Замест вакацый – на Парламенцкую Асамблею Рады Еўропы


Нечаканасці здараюцца з кожным: у 18 гадоў мяне назвалі экспертам Рады. Нават баюся падумаць, што будзе далей, калі я не спынюся і буду рухацца ў тым жа накірунку.

Насамрэч, усё адбылося даволі нечакана. Пра конкурс студэнцкіх прац, які быў прысвечаны 20-годдзю Сусветнай канвенцыі па правах чалавека я даведалася недзе ў пачатку лістапада, калі праходзіла абследванне ў шпіталі. Зразумела, што гэта не тое месца, каб з асаблівым імпэтам хацелася актыўнічаць. Але неяк я сабрала сваю сілу волі, села ў калідорчыку і напісала эсэ. Потым перачытала яшчэ раз, адрэдагавала і адправіла. І неяк нават забылася на гэта. Пазней узгадала, што вось-вось павінны быць вынікі, але іх не было. Якім было маё здзіўленне, калі я зайшла сайт ААН і ўбачыла сваё імя ў спісе пераможцаў! Гэта было сапраўды нечакана. Да таго ж, мяне вельмі прыемна здзівіла тое, што я была адзінай першакурсніцай у гэтым спісе.

З прыгодамі па Еўропе

Падрыхтоўка да вандроўкі не абыйшлася без нечаканасцяў! Адразу мне адмовілі ў візе, потым выдалі аднаразовую замест дзвюхразовай, і ў апошнія дні перад паездкай я мусіла звязвацца з арганізатарамі, как памяняць квіткі. Справа ў тым, што перад Страсбургам я ехала ў Рыгу, збіралася вярнуцца ў Менск і паехаць з усімі, але консул вырашыў, што мне гэта непатрэбна. Такім чынам, мне выдалі аднаразовую візу, то бок ехаць я магла толькі з тэрыторыі ЕЗ. Шчыры дзякуй консулу, бо калі б не яго рашэнне, я б не сутыкнулася з такой колькасцю неардынарных сітуацый! Канешне, я вельмі хвалявалася, але набыць віткі за дзень да паездкі – гэта дадае толькі драйву!

Прыехаўшы ў Страсбург (першы раз і адна), я заблукала ў горадзе. Чамусьці мне здалося, што горад такі маленькі, просценькі і ўтульны, і я думала, што ведаю, як вярнуцца ў гатэль літаральна за 10 хвілін. Аднак, быў ужо позні вечар, я расхвалявалася і не знайшла дарогі. Урэшцё скончылася файна: пазнаёмілася з вельмі файнай македонкай, якая прыехала ў Страсбург стажыравацца па сваёй прафесіі; яна і дапамагла мне дайсці да гатэлю. Потым сустрэла нашую беларускую групу, якая прыляцела і толькі планавала пазнаёміцца з горадам.

З Еўропай на „ты“

З наступнага дня ў нас пачалася навучальная праграма: лекцыі, сустрэчы, наведванне дэбатаў, прэзентацыі. Пры ўваходзе ў будынак нам выдавалі бэйджы. Калі я атрымала свой з надпісам «Expert», адразу здзівілася і мне стала няёмка: гэтаму стасусу трэба ж неяк адпавядаць! Але на трэці дзень ужо ў гэтай ролі адчувала сябе цудоўна! Усе нашы мерапрыемствы пачыналіся з абмеркавання стасункаў паміж Беларуссю і Радай Еўропы.

Рада Еўропы – міжнародная арганізацыя, якая садзейнічае супрацоўніцтву паміж усімі краінамі Еўропы ў галіне стандартаў права, правоў чалавека, дэмакратычнага развіцця, законнасці і культурнага ўзаемадзеяння. З Беларуссю ў Рады Еўропы асаблівыя зносіны: нас там чакаюць, але з цяперашнімі парадкамі ў нашай краіне прыняць не гатовы. Асноўныя прычыны – смяротнае пакаранне і палітычныя зняволеныя. На мапе вы можаце пабачыць шэрую плямку – гэта Беларусь.

Асабліва запомнілася сустрэча с расейскім праваабаронцам Андрэем Юравым, а таксама прэзентацыя фінкі, якая займаецца ЛГБТ рухам і якая пад канец выступу сказала па-беларуску «Дзякуй!». Гэта было вельмі прыемна!

Таксама ўразіла сама атмасфера: акунаешся ў іншы свет, дзе сустракаеш парламентарыяў з розных краін, якія да цябе ставяцца як да абсалютна роўнай, выказваюць свае думкі і выслухоўваюць твае. Мне вельмі спадабалася тое, як наладжана камандная праца там: гэтаму, безумоўна, трэба павучыцца. Узяць напрыклад наш прыезд: усё было настолькі выдатна зладжана і зарганізавана. Кідалася ў вочы, як адзін член каманды падтрымлівае іншага, калі нешта ідзе не так, як пры ўзнікненні якой-небудзь праблемы на выбарах ці засяджэннях усе збіраюцца разам, адкладаючы свае справы, і аператыўна разам вырашаюць праблему.

Але былі выпадкі, калі ў размовах з парламенатрыямі я чула не зусім цэнзурныя расейскія выказванні наконт працы Рады Еўропы і выбараў у яго органы. Цікава было пачуць розныя думкі наконт іх сумленнага правядзення і ўжо загадзя вядомых выніках. Высновы кожны для сябе зрабіў сам. Напрыклад, падчас нашага візіту адбываліся выбары прэзідэнта ПАРЕ, канкурэнтамі ў якіх выступалі мужчына і жанчына. Да нашай групы падышоў парламентарый з Літвы і сказаў нешта кшталту: «Вынікі ўжо вядомыя, як і на любых выбарах, пераможа мужчына». Прыемнай навіной было тое, што перамагла ўсё ж такі Анн Брассёр, дэпутат парламента Люксембурга. Прагноз не спраўдзіўся.

Гісторыі пра broken hearts і гендэрны баланс

Падчас візіту нас суправаджаў расейскамоўны супрацоўнік, да якога можна было звяртацца па любым пытанні: пачуць яго пазіцыю на падзеі ва Украіне або запытацца пра лепшы бар, у які можна схадзіць увечары. Наогул, мяне здзівіла колькасць беларусаў, якія працуюць там. Не тое, каб кожны другі, канешне, але ўсё ж такі яны ёсць. Гэта людзі, якія з’язджаюць, атрымліваюць добрую адукацыю за мяжой, а потым ужо адтуль працуюць і прыкладаюць намаганні, каб змяніць нешта ў роднай краіне. Яны працуюць там у розных сферах: нехта змагаецца за правы сэксуальных меншасцяў, нехта займаецца правамі інвалідаў альбо палітычнымі пытаннямі, кожны ў сваёй сферы намагаецца зрабіць нешта, каб у нас тут стала лепей.

Такія паездкі заўсёды прыносяць новыя знаёмствы з цікавымі людзьмі, і гэта не была выключэннем! Па-першае, гэта, беларуская дэлегацыя з 9 чалавек толькі з адным хлопчыкам (лектары яшчэ заўсёды казалі нам пра нявытрымку гендэрнага балансу:)), – усе вельмі розныя і цікавыя. Таксама вечарамі нам выпаў шанец трошкі вывучыць сербскую, пакамунікаваць з сербамі, паслухаць іх нацыянальныя песні і гісторыі з жыцця. Не абыйшлося і без аповядаў пра broken hearts!

Ужо зараз, вярнуўшыся ў Менск, я зразумела, якую магчымасць магла б згубіць, калі б не варухнулася трошкі і не напісала эсэ. У гэты час я магла з чыстым сумленнем паглядзець серыяльчык і не трапіць у гэтую вандроўку! Таму выкарыстоўвайце ўсе свае магчымасці. І я таксама буду старацца!