Замест ЦТ – Вільня, Прага і Варшава
- Час чытання: 5 хвілін
Амаль у кожнага нелянотнага студэнта ёсць магчымасць на пэўны час адправіцца за мяжу і павучыцца ў іншай краіне. Некаторыя ж адразу абіраюць для паступлення не беларускія, а замежныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Ці лёгка прыняць такое сур’ёзнае рашэнне і адразу пасля школы з’ехаць далёка ад дома? Ці ёсць сэнс? На гэтыя (і не толькі) пытанні адказалі ўчорашнія абытурыенткі, а сёння студэнткі вядомых еўрапейскіх ВНУ.
Яна Шынкевіч, 17 гадоў, студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільнюс, Літва)
Над рашэннем паступаць за мяжу Яна разважала 2 гады. Зрабіць канчатковы выбар было вельмі складана. Аднак у гэтым вялікую ролю зыграла тое, што апроч бацькоў у Беларусі дзяўчыну амаль нічога не трымала.
– Спачатку я хацела паступіць у беларускую ВНУ, потым у еўрапейскую. Затым зноў і зноў змяняла сваё рашэнне. Думаю, калі б не бацькі, я ўвогуле не вызначылася б. Яны ніколі мяне строга не абмяжоўвалі ў выбары: “Не спадабаецца – вернешся ў любы момант”. Ды ўрэшце рэшт, я магу даволі часта ездзіць дадому, асаблівай праблемы ў гэтым няма, – распавядае Яна.
ЕГУ дзяўчына абрала таму, што, па-першае, спачатку гэта быў сапраўдны беларускі ўніверсітэт, які знаходзіўся ў Мінску. І толькі ў 2004 годзе ВНУ перанеслі ў Вільнюс. А па-другое, дапамаглі знаёмыя, якія распавялі Яне шмат чаго цікавага пра спецыфіку навучання, далейшыя магчымасці і яскравае студэнцкае жыццё.
– Я вучуся на праграме “Сусветная палітыка і эканоміка”. Гэтая спецыяльнасць сапраўды ўнікальная, таму што ўжо праз чатыры гады я атрымаю адразу два дыпломы: бакалаўра палітычных і эканамічных навук. У Беларусі я наўрад ці знайшла б нешта падобнае.
Наогул, мне вельмі расхвальвалі ЕГУ, і зараз я разумею, чаму. Шмат распавядалі пра магчымасці распрацоўкі ўласных праектаў у краінах Еўропы і Азіі. Напрыклад, калі ты прадстаўляеш план такога праекту і ўніверсітэт лічыць, што яго можна рэалізоўваць далей, ты атрымліваеш поўнае фінансаванне першага этапу. Цябе забяспечаць усім неабходным (транспартам, валанцёрамі, памяшканнем, абсталяваннем і г.д.)
Мне падабаецца, што студэнтаў тут няшмат. Магу сказаць, што ўжо праз 2 месяцы вучобы я пазнаёмілася з 80% студэнтаў як сваёй ВНУ, так і Літоўскага ўніверсітэта, у будынку якога мы займаемся.
Падчас паступлення цяжкасці падпільноўвалі Яну паўсюль. Дзяўчына не магла канчаткова вырашыць, на якую праграму жадае паступаць. Яшчэ даводзілася на ўсялякі выпадак рыхтавацца ў школе да ЦТ і паралельна да ўступных экзаменаў у ЕГУ, пра якія раней дзяўчына амаль што нічога не ведала. Здаваць трэба было эсэ і УРТ (удасканалены маўленчы тэст).
– Асабіста мне было сапраўды складана. Эсэ, напэўна, было маёй галоўнай праблемай. Я не магла нават вызначыцца з тэмай. Таксама не ведала, якую замежную мову абраць для вывучэння. Выратаваннем сталі курсы падрыхтоўкі ў цэнтры “Прапілеі”. Яны сапраўды дапамаглі з ўсім разабрацца, – падзялілася цяперашняя студэнтка.
Аб сваім канчатковым рашэнні Яна ніколькі не шкадуе. У будучыні плануе працягнуць вучобу ў магістратуры, каб атрымаць больш вузкую спецыяльнасць.
– Мне ўсё тут падабаецца, я ўсім задаволена. Канешне, хацелася б пасля вучобы вярнуцца ў Беларусь, але, калі я буду ўпэўнена, што ў Еўропе змагу лепей уладкавацца, абяру другі варыянт. Тым, хто хоча паступаць за мяжу, магу сказаць адно – не сумнявайцеся і змагайцеся да апошняга, гэта варта ўсіх цяжкасцей!
Кацярына Мардачова, 17 гадоў, студэнтка Інстытута моўнай і прафесійнай падрыхтоўкі Карлава ўніверсітэта (Прага, Чэхія)
Пытанне аб атрыманні адукацыі за мяжой Каця разам з бацькамі разглядала яшчэ з сёмага класа, і Чэхія была не першай краінай, якая трапіла ў спіс яе жаданняў. Разглядалі яшчэ Англію, Нямеччыну, Аўстрыю і Польшчу, але ў выніку спыніліся менавіта на Чэхіі.
– Гэта было наша сумеснае з бацькамі рашэнне. Першым такі варыянт мне прапанаваў тата. Хоць у апошні час ён і спрабаваў адгаварыць мяне паступаць за мяжу. Як усе бацькі, хваляваўся, ці не высветліцца раптам, што медыцына наогул не маё, а ўжо аддадзена столькі сіл… Хацеў, каб я паспрабавала спачатку тут, на радзіме, але ўжо было позна, я канчаткова вырашыла з’язджаць.
У Чэхіі школьная падрыхтоўка для паступлення ў ВНУ займае прыкладна 13 гадоў. А правам паступлення валодаюць толькі выпускнікі гімназій або сярэдніх спецыяльных школ. Людзі з іншых краін маюць такія ж магчымасці, як і грамадзяне Чэхіі. Ад замежнікаў патрабуюць дыплом або атэстат, веданне чэшскай мовы і сур’ёзныя ўступныя экзамены па профільных прадметах згодна з еўрапейскай школьнай праграмай. Навучанне на чэшскай мове для замежных грамадзян увогуле бясплатнае. Таму зараз Каця вучыцца ў Інстытуце моўнай і прафесійнай падрыхтоўкі Карлава ўніверсітэта (ІМПП КУ) і вывучае фізіку, хімію, біялогію і чэшскую мову, каб паступіць у гэтую ВНУ летам.
– Паступаць збіраюся на медыцынскі факультэт. У Беларусі, канешне, нядрэнная падрыхтоўка медыкаў, але ўсё ж такі бясплатная адукацыя і дыплом еўрапейскага ўзору – рэчы важкія, таму абрала ВНУ менавіта ў Еўропе, – тлумачыць дзяўчына.
З’язджаць за мяжу Каці было зусім нястрашна. І планаў вяртацца дадому пасля вучобы пакуль што ў дзяўчыны няма.
– Падчас вучобы ва ўніверсітэце планую вывучыць яшчэ і нямецкую мову і пасля заканчэння працаваць у Нямеччыне ці Аўстрыі. А вярнуцца… а сэнс з’язджаць, каб потым вяртацца? У мяне была магчымасць, і я яе выкарыстала. Галоўнае толькі, каб было жаданне! Калі яно ёсць, тады і страху перад чымсьці невядомым не будзе, і магчымасці знойдуцца. А калі не імкнуцца, можна ўсё жыццё прасядзець дома і прапусціць ўсе свае шанцы.
Арына Руткус, 17 гадоў, студэнтка Ўніверсітэта Лазарскага (Варшава, Польшча) сумесна з універсітэтам Ковентры (Вялікабрытанія)
Арыне падумаць аб паступленні за мяжу прапанавала мама. Дзяўчына вельмі ўзрадавалася такой магчымасці і адразу пачала шукаць адпаведны жаданням-талентам універсітэт і ў выніку абрала Ўніверсітэт Лазарскага ў Польшчы.
– Я да самага ад’езду не разумела, што ўсё сур’ёзна, што буду вучыцца далёка ад дому. Але мама была ўпэўнена ў маіх здольнасцях. Ды і потым ужо не было куды бегчы, з’явілася пачуццё адказнасці. Карацей, вочы баяцца, а рукі робяць.
Да выбару ВНУ Арына падышла таксама з адказнасцю. Вялікую ролю зыгралі наяўнасць патрэбнай спецыяльнасці на ангельскай мове, двайны дыплом (Польшчы і Англіі) і, безумоўна, рэпутацыя ўніверсітэта. Універсітэт Лазарскага – адзін з вядучых універсітэтаў бізнесу і права ў Еўропе, які нязменна знаходзіцца ў пяцёрцы лепшых польскіх прыватных універсітэтаў.
– Праграма, на якой я вучуся, мае назву “Міжнародныя стасункі і еўрапеістыка”. Усяго ў гэтым універсітэце ёсць чатыры англамоўныя праграмы, якія праводзяцца сумесна з брытанскім універсітэтам Ковентры. А гэта азначае, што ў выніку выпускнік атрымлівае два дыпломы – польскі і брытанскі. І мая праграма адна з такіх.
Асаблівых цяжкасцей падчас паступлення не ўзнікла. Здаваць трэба было ангельскую мову, але без разумення гісторыі і матэматыкі далей вучыцца вельмі складана.
– Самае дзіўнае, што цяжкасцей сапраўды было няшмат. Напэўна таму, што знайшла “сваё месца”. Да здачы экзамену практычна не рыхтавалася, бо з ангельскай мовай праблем ніколі не было. Калі так падумаць, то самае складанае – звыкнуць да іншай сістэмы навучання. Ну, яшчэ адна цяжкасць – транспарт. Звычайна думаю, што даеду, куды патрэбна, а потым апынаюся незразумела дзе. Я гэта вельмі люблю, – усміхаецца студэнтка.
Сістэма адукацыі, як распавядае Арына, вельмі адрозніваецца ад беларускай. Пачынаючы ад адносінаў з выкладчыкамі і сканчаючы спосабамі праверкі матэрыялу.
– Па-першае, выкладчыкі не ставяцца да цябе суб’ектыўна. Яны выкладаюць, і ўсё на гэтым. Таксама яны могуць прызначаць час, калі пазаймаюцца з табой і адкажуць на індывідуальныя пытанні. Такі час адмыслова існуе ў кожнага выкладчыка. Па-другое, тут праходзіць шмат канферэнцый, імпрэз. Прыязджаюць прафесары з Турцыі, Брытаніі і г.д. Запрашаюцца людзі з розных фірм, кампаній, якія ў будучым могуць забяспечыць цябе працай. Па-трэцяе, дазволена гаварыць пра што хочаш, калі хочаш і дзе жадаеш. Тут наогул няма забароненых тэм. Таксама многія выкладчыкі маюць сваю справу (фірму і г.д.). Уся вучоба пабудавана на практыцы, за веданне тэорыі ты можаш атрымаць толькі 60 %, усё астатняе – тваё меркаванне, аналіз, практыка і ўласны вопыт.
Сур’ёзных планаў Арына не будуе, толькі на бліжэйшую будучыню, таму што зараз усё вельмі непрадказальна, і планаваць нешта вялікае сэнсу пакуль няма.
– Я спадзяюся, што спачатку даб’юся чагосьці тут, за мяжой, а потым змагу вярнуцца на радзіму і нешта патрэбнае зрабіць дома. Перад кожным з нас час ад часу адкрываецца шмат магчымасцей, якімі абавязкова патрэбна скарыстацца! Калі-нікалі здаецца, што гэта ні да чога не прывядзе, але калі не зрабіць гэты крок, можна потым ўсё жыццё шкадаваць. І такі вопыт дапамагае чалавеку сталець, а гэта вельмі важна.