Жыццё ў падарожжах: адукацыйны досвед на чатыры краіны
- Час чытання: 9 хвілін
Ліза Раманоўская займае актыўную жыццёвую пазіцыю і мае адукацыйны і культурніцкі досвед адразу на чатыры краіны. Ліза – выпускніца будаўнічага факультэту БНТУ. Сёння яна дзеліцца з намі сваімі здабыткамі падчас працы і вучобы ў іншых краінах, а таксама распавядае пра стэрэатыпы пра Беларусь і Еўрапейскія краіны, і сваё да іх стаўленне.
Ліза, распавядзі пра свой вучэбны бэкграунд.
Я наведвала школу з паглыбленым вывучэннем ангельскай мовы. Цягам апошняга года навучання паступіла ў ліцэй БДУ. Далей у мяне быў выбар: ці пайсці ў БДУ, ці ў БНТУ на будаўнічы факультэт. Я жадала атрымаць больш вузкаспецыялізаваныя веды – таму я пайшла ў БНТУ.
Калі да цябе завітала думка паехаць куды-небудзь па новы досвед?
Паехаць вучыцца ці падарожнічаць я жадала заўсёды. Калі ты маладая – гэта вельмі пазітыўны вопыт і ўспаміны на ўсё жыццё. У такія падарожжы трэба ехаць нават дзеля практыкі ангельскай (і не толькі) мовы і дзеля культурніцкага абмену, які не прыйдзе да цябе ў звыклых абставінах.
Раскажы, калі ласка, падрабязней аб тых праектах, у якіх ты прымала ўдзел.
Я наведала чатыры краіны: Іспанію, Чэхію, Францыю і Ірландыю.
Першы праект быў у Іспаніі, я паехала туды ад Лігі Дабраахвотнай Працы Моладзі, тады мне было 18 гадоў (падрабязней можна паглядзець тут). Гэта быў валанцёрскі летнік. Мы жылі ў вёсцы тры тыдні, за 70 км ад Барсэлоны. Акрамя ўсяго іншага запомнілася, як мы працавалі і вырывалі пустазелле з зямлі – праца была цяжкая, таму што аднастайная. Нас такіх працаўнікоў было 24 чалавекі з розных краін свету: з Мексікі, Францыі, Турцыі, Славакіі, Грэцыі, Карэі. Акрамя працы ў нас яшчэ было шмат актыўнасцяў: згодна са сваімі талентамі мы аб’ядноўваліся ў гурткі і рабілі імпрэзу на агульнай вячэры. Я трапіла ў спорт-групу, мы разыгралі невялічкую сцэнку пра тое, як спорт дапамагае вярнуць сяброўства і добры настрой. Таксама мы спявалі нашыя нацыянальныя песні, мне давялося праспяваць Купалінку, не маючы голасу.
У Францыю я ездзіла па праекце WWOOF у 2016 годзе (чэкай афіцыйны сайт). Мэта праекта – распаўсюджваць ідэі развіцця арганічнай і экалагічнай сельскай гаспадаркі. Згодна з гэтай праграмай ёсць магчымасць выбраць арганічную ферму ў любой краіне і паехаць туды працаваць у якасці памочніка. На розных праектах можа быць розная праца: дзесьці на вінаградніках, дзесьці дапамагчы ўзводзіць дом, дзесьці – даглядаць за жывёламі. Тады я паехала на 2 тыдні ў траўні ў французскую сям’ю. Гаспадары прапануюць табе жытло, кормяць, а ты ім дапамагаеш у працы. Я дапамагала будаваць дом з сумесі саломы, якая пакрываецца глінай. Падобныя экадамы зараз шмат дзе будуюцца ў Францыі. Цікава, што гаспадыня сама ўсё рабіла, без спецыялізаванай дапамогі, запрашала валанцёраў. Тое, што мы дапамагалі ўзводзіць, было прыбудовай да асноўнага даму, дзе будзе жыць яе сям’я. У сям’і тры дзіцяці. На гэтым праекце працавалі я і дзяўчынка з Ганконга. З таго, што запомнілася – аперытыў перад асноўным сняданнем. Увогуле ежа была вельмі смачная: арэхі, садавіна, смачны сыр. Я распавядала пра сябе, сваю сям’ю і пра Беларусь, давала слухаць нашу беларускую музыку. Дарэчы, лепш браць з сабой музыку, на праектах валанцёры часта даюць слухаць музыку са сваёй краіны, і запытваюць пра тваю.
Яшчэ я прымала ўдзел у валанцёрскім летніку ў Чэхіі (спасылка пра яго). Жыла там гэтак жа нядзелю. Мы дапамагалі абліцоўваць падворак для бібліятэкі і рэмантаваць яго. Калі ты студэнт ці школьнік, у цябе мала грошай на падарожжы, але ёсць амбіцыі паўдзельнічаць у нечым цікавым, валанцёрства – сапраўдны здабытак. Наша каманда таксама была полінацыянальная: былі ўдзельнікі з Турцыі, Італіі, Францыі, Даніі. Мы жылі ў маленькай вёсцы. Больш за ўсё запомніліся нашыя вячэры з віном у альтанцы каля доміка святара. Ён да гэтага добра ставіўся, і нават нас частаваў. Жыхары вёскі, дзе мы жылі, былі вельмі гасцінныя і заўсёды нас частавалі – нібы распачалі спаборніцтва, хто з іх лепей пячэ пірагі. Беларуская і чэшская маюць шмат падобнага, і мы з сябрамі спрабавалі выявіць агульныя словы ў нашых мовах.
У Ірландыю я ездзіла па праграме ERASMUS MUNDUS, проект ACTIVE, яна цяпер ужо не дзейнічае, але тады яна ўключала моладзевыы абмены (падрабязней тут, спасылка для універсітэта БНТУ, пра магчымасці свайго універсітэта пытайся ў адпаведных дэпартаментах). У яе рамках вылучалася пэўная колькасць стыпендый на 5 гадоў для бакалаўраў і магістрантаў. Спецыяльнасці пад праграму падыходзілі любыя. У мяне была спецыяльнасць эканоміка будаўніцтва, і атрымалася так, што яна была толькі ў трох унівэрсітэтах – у ірландскім, чэшскім і варшаўскім. Я думала, што ні за што не траплю на праграму, таму першапачаткова выбрала для сябе самы цікавы варыянт – і патрапіла. Дарэчы, па праграме Эразмус ёсць шмат цікавых магчымасцяў для студэнтаў сёння, трэба чэкаць інфармацыю на сайце. Стыпендыі, што я тады атрымала, хапала, каб падарожнічаць па Еўропе. Я з’ездзіла ў Францыю, Італію, да сяброўкі і яе сям’і на Мальту. Гэта вельмі проста рабіць, калі ў цябе ёсць віза, да таго ж Ryanair – дублінская авіякампанія, і ёсць вельмі шмат рэйсаў у розныя краіны. Мальта – сумесь Італіі, Арабскіх краін і Англіі, яна была ў розныя часы калоніяй, і гэта засталося ў мове і архітэктуры. Мальційцы – вельмі вясёлыя людзі, я там шмат смяялася. У кожнай краіне ёсць магчымасць знайсці аднадумца, падобнага да цябе, і няма розніцы, адкуль ты.
Як ты знаходзіш усе гэтыя магчымасці?
Я гляджу ўсе магчымыя рэсурсы, знаходжу адпаведныя паблікі ў сацыяльных сетках. Таксама дазнаюся аб магчымасцях ад знаёмых. Напрыклад, аб Вуфінгу (WWOOF) дазналася, калі была ў летніку.
Сярод тых краін, у якіх ты была, ці былі складанасці ў камунікацыі, у зносінах і разуменні іншых?
Я добра ведаю толькі ангельскую мову, мне гэтага хапала ў зносінах. Але ў Ірландыі з гэтым былі праблемы. Першапачаткова я падала сваю заяўку туды таму, што гэта англамоўная краіна. Але калі я прыехала ў Ірландыю – зразумела, што ў іх зусім не тая класічная ангельская, а дыялект і акцэнт, і першапачаткова было нічога не зразумела. Я разумела толькі выкладчыкаў – яны размаўляюць значна больш выразна. А ўвогуле – было вельмі складана прызвычаіцца.
Ці шмат табе спатрэбілася часу на пошук універсітэту, падрыхтоўку заяўкі, збор неабходных дакументаў?
Не. Сярод універсітэтаў выбар быў невялікі. На тое, каб напісаць матывацыйны ліст, атрымаць рэцэнзіі ад педагогаў, сабраць усе подпісы, у мяне сышло каля двух тыдняў. Абмен студэнтаў заключаецца ў тым, што ты шукаеш такую ж як у цябе спецыяльнасць у іншым універсітэце. Здаеш іспыты там, і адзнакі залічваюць у нас; на радзіме ты іспыты не здаеш, таму што праграмы падобныя. Наш універсітэт на такое не пайшоў, і мне прыйшлося даздаваць розніцу ў прадметах. Я прыязджала на зімовую сесію, потым – на дзяржаўныя іспыты, і потым на здачу дыплома. Гэта з-за таго, што ў мяне ўжо быў 5 курс. Я толькі на 5 курсе, на жаль, даведалася пра такую магчымасць паехаць ад нашага ўніверсітэта. Вядома, лепш гэта рабіць на другім-трэцім курсе.
Ты наведала чатыры розныя праекты ў чатырох краінах, што можаш распавесці аб адносінах з людзьмі там?
Я была ў розных краінах, але заўсёды мела зносіны з такімі ж замежнікамі, як і я. Напрыклад, звыкла валанцёрскі летнік – гэта збор людзей з розных краін. На праекце ў Францыі я жыла быццам бы ў французскай сям’і, але гаспадар быў ураджэнцам Марока. Дзяўчынка, якая прыехала да іх у якасці валанцёркі, была родам з Ганконга. Таму я часта трапляла ў падобную «сумесь» нацыянальнасцяў і поглядаў. Усталяваць кантакт было нескладана таму, што людзі, якія трапляюць на такія праекты, таксама зацікаўлены ў знаёмстве з прадстаўнікамі іншых краін.
Ці складана было адаптавацца ў новых краінах? Сумавала па радзіме?
Не, адаптавацца было не складана. Калі жыла ў Ірландыі – сумавала па доме ў тыя моманты, калі было складана. Дома хтосьці дапаможа, а тут – сама вырашаеш усе справы, ты далёка, і вучышся прымаць рашэнні сама. Але ўсё роўна знаходзіліся блізкія людзі, напрыклад, дзяўчына з Малдовы – у нас з ёй былі падобныя гісторыі, мы разумелі адна адну і падтрымлівалі. Але такіх складаных хвілін было вельмі мала. Нічога звыш складанага ўвогуле не было.
Што можаш сказаць наконт адносінаў паміж Ірландыяй і Велікабрытаніяй?
Калі казаць пра Ірландыю, хоць яна і зʼяўляецца часткай ЕС, але гэта зусім асобная краіна са сваёй культурай і асаблівасцямі. Зносіны паміж Ірландыяй і Велікабрытаніяй не такія добрыя. Частка ірландскіх зямель у сілу гістарычнага развіцця цяпер зʼяўляюцца ўласнасцю Вялікабрытаніі. Паміж краінамі былі кровапралітныя войны з-за тэрыторыі, і цяпер яны не асабілва сябруюць, хоць і мяжы паміж імі няма. Паўночная Ірландыя, напрыклад, вельмі не падобная на асноўную Ірландскую частку. Нават у адносінах да Беларусі: для наведвання Брытаніі патрэбна адна віза, а для Ірландыі – зусім іншая.
Як на твой погляд, беларусы – еўрапейцы?
Хм… напэўна не. Там людзі больш адкрытыя, прасцей завязаць размову з незнаёмым чалавекам. З выкладчыкамі вельмі нефармальная абстаноўка. З астатнімі людзьмі заўсёды «на ты». Дрэнна гэта ці добра – спрэчнае пытанне. I мы ўсё ж такi з недаверам ставiмся да новага и незнаёмага. Але трэба сказаць, з кожным годам мы становiмся больш падобнымi да еўрапейцаў: падарожнiчаем па Еўропе знатна болей, ходзiм па барах і рэстаранах фаст-фуда, вiтаемся ў лiфтах и крамах адзiн з адным – яшчэ 5 гадоў таму такого не было.
Ці можаш параўнаць падыход да адукацыі ў Беларусі і Ірландыі?
У нас вучыцца складаней, даецца больш інфармацыі, але там – больш цікава: на занятках мы не запісвалі голую тэорыю ў канспекты. Звычайна матэрыял распавядаецца на рэальных прыкладах. Каб зрабіць курсавую – ты будзеш чытаць тэорыю сама. Выкладчыкі не марнуюць час на тлумачэнне таго, што можна прачытаць у кнігах. Усе выкладчыкі абавязкова практыкі, нехта працаваў на фірмах, і свой прадмет яны добра ведаюць на практыцы – не проста скончылі педагагічны ўніверсітэт і потым выкладаюць. Калі гэта навукоўцы – то яны абавязкова працуюць над сваімі праектамі ў лабараторыях. У мяне будаўнічая галіна, і выкладчыкам быў той, хто прапрацаваў эканамістам у буйной арганізацыі. Распавядаюць тэорыю на сваіх прыкладах з практычнай дзейнасці. Яшчэ адна асаблівасць: няма такога, каб з году ў год паўтараўся адзін і той жа прыклад, і ўсе спісваюць з леташніх адказаў. Кожны раз – новыя заданні. Даводзілася шмат сядзець самой і разбірацца. Для мяне гэта было складана – я звыкла з тым, што ўсё гатовае, што крыху змяніла – і можаш выкарыстоўваць на адказе.
Ці пасябравала ты з кім-небудзь з тых, з кім займалася на курсе, ці мела зносіны з імі пасля?
Пасябравала я больш з тымі, хто, як і я, прыехаў па абмену. Самі ірландцы асабліва не цікавіліся, адкуль я. Здавалася ж – Беларусь, незнаёмая краіна… У асноўным думалі, што гэта частка Расіі. Каму ні кажаш, усе пытаюцца – а дзе гэта? Асабліва азіяты, альбо тыя, хто геаграфічна больш аддалены тэрытарыяльна. Некаторыя прасунутыя еўрапейцы ведаюць, дзе гэта. Ірландцаў па сутнасці гэта не цікавіла – яны настолькі прывыклі, што да іх прыязджаюць замежнікі, што ім нават нецікава. Ірландыя – гэта краіна імігрантаў. Туды ездзяць на заробкі, і каб вучыць ангельскую. Там на шэрагу спецыяльнасцяў працуюць толькі імігранты – у асноўным, з Паўднёвай Амерыкі. Засталіся знаёмыя, з якімі я спісваюся, але не ірландцы. Чамусьці больш кантактаў з Паўднёвай Амерыкай, не ведаю, чаму так склалася.
Калі ты спрабавала прадстаўляць Беларусь у размове, што ты казала?
Я ўсіх запрашала ў Беларусь, каб абавязкова прыязджалі. Казала, што ў нас прыгожая краіна, душэўныя людзі, што мы вельмі гасцінныя. Хоць ў нас і няма гор, мораў і акіянаў – затое вельмі спакойная прырода, ёсць на што паглядзець. У нас гармонія ў прыродзе. Распавядала пра старыя замкі. Наконт тэрытарыяльнасці – казала, што недалёка ад Вільні, калі дабірацца самалётам. На жаль, не прыязджалі ў асноўным з-за візавых складанасцяў. Я лічу, у сувязі з нядаўнімі зменамі ў гэтым плане гасцей у нас стане больш. Але ўвогуле, я ведаю, ездзяць. Беларуссю цікавяцца і жадаюць больш даведацца пра яе.
Ці змяніліся твае прыярытэты ў жыцці цягам падарожжаў?
Дакладна, пасля падарожжаў мае цікавасці і погляды моцна змяніліся, погляд стаў шырэй, стала прасцей прымаць людзей. Дарэчы, у Ірландыі раздзельны збор смецця і гэтым яны клапоцяцца ў тым ліку пра экалогію. Я стала больш экалагічнай, пазнаёмілася з экалагічным напрамкам. Прыехала ў Мінск і пайшла на праграму “Экастарт” – адукацыйная моладзевая школа экалогіі. У Ірландыі 20 еўра ў год плаціш за магчымасць карыстацца роварамі, я таксама палюбіла гэтую справу. Але веласцежкі там ёсць не ўсюды, таму даводзілася ездзіць побач з двухпавярховымі аўтобусамі, страшна было, але нічога. Таксама пабачыла, наколькі розныя бываюць людзі, іх мінулае і нацыянальнасці, бэкграўнд і погляды на жыццё, выхаванне. Нават банальна на бытавыя рэчы. Напрыклад, у Ірландыі я жыла з мексіканкай, карэянкай, і італьянкай. У Мексіцы – горача, калі яны заходзяць у дом, яны абутак не здымаюць, яны ходзяць на вуліцу ў тым жа, у чым ходзяць і па хаце. Мы ў Беларусі здымаем, і карэйцы здымаюць. Наконт гэтага была спрэчка, таму што адны прывыклі так, іншыя інакш.
Культурныя асаблівасці на твой погляд адлюстроўваюцца найперш у бытавых справах?
Так, у быце яны ў асноўным і выяўляюцца. Таму што ў іншым: філасофія жыцця, цікавасці – часцей за ўсё ўніверсальныя і аднолькавыя, а такія вось дробязі – гэта тое, што адрознівае. Напрыклад, гатаванне і прыферэнцыі ў ежы… Тут хто што любіць. Беларускую ежу я хіба дрэнна прадставіла (смяецца), трэба было адразу дранікі гатаваць, а я селядца купіла ў польскай краме. Мексіканка на гэта сказала, што гэта сырая рыба, і яе немагчыма есці. Потым мы рабілі аліўе на Новы год – для яе гэта была сумесь з незразумелай гародніны… Гэтак жа я рабіла потым баклажаны, дранікі. Дранікі спадабаліся, але яна іх ела не з традыцыйнай смятанай, а з чылі, таму што яна прывыкла ўсё з чылі есці. Чылі яна на ўсё сыпала – і на чыпсы з папрыкай, і на агуркі…
Што можаш распавесці наконт еўрапейскіх каштоўнасцяў? Звыкла гэта лібералізм, свабода выказвання сваёй думкі, павага да чалавечых правоў…
Так, усё гэтае ёсць. Таксама там цэніцца ірландская нацыянальная культура. У нас пойдзеш у бар – будзе граць замежная музыка, а ў іх – свая нацыянальная. Там паб на кожным куце. Піва “Гінес” – лепшае, таму што ірландскае. Яны вельмі патрыятычныя. Існуе стэрэатып наконт Ірландыі, што ірландцы любяць хадзіць па барах, і гэта адна з асноўных забаў. Гэта сапраўды так, піва яны шмат пʼюць, але з-за гучнай музыкі звычайна не паразмаўляеш. Акрамя піцця ў клубах шмат музыкі і танцаў. Я таксама далучалася да гэтай культуры, але толькі па выходных (смяецца).
Ці ўзнікала жаданне застацца і не прыязджаць у Беларусь? Якія плюсы і мінусы ты заўважыла?
Я не думала пра тое, каб застацца. Там ёсць свае мінусы – у Ірландыі напрыклад з-за складанай сітуацыі з-за імігрантаў на вуліцах шмат бяздомных, нашмат больш, чым у Беларусі. Таксама там вельмі брудна… Калі я апісваю Мінск, таксама звыкла кажу пра тое, што ў нас чыста. І вось у такія моманты ты і пачынаеш сумаваць… Натоўпы турыстаў, а ты думаеш «Божа мой, хачу на шырокія вуліцы Мінска!». З плюсаў – там, напрыклад, шмат вулічных музыкаў і шмат творчасці. У нас цяпер таксама гэта развіваецца, але тады гэтага не было. У Ірландыі класна, што можна спакойна схадзіць да мора. Захацела да мора – пайшла. Але складанасцяў паўсюль шмат. У іх, напрыклад, быццам бы зарплаты высокія, але як заплаціш усе падаткі – на адпачынак не хапае. Шмат хто скардзіцца на ўрад… Як і паўсюль (усміхаецца). Ды і ў любой краіне, куды б ні паехала – увогуле цікава, на вуліцу пойдзеш – і ўсё будзе новае: дамы, жыццё – усё іншае… Зараз я жадаю вярнуцца, але не на доўгі тэрмін, а прайсціся па вуліцах, узгадаць прыемныя моманты.
Што ты можаш параіць сённяшнім студэнтам і навучэнцам школ?
Не бойся і не саромейся. Выкарыстоўвай усе магчымасці, якія дае жыццё, удзельнічай у праграмах і набывай як мага болей досведу. Гэта незабыўны вопыт, які пройдзе з табой праз усё жыццё.