Жэ не манж па сі жур, ці Французскія міжнародныя экзамены
- 08.05.2015
Ёсць некалькі прычын для таго, каб атрымаць сертыфікат па замежнай мове. Па-першае, гэта пэўная ступень ў бясконцым вывучэнні замежнай мовы (падыходзіць для тых асобаў, якія вучаць замежную мову амаль з маленства, але ўвесь час застаюцца на ўпэўнена невысокім узроўні). Па-другое, гэта новыя магчымасці для вучобы ці кар’еры (падыходзіць для тых, хто ведае мову добра, але не карыстаецца гэтым як сваёй перавагай).
Асноўныя міжнародныя экзамены па французскай мове – гэта DELF-DALF і TCF.
DELF (Diplôme d’études en langue française – дыплом аб веданні французскай мовы) складаецца з чатырох незалежных дыпломаў, якія суадносяцца з першымі ўзроўнямі валодання замежнай мовай згодна Агульнаеўрапейскай шкале CEFR: А1, А2, В1 і В2.
Экзамен DELF мае некалькі варыяцый, якія адрозніваюцца тэматыкай тэкстаў і заданняў: DELF Tout Public (універсальны – для ўсіх), DELF Pro (прафесійны), DELF Junior (для моладзі – да 18 гадоў), DELF Prim (для дзяцей да 12 гадоў).
Дыплом DELF не замяняе лінгвістычны або моўны экзамен пры паступленні ў ВНУ (у адрозненне ад DALF).
DALF (Diplôme approfondi de langue française – дыплом аб паглыбленым веданні французскай мовы) складаецца з двух незалежных экзаменаў на ўзроўні С1 і С2. Экзамен DALF з’яўляецца абавязковым для студэнтаў, якія жадаюць навучацца ў французскіх універсітэтах. Спецыяльных абмежаванняў па ўзросту або ўзроўню адукацыі няма, але, для таго каб зарэгістравацца на другі ўзровень экзамену DELF, неабходна спачатку прайсці першы ўзровень.
Экзамены DELF і DALF складаюцца з чатырох частак, якія ацэньваюць чатыры кампетэнцыі ў французскай мове: разуменне на слых, чытанне, маўленне і пісьмо. Экзамен ацэньваецца па 100-бальнай шкале. Для атрымання сертыфіката неабходна набраць не менш за 50 балаў увогуле і ня менш за 5 балаў (з 25) за кожную кампетэнцыю.
Дыпломы DELF–DALF не маюць тэрміну даўнасці.
TCF (Test de connaissance du francais) – стандартызаваны тэст на веданне французскай мовы з 80 пытанняў, распрацаваны па даручэнні Міністэрства адукацыі Францыі. TFC з’яўляецца эквівалентам ангельскага TOEFL (Test of English as a Foreign Language) і гішпанскага DELE (Diploma de Español como Lengua Extranjera).
У адрозненне ад DELF-DALF, абавязковыя часткі TFC – гэта разуменне на слых, веды моўных структур і чытанне. Вусная размова і напісанне тэксту здаюцца факультатыўна.
Тэрмін дзеяння TFC – два гады з даты выпрабавання.
Паспрабаваць прайсці тэст можна тут і тут.
TEF (Test d’evaluation de Franсais) – тэст, які вызначае ўзровень валодання французскай мовай. Распрацаваны Гандлёва-прамысловай палатай Парыжа (CCIP) у 1998 годзе. Сапраўдны 1 год з моманту здачы і таксама прымаецца ў французскіх навучальных установах.
DFP (Diplômes de Français Professionnel) – дыпломы, якія пацвярджаюць валоданне французскай мовай па спецыяльнасці. Экзамены DFP маюць наступныя накірункі: французская мова бізнэс-зносін, юрыдычная мова, навукова-тэхнічная мова, медыцынская мова, адміністрацыйная, мова турызму і гатэльнай справы.