецца і вырашае цярпець, а не змяняць сітуацыю, якая з ім адбываецца.
“Многія праблемы вырашаюцца вельмі проста: зазірнуць ў Працоўны кодэкс, дзе можна знайсці вырашэнне амаль ўсіх праблем студэнтаў, якія плануюць размеркавацца ці ўжо размеркаваліся” – кажа Марына.
Таксама Марынай Штрахавай быў дадзены падрабязны план дзеянняў пры злосных парушэннях праў маладых спецыялістаў наймальнікам:
- Звярніцеся да Дэпартамента па працы і напішыце заяву пра парушэнне вашых правоў (не забудзьце з сабой пашпарт);
- Прыкладна праз месяц да вас прыедуць, каб пераканацца, што прававыя парушэнні сапраўды былі;
- Калі рашэнне будзе прынятае на вашу карысць, смела звальняйцеся. Але не забудзьце паведаміць універсітэт пра сваё звальненне цягам месяца.
Юлія Аляксандраўна Пеўзнер, якая з’яўляецца дырэктарам па персаналу суполкі кампаній “ІПМ-кансалт”, на мерапрыемсвте падзялілася вельмі карыснымі парадамі, якія павінен мець на ўвазе кожны студэнт, уладкоўваючыся на працу:
- Дакладна уяўляць сабе, што будзе ўваходзіць у вашыя абавязкі, ведаць этапы ўвахода ў пасаду;
- Пры ўладкаванні на працу трэба уяўляць, чаго вы жадаеце дасягнуць, пастаўце сабе мэты і пралічыце кожны крок. Калі вы хочаце кар’ернага росту, дакладна ведайце, у якім накірунку збіраецеся рухацца, што гэты карэерны рост уяўляе сабою;
- Наймальнік заўсёды на сумоўі задасць пытанне “А да каго вы хочаце вырасці?”. На гэтае пытанне часцей за ўсё адказа не знаходзіцца. Калі вы будзеце ведаць адказ на гэтае пытанне, у вас ужо будзе перавага над астатнімі кандыдатамі;
- Пры наёме на працу рабіце акцэнт на сваіх моцных баках і не бойцеся таго, што ў вас няма досведу працы.
Адзін з лепшых экспертаў праграмы Дзмітрый Варнашоў кажа, што далучыўся да праграмы, проста запоўніўшы заяўку ў суполцы БАССа.
Пасля гэтага ўсе кандыдаты былі запрошаны на мерапрыемства, дзе яны знаёміліся з юрыдычнымі дакументамі і працавалі з практычнымі кейсамі. У першы ж дзень усе эксперты прынеслі ўрачыстую прысягу экспертаў (амаль як у войску, але без аўтамата).
“Потым было яшчэ некалькі мерапрыемстаў, дзе мы праходзілі трэнінгі і атрымоўвалі новыя веды”- кажа Дзмітрый. Услед за гэтым пачалася серыя трэнінгаў па рэгіёнах, дзе эксперты дзяліліся сваімі ведамі з удзельнікамі.
“Па-першае, я вырашыў стаць экспертам, таму што сам навучаюся на трэцім курсе і гэта тэма для мяне актуальна, па-другое, гэта цікава і дае табе карысны досвед”- кажа Дзмітрый.
“Цягам праграмы у мяне атрымалася паўдзельнічаць у напісанні кнігі па размеркаванню, якая хутка з’явіцца ў афіцыйнай cуполцы праграмы, а таксама дапамагчы двум людзям вырашыць іх праблемы. У дадатак да гэтага я атрымаў новыя веды, досвед, пазнаёміўся з новымі людзьмі і наладзіў кантакты з тымі, каго ўжо ведаў. Я лічу, што гэта добры вынік і вельмі рады, што паўдзельнічаў у праграме.”
Уладзіслаў Донаў, пераможца рэаліці па меркаванню экспертаў, пасля размеркавання трапіў не ў вельмі прыемную сітуацыю праз памылку аднаго з юрыстаў. Але Ўладзіслаў не апусціў рукі, звольніўся і переразмеркаваўся. Прачытаць гісторыю Ўладзіслава можна па спасылцы. Яна вельмі цікавая і будзе карысна ўсім, каго чакае размеркаванне.
Адразу пасля афіцыйнай часткі пачаўся фуршэт, дзе ўдзельнікі маглі ў нефармальнай атмасферы задаць пытанні экспертам ды арганізатарам, а потым для ўдзельнікаў выступілі гурты inspire, Atyla,“Ili-Ili”. Зажыгальныя танцы ў прыемнай кампаніі яшчэ больш упэўнілі нас, што размеркавацца ўдала – гэта магчыма:) Трэба толькі ведаць свае правы і рыхтавацца да гэтага загадзя. А таксама быць актыўным.
Гісторыі размеркавання іншых студэнтаў можна знайсці ў афіцыйнай суполцы праграмы.
Таксама сачыце за абнаўленнямі ў суполцы, бо зусім хутка там з’явіцца кніга- дапаможнік “Сам сабе эксперт”, у якой, па словах арганізатараў, кожны зможа знайсці адказы на ўсе свае пытанні. Кніга тлумачыць розныя тэмы: ад парадку размеркавання да такіх складаных момантаў, як перамяшчэнне, пераклад ці змяненне істотных умоў кантракта. Але калі пасля чытання вы не вырашыце сваю праблему, можаце смела звяртацца да экспертаў праграмы. Вам ніколі не адмовяць ў дапамозе!