“Зразумець, навошта ты тут”: валанцёры вараць добрае варэнне

  • 24.02.2016
  • Блог
  • Здымкі: facebook.com/golubovich.tanja

Валанцёрства – гэта тое, што спрабуеш аднойчы і пасля ўжо не можаш жыць без гэтага. Я ўдзельнічаю ў валанцёрскіх ініцыятывах і праектах з восьмага класа. Зараз я студэнтка трэцяга курсу, і маё жаданне змяняць свет і рабіць унёсак у грамадства ні кропелькі не згасла!

Паўтары гады таму я далучылася ў якасці валанцёра да міжнароднай студэнцкай арганізацыі AIESEC. За гэты час паспела папрацаваць з шасцю праектамі і дапамагчы з рэалізацыяй двух рэкрутментаў, прыняць трох валанцёраў з-за мяжы і зладзіць праект разам з арганізацыяй “Добрае варэнне для добрых людзей”.

m6mP6XskdiM

Пра што хацелася б распавесці больш падрабязна? Пэўна, пра апошняе. Гэта быў летнік для дзяцей з аўтызмам. Разам з замежнымі валанцёрамі мы працавалі ў ліпені 2015 года. Гэта быў вельмі карысны і багаты на эмоцыі досвед, які паказаў мне, што ў любой валанцёрскай працы адзін з самых важных момантаў – быць побач. У першую чаргу, быць побач эмацыйна. Падзяляць разуменне ідэяў, усведамляць, для каго і чаго ажыццяўляецца праект і навошта ты ў ім.

У гэты летнік мы ехалі як аніматары. Найперш, неабходна было зразумець, што гэта такія ж дзеці, як і ўсе астатнія, проста яны адчуваюць і ўспрымаюць свет крышку інакш. Вядома, мы прайшлі папярэднюю падрыхтоўку перад паездкай на праект.

11705424_474009142766192_6116818387841585412_o

Самае важнае і цяжкае, што нам трэба было зрабіць на праекце, – гэта знайсці эмацыйны кантакт з дзецьмі, бо вербальныя і невербальныя знакі часта не ўспрымаюцца ці ўспрымаюцца няправільна. Для замежнікаў, якія бралі ўдзел у праекце, адзіным шляхам да паразумення і камунікацыі былі якраз пачуцці.

Зараз, праз паўгады пасля праекту, я лічу, што гэта быў адзін з лепшых досведаў валанцёрскай дзейнасці ў маім жыцці. І перш за ўсё таму, што эмацыйная сувязь паміж намі ўсімі была сапраўдная і шчырая. Ад дзетак з такой асаблівасцю немагчыма схаваць стомленасць альбо страх, дакладна так сама, як немагчыма няшчыра радавацца іх поспехам у футболе альбо маляванні.

11717470_474776392689467_2761167883526425784_o

Зараз я па-ранейшаму працягваю сваё валанцёрства ў AIESEC. 5 лютага ў нас пачаўся новы праект у 25й і 64й гімназіях Мінска. Наш валанцёр праводзіць урокі культуры і традыцый іншых краінаў, а таксама дапамагае дзецям не толькі вучыць ангельскую мову, але размаўляць на ёй, не баючыся памылак ці кепскіх адзнак. Апроч гэтага, з камандай мы падрыхтавалі імпрэзу пра традыцыі святкавання Новага года ў Кітаі. Яна адбылася 8 лютага.

Паралельна я стажыруюся ў Лізе дабрачыннай працы моладзі. Напрыканцы сакавіка мы плануем зрабіць даволі буйное мерапрыемства ў фармаце сусветнай кавярні на тэму валанцёрства ў Беларусі. Мне падаецца, у нашай краіне існуюць пэўныя праблемы з прыняццем валанцёраў як людзей, чыя праца не мае цаны, але мае вялікае значэнне. Таму мы жадаем, каб усе ахвотныя змаглі прыйсці і зруйнаваць уласныя стэрэатыпы, якія кідаюць цені на валанцёраў. А заадно далучыцца да справы па ратаванні свету шляхам валанцёрства. Дзе і калі заўгодна:)