Знайсці сябе. Навошта ехаць на трэнінг у Брытанію?

  • 23.10.2015
  • Блог
  • Здымкі: з асабістага архіву Вікторыі Войтавай

7 дзён, а ўражанняў – на ўсё жыццё. Пра тое, чаму так важна шукаць і знаходзіць, як адсвяткаваць 19-годдзе ў Лондане і што можа змяніць тыдзень у Злучаным Каралеўстве, распавядае Вікторыя Войтава – студэнтка пятага курса факультэта міжнародных дачыненняў БДУ.

Сустрэча з Лонданам

***

Пасля першага курсу я вырашыла ўдзельнічаць у летнім валанцёрскім летніку ў Ружанах “Спадчына Сапегаў”. Менавіта тады я зразумела ўсю каштоўнасць удзелу ў мультыкультурных праграмах. Праз месяц я даведалася пра НДА “New Faces” і з тае пары пачала вандраваць, беручы ўдзел у міжнародных абменах і трэнінгах. Там жа я даведалася аб праграме Youth in action. Кажучы шчыра, «New Faces» сталі кропкай адліку новага этапу ў жыцці: яскравага, напоўненага плённай камунікацыяй і магчымасцямі для самаразвіцця.

Пра моладзевы абмен у Плімуце (Вялікабрытанія) «Don’t miss your chance: develop yourself» даведалася праз рассылку. Гэта здарылася падчас майго навучання на другім курсе. Мне захацелася адразу ж падаць заяўку, а там – як зоркі сыдуцца. Я заўсёды марыла патрапіць у Англію, тым больш тэма моладзевага абмену заўсёды цікавіла, бо была надзвычай актуальнай.

Плимут

Я вельмі здзівілася, калі даведалася, што стала абранай удзельніцай. Праўда, мяне яшчэ чакала шмат абавязкаў перад ад’ездам: падаць дакументы на візу, падрыхтаваць праграму нашай групы, набыць квіткі і г.д. На ўсю арганізацыйную частку сышло менш за месяц. Лічыцца, што атрымаць візу ў Вялікабрытанію даволі складана. Калі ж ты калі-небудзь стаў яе ўладальнікам, то з візамі ў іншыя краіны праблем не ўзнікне. Па шчырасці, збор дакументаў – вельмі крапатлівы працэс. Толькі анкета з адказамі на пытанні пра сябе адабрала некалькі гадзін.

Тэлефон

Нам жа наогул пашанцавала. Хоць абмен доўжыўся толькі тыдзень, нам шчодра далі візу на паўгады.

На мой погляд, каб з кандыдата ператварыцца ва ўдзельніка праграм такога кшталту, трэба сапраўды ўсведамляць, навошта табе гэта трэба, да чаго яно можа прывесці і што зменіць у тваім жыцці. У маім выпадку, напэўна, мела значэнне сяброўства з НДА, а таксама досвед удзелу ў такіх праектах (напрыклад, у Арменіі) за некалькі месяцаў да трэнінгу ў Брытаніі.

Мы – беларуская каманда – прыехалі ў Злучанае Каралеўства на некалькі дзён раней да старту праекту. Навошта? Думаю, усё відавочна. Мы хацелі ўбачыць Лондан. Не скажу, што гэта была любоў з першага позірку. Але за некалькі дзён нам усё ж давялося зацаніць хараство гэтай сталіцы. Мне нават пашчаслівілася сустрэць там сваё 19-годдзе.

SANYO DIGITAL CAMERA

“Сёння мне 19 гадоў, і я ў Лондане”.

Што датычыцца самаго праекту.

У моладзевым абмене бралі ўдзел 20 чалавек з розных краін. Асноўная тэма для абмеркавання – беспрацоўе сярод моладзі. Удзельнікі з розных куткоў свету распавядалі пра стан праблемы на іх радзіме. Акрамя гэтага, кожны быў адказны за пэўную частку праграмы. Мы ладзілі для ўсіх варкшоп па здароваму ладу жыцця, а таксама кірмаш усіх НДА, якія прыехалі ў Плімут.

Успамінаючы зараз час, прабаўлены на варкшопах, шматлікія энерджайзеры, тэмы, якія мы абмяркоўвалі, я разумею, што ўсё было прасякнута атмасферай крэатыву, адкрытасцю і гатоўнасцю дзяліцца сваімі ведамі. Галоўны прынцып – роўны вучыць роўнага. Мы жылі ў хостэле, які мясціўся ў памяшканні віктарыянскай эпохі, вечарамі хадзілі ў пабы, гулялі ўздоўж мора… Самыя смелыя рызыкнулі нават паплаваць, і гэта ў снежні!

На праекце я набыла шмат. Па-першае, веды пра аспекты агульнаеўрапейскай праблемы беспрацоўя сярод моладзі, інфармацыю пра эфектыўную самаарганізацыю. Па-другое, пазбавілася некаторых стэрэатыпаў у адносінах да брытанцаў. І наогул – камунікацыя ў мультыкультурным асяродку неацэнная!

Дадому я вярнулася крыху шчаслівейўай, чым была раней. Яшчэ доўгі час я не магла “адысці” ад атмасфернасці моладзевага праекту. Хацелася ствараць і развівацца далей. У той час я хацела столькі змяніць навокал, але яшчэ не ведала, якім чынам. Удзел у наступных праектах і вучоба ў Германіі дазволіла мне зразумець, што, перш чым мяняць штосьці навокал у бок лепшага, трэба самому стаць лепей. Таму зараз я канцэнтруюся на сваёй універскай вучобе і ў ECLAB. І я ведаю, што наперадзе яшчэ шмат цікавых праектаў, якія дапамогуць знайсці сябе.