“Життя починається знов”: натхненне і першыя ўражанні ад вучобы ў Чэхіі


Перадаю ўсім прывітанне з вуліцы Bolevecká, 32. Споўніўся роўна месяц, як я распакаваў тут валізкі. Гэта мой першы досвед цалкам самастойнага жыцця, і я хачу падзяліцца з вамі сваімі ўражаннямі.

Пэўна, варта пачаць з таго, што мяне неверагодна натхняе краявід з акна інтэрнату. Кожную раніцу я бачу тыповыя для Еўропы чырвоныя дахі, а за імі савецкія панэлькі, якія нагадваюць спальныя раёны Мінска. Курсы чэшскай мовы цалкам апраўдваюць чаканні: гэта тое, як я сабе ўяўляў адукацыю за мяжой.

ZtM1Gd9rDkU

Пачынаюцца заняткі а 8:30 і працягваюцца да 15:50. За першы месяц у нас ужо было 7 выкладчыкаў, і з кожным з іх я хацеў бы пабачыцца яшчэ мноства разоў. З панядзелка па чацвер раніцай мы вучым граматыку, а пасля абеду практыкуем маўленне. У пятніцу зрання пішам тэст, а пасля абеду для нас арганізоўваюць экскурсіі. За гэта хочацца падзякаваць універсітэту: я сапраўды адчуваю сваю значнасць. У першыя выходныя нам правялі экскурсію па славутасцях Плзні, на наступных выходных вадзілі ў музей лялек, а на мінулых выходных мы хадзілі ў медытацыйны сад. Гэта вельмі незвычайнае адчуванне, калі вы сядзіце ў садзе з выкладчыкам і размаўляеце ў нефармальных абставінах: як чэхі ездзяць на лецішча, як яны ставяцца да цяперашняй улады і куды варта схадзіць на выходных.

5mvUh3qhBs8

Дарэчы, наконт мінулых выходных… Гэта былі самыя запамінальныя дні ў маім жыцці. Я працаваў на фестывалі піва “Гамбрынус”, маёй задачай было сачыць за парадкам і часам дапамагаць разносіць піва. Гэта было неверагодна. Я працаваў 24 гадзіны без сну, але яно было таго варта. Я пабачыў жыццё горада ад раніцы да вечару, з яго плюсамі і мінусамі. Дзякуй маім новым сябрам з горада Перм, якія дапамаглі ўладкавацца на гэты фестываль! Я бачыў, як на галоўнай плошчы Плзні гаснуць вокны ў кватэрах пад чырвонымі дахамі. Бачыў вясёлых немцаў, якія прыехалі на выходныя пакаштаваць чэшскага піва. Бачыў світанак над касцёлам святога Барталамея. І, канечне, адчуў дух, напэўна, самага піўнога горада Еўропы. Пасля гэтых выходных яшчэ адна чутка аб тым, што ў Чэхіі можна знайсці працу толькі ў Празе, мяне ўжо больш не хвалюе. У чэшскім горадзе з насельніцтвам у 170 тысяч працу студэнту знайсці лягчэй, чым у Мінску. Але самае нечаканае для мяне была падтрымка студэнтаў Інтэрстуд: за 24 гадзіны працы я ніколі не заставаўся без увагі і без ежы. Дзякуй вам, сябры!

У доўгатэрміновых планах хачу цалкам выйсці на самазабяспечанне. Упэўнены, што са стыпендыяй і падпрацоўкай гэта магчыма. У кароткатэрміновых планах трэба падцвердзіць свой школьны дыплом і паспяхова скончыць моўныя курсы.